Ініцыяваў акцыю падчас зьезду Партыі БНФ Віктар Івашкевіч. Ён заклікаў выйсьці на Кастрычніцкую плошчу зь бел-чырвона-белымі і эўрапейскімі сьцягамі ўсіх прыхільнікаў свабоды, незалежнасьці і эўрапейскага выбару Беларусі. Гэтая ініцыятыва была падтрымана зьездам партыі.
Учора Віктара Івашкевіча арыштавалі на 15 сутак нібыта за нецэнзурную лаянку. Аднак, паводле намесьніка старшыні Партыі БНФ Юрася Губарэвіча, акцыя ў любым разе мае адбыцца:
“Па першае, інфармацыя пайшла ўжо дастаткова шырока і ёсьць пэўны сцэнар, які агучаны яшчэ Івашкевічам. Сабрацца пад нацыянальнымі і эўрапейскімі сьцягамі і выказаць эўрапейскі выбар Беларусі”.
Юрась Губарэвіч падкрэсьліў, што гэтая акцыя пройдзе напярэдадні візыту прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Менск:
“На маю думку, пратэставаць альбо выказваць сваю пазыцыю пасьля таго, як будуць падпісаныя нейкія пагадненьні, ня мае сэнсу. Гэта ўжо будзе іншы фармат”.
Паводле Юрася Губарэвіча, у нядзелю на менскі Галоўпаштамт прыйшло каля ста чалавек, каб накіраваць тэлеграмы Ўладзімеру Пуціну са словам “Прэч!”. Гэтую акцыю ініцыяваў намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч. Адносна сёньняшняй акцыі спадар Міхалевіч сказаў:
“Я лічу, ёсьць сэнс выходзіць. Ад прыезду Пуціна, тым больш такога паўсакрэтнага прыезду, ніколі ня ведаеш, чаго чакаць. І таму нам трэба абазначыць сваю пазыцыю, трэба паказаць, што грамадзянаў Беларусі хвалюе гэты прыезд. І яны выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю. Асабліва ў сьвятле таго, што ініцыятар гэтай акцыі, які гэтую акцыю абвяшчаў, ужо знаходзіцца на Акрэсьціна”.
А як да гэтай ініцыятывы ставяцца іншыя палітыкі? Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў:
“Калі ладзіць акцыі, то вельмі важна мець перакананасьць, што ў ёй возьме ўдзел даволі вялікая колькасьць людзей. Сьвежы прыклад – прадпрымальнікі. Правялі акцыю, нягледзячы на забароны, прыйшлі – і гэта заўважылі ўсе – і ўлада, і яе апанэнты. Калі замахвацца зноў жа на вялікую колькасьць людзей, а туды прыходзіць невялікая колькасьць, то гэта можа спрацаваць як бумэранг”.
Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч сказаў:
“Я думаю, што пагроза незалежнасьці сапраўды існуе. І трэба быць пільнымі і актыўнымі. І вельмі важна гаварыць аб гэтым і адстойваць. І таму я падтрымліваю гэтую акцыю. І мы мусім адстаяць сваю незалежнасьць, бо калі яе ня будзе, то і свабоды нам ня бачыць”.