За 11 месяцаў гэтага году ў Беларусі на вытворчасьці загінула 210 чалавек. Кожны трэці зь іх быў у стане алькагольнага ап’яненьня.
Цяжкія траўмы на вытворчасьці, якія прычыніліся да інваліднасьці і калецтваў, атрымалі 668 чалавек. Прычынамі траўмаў 608 работнікаў сталі парушэньні нарматыўных патрабаваньняў аховы працы.
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны паведамляе, што сёлета сытуацыя крыху палепшылася: загінула на вытворчасьці на 13,5% (альбо на 33 чалавекі) менш, чым за гэты ж пэрыяд летась. І тлумачыцца гэта ўзмацненьнем праверак – іх было больш за 22 тысячы, і было зарэгістравана 256 тысяч парушэньняў заканадаўства аб працы і ахове працы. І тым ня менш – 210 чалавек загінула. Калі адкінуць выходныя і сьвяты – па чалавеку ў працоўны дзень.
“Калі чалавек гіне на вытворчасьць, праводзіцца спэцыяльнае расьсьледаваньне, – гаворыць галоўны спэцыяліст Міністэрства працы Галіна Трафіменка. – А калі цяжкое траўмаваньне – таксама наш інспэктар выяжджае і праводзіць расьсьледаваньне: зь якіх прычынаў чалавек атрымаў калецтва альбо стаў інвалідам”.
Сёлета інспэктарамі Міністэрства працы праведзена 908 спэцыяльных расьсьледаваньняў няшчасных здарэньняў на вытворчасьці зь цяжкімі наступствамі. З-за парушэньняў патрабаваньняў аховы працы прыпынялася праца 38 цэхаў, 470 вытворчых участкаў, амаль 14 тысяч станкоў, машын, абсталяваньня, эксплюатацыя якіх станавіла пагрозу жыцьцю і здароўю працаўнікоў. Больш за 8 тысяч службовых асобаў аштрафавана, звольненыя 307, да крымінальнай адказнасьці прыцягнута 45 чалавек. Але, безумоўна, гэта не суцяшае людзей, што страцілі блізкіх ці сталі інвалідамі.
Некалькі сьмяротных выпадкаў і цяжкіх калецтваў было на так званай шкоднай вытворчасьці – “Беларуськаліі”. Намесьнік старшыні незалежнага прафсаюзу гарнякоў “Беларуськалію” ў пытаньнях права і аховы працы Аляксандар Каралёў сёньня выступіць з дакладам аб траўматызьме на вытворчасьці на справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі. Напярэдадні поўную статыстыку ці хаця б жахлівыя прыклады даць адмовіўся:
“Няма таямніц. Ёсьць і сьмяротныя выпадкі, і цяжкія выпадкі. У нас у разборы цяпер няшчасны выпадак цяжкі: чалавеку пашкодзіла вока. Мы дамагліся праз дзяржынспэкцыю працы расьсьледаваньня, і цяпер афармляем акт”.
Рост сьмяротных здарэньняў адбыўся на прадпрыемствах Мінпраму, Мінархітэктуры і будаўніцтва, Мінсувязі, канцэрну “Белнафтахім”. Траўматызм вырас на прадпрыемствах Мінлясгасу, зноў жа на будаўніцтве і нават – на 3 выпадкі – у навучальных установах.