Скончыўся візыт прадстаўнічай беларускай дэлегацыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам у Вэнэсуэлу. Чаго больш у беларуска-венэсуэльскіх адносінах – палітычнага піяру альбо эканамічнай і энэргетычнай мэтазгоднасьці? Ці павінна Масква нервавацца з нагоды сяброўства Менску і Каракаса? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць у перадачы Экспэртыза Свабоды палітоляг Віталь Сіліцкі і рэдактар аналітычнага бюлютэню БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.
“Як па гэтай сэльве, па джунглях будуць гойсаць нашы “БелАЗы”
Класкоўскі: «З аднаго боку, вядома ж, казаць пра нейкі прарыў ранавата. Зь іншага, ёсьць такая завядзёнка, што калі афіцыйная прапаганда нешта ўзносіць да нябёсаў, то апазыцыйныя палітыкі абавязкова павінны паставіць на гэтым крыж, збэсьціць дарэшты. Я ня згодны з такім падыходам, бо сапраўды, і Менск і Каракас імкнуцца надаць нейкую шалёную дынаміку гэтым двухбаковым стасункам. Ёсьць нейкія рэальныя рэчы, хай сабе гэта толькі мэнзурка нафты, якую патрымаў у руках Аляксандар Лукашэнка, але за гэтым стаіць канкрэтнае сумеснае прадпрыемства, і нейкія прыгожыя пляны.
Іншая рэч, што гэтыя схемы супрацы ў сэнсе празрыстасьці выклікаюць пэўныя пытаньні. Нафта там цяжкая, відавочна, што іншыя сусьветныя кампаніі ня надта зацікавіліся -- можа, гэта адбылося паводле прынцыпу “на табе, Божа, што нам ня гожа”. Таму гэтая складаная схема – “з вялікай выгодай прададзім, а за гэтыя грошы накупім мора нафты ў Расеі” – таксама выклікаюць пытаньні. Гэтаксама як напалеонаўскія пляны экспансіі нашых лядоўняў, тэлевізараў праз акіян. Так у сьвеце ня робіцца – звычайна вытворчасьці будуюцца там, на месцы. Увогуле, не ўяўляю, як па гэтай сэльве, па джунглях будуць гойсаць нашы “БелАЗы”. Таму, калі падсумоўваць, то на сёньняшні дзень застаецца вялікае пытаньне, чаго больш – палітычнага піяру альбо эканамічнай выгады -- ў гэтых стасунках”.
“На такіх лідэрах, як Чавэс, можна нейкі час зарабляць грошы”
Сіліцкі: “Тут ёсьць пэўны інтарэс абодвух бакоў, і ён яўна не вычэрпваецца толькі эканамічнымі чыньнікамі. Уга Чавэс у прынцыпе, ня толькі харызматычны, але і вельмі ідэалягічны чалавек. У яго ідэя ідзе наперадзе ўсяго астатняга. І вось у яго ўзьнікла ідэя адвязацца ад аднапалярнага сьвету, перайсьці з заходніх на кітайскія і беларускія тэхналёгіі. Беларусь таксама знаходзіцца ў нейкіх пошуках альтэрнатывы расейскай энэргіі, хаця там размовы пра пампаваньне і датаўку вэнэсуэльскай нафты не ідзе.
І вось два чалавекі знайшлі адзін аднаго. На такіх лідэрах, як Чавэс, можна нейкі час зарабляць грошы, пакуль яны там сядзяць. З нейкага такога прагматычнага падыходу беларускія ўлады хіба што правільна і робяць. Пакуль можна – варта яму заганяць гэтыя трактары, тэлевізары, лядоўні. Чаму не?”
Цыганкоў: “То бок дзякуючы ідэйных палітыкам, Беларусь пэўны час “даіла” Расею, існавала схема “нафта ў абмен на пацалункі”. І зараз гэта схема будзе працаваць з Вэнэсуэлай?”
Сіліцкі: “Калі ёсьць магчымасьць чымсьці скарыстацца, чаму б не? Але тое, што аб’ём беларуска-вэнэсуэльскага гандлю ніколі нават блізка не падступіцца да аб’ёмаў нашага гандлю з Расеяй ці Эўразьвязам, гэта відавочна”.
Цыганкоў: “Сапраўды, яшчэ летась таваразварот складаў 6 мільёнаў даляраў –праўда, у канцы гэтага году ён пачаў расьці хуткімі тэмпамі. Як можа Расея адрэагаваць на «вось» Менск – Каракас? Расейская прэса, наколькі я адсачыў, рэагавала даволі нярвова альбо іранічна. Ці ёсьць у Расеі падставы быць незадаволенай пошукамі Беларусьсю альтэрнатыўных паставак?»
“Ніякай нярвовай рэакцыі з боку Масквы ня варта чакаць”
Класкоўскі: «Такі нярвовы сьмех сьведчыць найперша пра тое, што імпэрскі комплекс спрацоўвае. У гэтым сэнсе я лічу, што нават піяраўскі дрэйф у бок ад Расеі робіць пэўны эфэкт. Гэта ў пэўным сэнсе ўзмацняе пазыцыі афіцыйнага Менску на перамовах з Крамлём. Вось зараз напярэдадні візыту Пуціна расейскія мэдыі пішуць, што «мы не далі атрымаць крэдыт, напалохалі Чавэса», і гэтак далей.
У любым выпадку гэта стварае нейкую інтрыгу. І тое, што нядаўна прагучала з вуснаў Лукашэнкі, што мы зараз будуем стратэгію манэўраваньня паміж Расеяй і Захадам – гэта ўжо прагрэс. Адбываюцца няхай і пакутлівыя, але мэнтальныя зрухі што да геапалітычных арыенціраў афіцыйнага Менску. І гэта ўжо тэндэнцыя, скажам так».
Цыганкоў: «Можна заўважыць, што шчыльная дружба з Вэнэсуэлай ня выклікае нэгатыўнай рэакцыі ані ў Эўропе, ані ў ЗША. Пэўную нярвовасьць чуваць толькі ў Расеі...»
Сіліцкі: “Мы тут кажам пра расейскія СМІ ў першую чаргу, але, пагадзіцеся – якой толькі бздуры мы не чыталі там пра Беларусь за апошнія 15 гадоў? Таму нават камэнтаваць ня хочацца сур’ёзна.
Ня думаю, што будзе нейкая нярвовая рэакцыя з боку афіцыйнай Масквы, дзе цудоўна разумеюць, што насамрэч адбываецца і як. Ніякай сур’ёзнай альтэрнатывы беларуска-расейскім дачыненьням адносіны з Чавэсам не нясуць. Чавэс, дарэчы, таксама нядрэнны сябра спадара Пуціна.
Так што ніякай нярвовай рэакцыі з боку Масквы ня трэба чакаць, бо відавочна, што адносіны з Чавэсам – гэта зьмена геаграфічнага вэктару, а не геапалітычнага. Расея сама ўсё больш уліваецца ў гэты “незаходні” струмень, прынамсі на вэрбальным узроўні. Таму ня думаю, што да восі Менск-Каракас у Маскве будуць ставіцца сур’ёзна”