Першы віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Дзьмітрый Мядзьведзеў сёньня заявіў, што ў выпадку абраньня яго прэзыдэнтам, ён прапануе пасаду кіраўніка ўраду краіны Ўл.Пуціну.
"Выказваючы гатоўнасьць балятавацца на пасаду прэзыдэнта Расеі, зьвяртаюся да яго (Пуціна) з просьбаю даць прынцыповую згоду ўзначаліць урад Расеі пасьля абраньня новага прэзыдэнта нашай краіны» – сказаў Мядзьведзеў, які выступіў сёньня з заявай у наўпроставым эфіры.
Беларускі палітоляг Ігар Лялькоў лічыць, што пры такім дуэце на чале Расеі ціск на Беларусь будзе адбывацца перадусім у эканамічнай сфэры:
“Я не думаю, што гэта будзе азначаць падвышэньне ступені пагрозы палітычнай экспансіі Расеі, у сэнсе інкарпарацыі Беларусі ў Расею. Я думаю, што ідэя саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі будзе паціху канаць”.