Свой дзень нараджэньня Павал Севярынец сустракае на лесапункце

Радыё Свабода Сёньня ў Паўла Севярынца – дзеяча апазыцыі, які адбывае пакараньне абмежаваньнем волі, -- дзень народзінаў. Яму споўнілася 29 гадоў. Павал сустракае свой дзень нараджэньня на працоўным месцы, качаючы бярвеньні на лесапункце, што месьціцца на станцыі Алёшча Полацкага раёну.
Паўлу даводзіцца працаваць у другую зьмену: ад 16 гадзіны да поўначы. Аднак і ў такіх умовах ён знаходзіць час для творчай працы: піша новую кнігу. Апроч таго штодня адказвае на лісты сяброў і аднадумцаў, якія пішуць яму з усіх канцоў Беларусі. Паводле Паўла, у дзень прыходзіць па пяць, а то й болей лістоў.

(Севярынец:) “Працаваць на гэты Новы год буду тут, у Алёшчы. 30 сьнежня ў нас працоўны дзень, 31 сьнежня, напэўна, будзе выхадны. За гэты час прыяжджала шмат людзей: пад Новы год людзкая плынь павялічваецца. Прыходзіць таксама шмат лістоў зь віншаваньнямі, за што вельмі вялікі дзякуй людзям. Беларуская салідарнасьць – гэта сапраўды сур’ёзная рэч, якую, казаў той, можна памацаць. Вялікі дзякуй усім, хто мяне падтрымлівае!”

У дзень свайго нараджэньня Павал Севярынец зьвярнуўся з навагоднімі віншаваньнямі да слухачоў нашага Радыё.

(Севярынец:) “Віншую слухачоў Радыё Свабода з Новым 2006 годам. Спадзяюся, ён будзе для нас пераможным. Бо калі будзем мець веру, абавязкова пераможам!”

Дарэчы, учора адзін з полацкіх сяброў падараваў Паўлу Севярынцу свой стары радыёпрыймач. Так што цяпер Павел мае магчымасьць слухаць нашыя перадачы, і мы таксама віншуем яго з Новым годам.