У Менску адбылася прэзэнтацыя перакладу апавяданьня Васіля Быкава “Бедныя людзі” на іўрыт. Пераклад зрабіў амбасадар Ізраіля ў Беларусі Зэеў Бэн Ар’е. На літаратурнай вечарыне выступілі вядомыя беларускія пісьменьнікі і гучаў голас Васіля Быкава.
“Я вельмі хачу, каб мы сёньня пагаварылі пра Быкава, пра габрэйска-беларускія сувязі ў літаратуры, аб перакладзе. Каб пагаманілі вольна, ў сваё задавальненьне і ахвоту”, - гэтак адкрыў сёньняшнюю вечарыну амбасадар Ізраіля ў Беларусі Зэеў Бэн Ар’е, прэзэнтуючы свой пераклад апавяданьня Васіля Быкава “Бедныя людзі”.
Чаму менавіта Васіль Быкаў і чаму гэта апавяданьне сталі дэбютнымі ў справе, якую ён для сабе адкрыў – перакладзе на іўрыт беларускай літаратуры?
Спадар Бэн Ар’е патлумачыў: “Васіль Быкаў той пісьменьнік, ад чытаньня якога застаецца глыбокае і непазбыўнае ўражаньне”. А апавяданьне “Бедныя людзі” ён лічыць адным з лепшых твораў Быкава пра сучаснае жыцьцё.
Урыўкі з “Бедных людзей” Васіля Быкава зачыталі на вечарыне: па-беларуску Аляксандр Памідораў, на іўрыце – Міра Мільштэйн.
“Ня бойся госьця, які сядзіць, а бойся таго, што стаіць. Гэтая прыказка колькі разоў прыходзіла ў галаву гаспадара, пакуль ён стаяў у дзьвярэй кватэры, праводзячы спазьнелага госьця”.
Сюжэт апавяданьня просты: да прафэсара Сквараша, якому, за недарэчныя выказваньні пагражае выключэньне з Кампартыі, завітаў асьпірант. Каб супакоіць, прыбадзёрыць паважанага ім чалавека.
Слова за слова -- пачалася шчырая гутарка, зьмест якой быў бы вельмі цікавы для кампэтэнтных органаў. Але толькі асьпірант Красьнянскі сышоў, як прафэсар задумаўся: ці не варта яму першаму паведаміць ў КДБ пра гэтую размову, якая пачалася не іначай як з правакацыйных мэтаў? Паведаміў...
Пісьменьнік і ўлада, праўда і хлусьня, данос і сяброўства...Гэтыя тэмы ўдзельнікі вечарыны закраналі і ў сучасным кантэксьце – як падставу для размовы пра меты сёньняшняга жыцьця. Пісьменьнік Валянцін Тарас згадаў, як ў кампаніі з Васілём Быкавым яны шукалі месца, дзе б па-сяброўску павячэраць, але не маглі пазбавіцца ад кампаньёна, якога падазравалі ў стукацтва. Урэшце зайшлі ў рэстарацыю разам зь ім, а Васіль Быкаў потым вельмі па-чалавечы разьвітваўся з гэтым кампаньёнам.
Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Алесь Пашкевіч паведаміў прысутным, што сакратарыят саюзу будзе рэкамэндаваць перакладчыка Зэева Бэн Ар’е да ўступленьня ў саюз.
А спадар амбасадар падзяліўся такой статыстыкай: штогод ў Ізраілі выдаецца 8 тысяч кніг, з іх 73% на іўрыце. “У Беларусі выдаюць 11 тысяч кніг, але толькі 7% па-беларуску”, -- са шчырым шкадаваньнем зазначыў Зэеў Бэн Ар’е.