Сёньня Палата прадстаўнікоў разгледзіць законапраект “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і ахове інфармацыі”.
На гэты дакумэнт зьвярнулі асаблівую ўвагу – шмат хто лічыць, што ён можа сур’ёзна абмежаваць правы спажыўцоў інфармацыі.
Анатоль Паўловіч – старшыня профільнай камісіі, якая рыхтуе праект закону для разгляду, у інтэрвію нашаму радыё прызнае, што дакумэнт прадугледжвае пэўныя абмежаваньні:
“Там прапісана даступнасьць інфармацыі, абмежаванасьць доступу да яе. Трэба ж у законе прапісаць, у якіх выпадках доступ абмежаваны”.
Спадар Паўловіч гаворыць, што законапраект знаходзіцца ў камісіі другі год:
“Адносна яго яшчэ летась паступіла шмат заўваг, больш за 200. І ад міжнародных арганізацыяў таксама. Таму мы, каб акуратна зь імі папрацаваць, вырашылі не сьпяшацца. І з нашай прапановы Міністэрства сувязі перанесла яго на разгляд у парлямэнце на 2007 год. Мы яго разглядалі з усіх пунктаў гледжаньня. Гэта не такі просты закон”.
Ствараецца сыстэма дзяржаўных органаў, якія будуць кантраляваць усю інфармацыйную дзейнасьць
Да абмеркаваньня дакумэнту ў камісіі сярод іншых экспэртаў запрасілі і доктара юрыдычных навук, кіраўніка Цэнтру прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіла Пастухова. У размове са мной Анатоль Паўловіч сказаў, што некаторыя заўвагі спадара Пастухова ўвайшлі ў апошні варыянт законапраекту.
Міхаіл Пастухоў гаворыць, што ў камісіі ўлічылі толькі дробныя, лякальныя праўкі. А праект, на думку спадара Пастухова, трэба перапрацоўваць прынцыпова:
“Ад імя БАЖу мы выказалі сваё нэгатыўнае стаўленьне да прыняцьця гэтага законапраекту. На васьмі старонках шчыльнага тэксту мы выклалі свае заўвагі і прапановы. На васьмі старонках!”
Кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ заклапочаны:
“Спатрэбілася кантраляваць усе патокі інфармацыі. Ствараецца сыстэма дзяржаўных органаў, якія будуць кантраляваць усю інфармацыйную дзейнасьць, пачынаючы ад яе пошуку і канчаючы яе распаўсюджваньнем і абаронай інфармацыйных рэсурсаў.
На чале гэтай піраміды будуць знаходзіцца прэзыдэнт, Савет Міністраў. Вялікія паўнамоцтвы атрымлівае Дзяржаўны цэнтар бясьпекі інфармацыі пры прэзыдэнту краіны, які зьяўляецца адным з ініцыятараў і распрацоўнікам гэтага закону. Гэта наагул незразумела які орган – нідзе не прапісаны і не абазначаны”.