2005 год увойдзе ў гісторыю як год плянамернага руйнаваньня архітэктурных помнікаў Менску

Ігар Карней, Менск 2005 год адзначыўся ў Беларусі ня толькі глябальнымі новабудоўлямі, але і такімі ж маштабнымі разбурэньнямі помнікаў архітэктуры ў гістарычным Верхнім горадзе беларускай сталіцы. Ці маюць шанец нашчадкі менчукоў убачыць рэальныя мураваныя сьведчаньні гісторыі беларускай сталіцы?
Адмыслоўцы адзначаюць: глябальныя новабудоўлі сталіцы паўстаюць на тле разбурэньня рэальных гістарычных помнікаў. Сёлета цалкам зруйнаваныя гістарычныя будынкі на вуліцы Калектарнай, некалькі будынкаў драўлянага дойлідзтва зьнесеныя ў Паўночным завулку. Ня гледзячы на пратэсты грамадзкасьці, разбураны апошні дом, які захаваўся на схіле ад Верхняга да Ніжняга рынкаў дасавецкага Менску на Гандлёвай вуліцы. У гэтым зьвязку адзін з аўтарытэтных беларускіх архітэктараў Вальмэн Аладаў вымушана канстатуе: праект нібыта “аднаўленьня” гістарычнага цэнтру, даручаны да рэалізацыі камандзе пад кіраўніцтвам Дзьмітрыя Бубноўскага, насамрэч больш падобны на мэтанакіраванае вынішчэньне апошніх сьведчаньняў беларускай гісторыі.

(Аладаў: ) “Разумееце, сам нават ня ведаю, як змагацца з гэтым праектам. Бо спадзявацца на тое, што зламаюць ужо набудаванае, наўрад ці можна. Калі толькі яшчэ больш пабудуюць новага. Натуральна, вельмі цяжка карэктаваць тое, што ўжо зроблена. Вось, прыкладам, побач з Духанаўскім комплексам “гоняць” яшчэ адну высотку. Праўда, пасьля нашых абмеркаваньняў зноў быццам вярнуліся да таго, каб, можа, хоць вышыню яе абрэзалі. Хаця гэта таксама пад пытаньнем. Прынамсі, з гэтай нагоды мы выказаліся вельмі катэгарычна”.

Былы чыноўнік Менгарвыканкаму Ўладзімер Папруга, які курыраваў захаваньне гісторыка-культурнай спадчыны ў горадзе, кажа: у Менску плянава руйнуюцца бясцэнныя гістарычныя рэліквіі. Адказнасьць за гэта спадар Папруга ўскладае на вышэйшае кіраўніцтва краіны, з маўклівай згоды якога ўсё і адбываецца.

(Папруга: ) “Улады ўвогуле маглі б бонусы набіраць на гэтым полі; нейкія працэсы проста аўтаматычна стымуляваліся б. Любая краіна, любы палітычны рэжым будуе самаідэнтыфікацыю на гістарызьме. Таму што гэта дае яму глыбіню, аб’ём і аўтарытэт. Аднак у Беларусі створаныя такія ўмовы, што гісторыка-культурная спадчына руйнуецца. А любыя працэсы, зьвязаныя з аховай спадчыны, на сёньняшні дзень без узьняцьця пытаньня – што такое Беларусь і на чым яна будуецца – немагчымыя. Гэтыя помнікі – як закладнікі працэсу. І ў нас любая дзейнасьць па ахове гісторыка-культурнай спадчыны без асэнсаваньня гэтага моманту зводзіцца да таго, што мы з большым ці меншым посьпехам тармозім працэсы заплянаванага зносу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў”.

На пачатку году лёс Верхняга гораду браўся вырашаць асабіста Аляксандар Лукашэнка. Нават дзяржаўная прэса цытавала кіраўніка краіны: маўляў, усялякае ўмяшаньне ў архітэктурныя нормы павінна быць пад кантролем адказных чыноўнікаў. Але, насамрэч, здаецца, што нічога канкрэтнага не адбываецца: той жа прыклад зь нядаўнім зносам дому на Гандлёвай вуліцы. Мы шмат распавядалі пра адкрыты ліст гісторыкаў, архітэктараў, мастацтвазнаўцаў да Аляксандра Лукашэнкі, у якім яны папярэджвалі: мэтанакіраванае руйнаваньне гістарычнай спадчыны дыскрэдытуе, перадусім, саму ўладу. Ня кажучы, натуральна, пра злачынную сутнасьць падобных захадаў. Паводле аднаго з падпісантаў, пачутага ўжо Вальмэна Аладава, ад пачатку Лукашэнка, нібыта, наклаў жорсткую рэзалюцыю на ліст – маўляў, неабходна разабрацца. Пры адміністрацыі прэзыдэнта была нават утвораная камісія, якая мусіла выслухаць аргумэнты ўсіх бакоў – якім чынам у працэсе засваеньня Верхняга гораду захаваць гістарычную спадчыну. Аднак Цягам апошняга паўгоду ў Менску зруйнаваны цэлы шэраг помнікаў архітэктуры, што сьведчыць пра марнасьць высілкаў аўтарытэтных дзеячаў у гэтай сфэры.

Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі кажа: падобныя захады ніяк не ўзгадняюцца з зацікаўленымі ведамствамі і асобнымі спэцыялістамі.

(Харэўскі: ) “Сёлета і летась зносіцца ўся забудова ўздоўж Сьвіслачы. Але, відаць, варта было б некаторыя з гэтых дамоў пашпартызаваць, атрыбутаваць. Многія з дамоў існуюць нават ня сотню, а дзьвесьце гадоў. Некаторыя зь іх сапраўды зьяўляюцца помнікамі драўлянай архітэктуры. Значыць, ім месца альбо ў адмысловым музэі драўлянага дойлідзтва ў Строчыцах, альбо – як самае лепшае выйсьце – трэба весьці гаворку пра стварэньне лякальных, запаведных зонаў на базе канкрэтнага прыватнага сэктару. Там маглі б канцэнтравацца найбольш каштоўныя помнікі, якія вартыя выкарыстаньня ў новым прызначэньні”.

Сёлета споўнілася 260 гадоў ад дня падпісаньня ў красавіку 1745 году аўстрыйскай імпэрыятрыцай Марыяй Тэрэзіяй першага закону аб ахове архітэктурнай спадчыны ў сьвеце. Старая традыцыя абароны помнікаў дае эўрапейскім краінам вялікі плён. А ў Беларусі цяжка прывесьці прыклады крымінальнай адказнасьці за разбурэньне гістарычных помнікаў. Пракуратура такіх справаў не заводзіць, ня гледзячы на закон аб ахове гістарычнай спадчыны.