Ала Сакалоўская, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя нататкі перадкаляднага тыдня прадстаўляе Ала Сакалоўская — філёляг, дацэнт Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту, укладальніца кнігі Рыгора Барадуліна “Ксты”, актывістка грамадзкага руху для вылучэньня гэтай кнігі на Нобэлеўскую прэмію.
18 сьнежня, нядзеля
Яшчэ толькі пятая гадзіна раніцы, а ўжо трэба ўставаць. Сёньня ў Віцебску прэзэнтацыя кнігі Рыгора Барадуліна “Ксты”, якую мне пашчасьціла ўкласьці. Ад Чырвонага касьцёлу ад’яжджае аўтобус з хорам “Голас душы”, едзе пробашч Уладыслаў, Рыгор і я. Дарога няблізкая. У Віцебску ў касьцёле сьвятой Барбары ў казані падчас набажэнства наш ксёндз прэзэнтуе тым, хто прыйшоў на імшу, кнігу. Гучаць вершы. Усё ўрачыста.
Але мне чамусьці ўвесь час прыгадваецца першая прэзэнтацыя ў чэрвені ў Чырвоным касцёле, той дух, узьнёсласьць, якімі былі напоўнены словы нашых паэтаў, мастакоў, навукоўцаў, і Рыгор Барадулін — на троне, у алтары. А ўвосень — сустрэча людзей з высокімі, боскімі вершамі кнігі ў беларускім Вэрсалі — Мосары, касьцёле ў Лучаі, які пабудавалі Агінскія, маленькай каплічцы ў Казлоўшчыне, велічным касьцёле ў Паставах. Усюды сотні людзей. Іх адухоўленыя твары. Некаторыя на памяць чыталі вершы паэта, якія вучылі ў школе, і чэргі, чэргі, на некалькі гадзінаў, каб атрымаць аўтограф. У тыя два дні на Пастаўшчыне я ўбачыла, як людзі прагнуць высокага, чыстага, сьветлага.
Кніга “Ксты” сапраўды ўнікальная, як унікальны і сам паэт. Ён піша як дыхае. Віртуознае валоданьне словам, мудрасьць, духоўнасьць шчасьліва, па волі Боскай, спалучаюцца ў яго паэзіі. З нагоды вылучэньня гэтай кнігі на Нобэлеўскую прэмію ксяндзом Уладыславам Завальнюком мне даводзіцца шмат езьдзіць, сустракацца з рознымі людзьмі.У наш прагматычны час ня многія чытаюць паэзію. А тут я пераконваюся, і ня раз, што гэтую кнігу чытаюць ад пачатку да канца нават тыя, якія ня тое што вершаў, але і проста кніг не чытаюць. Яна ім бліжэйшая за вывераныя біблейскія старонкі, бо напісана роднай мовай, бо вобразы паэта — ад роднай зямелькі, ад мамы. І прыходзячы з працы, перад абразом людзі чытаюць вершы-малітвы, вершы-споведзі, вершы-пакаяньні. Для іх “Ксты” — малітоўнік.
Заехалі ў Глыбокае. Я пераступіла парог прыгажуна белага касьцёлу, дзе ў 1895 годзе бралі шлюб мае бабуля і дзядуля. Тое, што я адчула ў сваёй душы, перадаць словамі немагчыма. Гэта была сустрэча зь вечнасьцю.
19 сьнежня, панядзелак
Прачынаюся ў клопат, ва ўсё той жа клопат з кнігай “Ксты”. Рыхтуем чацьвертае, дапоўненае выданьне. Здаецца, дробязі, а займаюць амаль увесь дзень. Праца, праца, праца. Нічога цікавага. А, можа, праца — гэта і ёсьць самае цікавае?
20 сьнежня, аўторак
Сёньня ў нас сустрэча ў Чырвоным касьцёле. “Паэтычны дэсант” (Рыгор Барадулін, Сяргей Законьнікаў, Генадзь Бураўкін) вярнуўся з Кіева. Іх запрасіў Саюз пісьменьнікаў Украіны, усё з той жа нагоды — выхаду кнігі “Ксты”.
Цікава было слухаць, як сустракала Ўкраіна. А сустрэчаў было шмат — і зь пісьменьнікамі, і са студэнтамі ў Нацыянальным унівэрсытэце і ўнівэрсытэце культуры і мастацтва. Моладзь сустракала Рыгора авацыяй. Маладыя ўкраінцы добра ведаюць яго паэзію. А паўгадзінны прамы эфір украінскага радыё выклікаў дзясяткі пытаньняў з розных куткоў краіны. Адбылася і вялікая прэс-канфэрэнцыя. Украінскія пісьменьнікі нават пазайздросьцілі нам, сказалі: “А мы вось не дадумаліся вылучыць свайго пісьменьніка на Нобэля. Вы, беларусы, нас апярэдзілі”.
Самы галоўны вынік гэтай паездкі — афіцыйная падтрымка Саюзам пісьменьнікаў Украіны вылучэньня Рыгора Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію.
21 сьнежня, серада
Сёньня, як і ўчора, і заўтра, заняткі са студэнтамі ў Лінгвістычным унівэрсытэце. Гадзіны на беларускую мову ўсё менеюць, а аб’ём матэрыялу той самы. Вось і разьбіраемся з самастойнай працай. Патрабую, але не самасьцьвярджаюся на студэнтах. Зацікавіла іх складаньнем слоўніка мовы Барадуліна. У гурток запісалася болей за трыццаць чалавек.
А яшчэ сёньня атрымала ад нашай выкладчыцы ангельскай мовы “Ніву” — тыднёвік беларусаў у Польшчы. Ізноў мушу пісаць пра Рыгора, бо на першай старонцы “Нівы” артыкул Міры Лукшы пра сустрэчу з паэтам у Беластоцкім унівэрсытэце. У Беластоку, Бельску, Гайнаўцы, дзе мы былі, прыгожая беларуская мова, выкшталцоныя беларускія дзяўчаты. І цікавасьць, цікавасьць да паэта, да яго паэзіі.
23 сьнежня, пятніца
Сёньня імяніны мамы. Яна ў мяне была і ёсьць — Вікторыя! На Зьезьдзе беларусаў сьвету сустрэла Аляксея Каўку. Мая мама вучыла яго ў Менскім бібліятэчным тэхнікуме, была клясным кіраўніком. “Да гэтага часу не забыў яе прыгожы, непаўторны голас. Так гаварыла толькі Вікторыя Казіміраўна”, — сказаў ён.
Ужо 23 гады няма мамы. Мала пажыла. Як добра, калі ў сям’і ёсьць старэйшыя за цябе, надзейней сябе пачуваеш. Але жыцьцё ёсьць жыцьцё, час ідзе, і ты становісься для некага старэйшым.
Гэта цяпер адзначаюць дзень нараджэньня. А раней толькі дзень твайго Анёла-апекуна. Думаю, гэта правільна. Ня трэба лічыць гады. Трэба берагчы час.
24 сьнежня, субота
Дастаю з шафы елачныя шарыкі, дакладней, шары. Ім ужо 65 гадоў. Кожны год у гэты дзень, калі ўпрыгожваю ялінку, я дакранаюся, матэрыяльна, да гісторыі, да свайго дзяцінства. Цяжкія гады вайны, але ўсё роўна бацька прыносіць духмяную елку, вялікую, да столі, уся хата пахне хвояй, марозам. Увесь дзень па сутнасьці зь нічога бабця рыхтуе калядную вячэру — куцьцю. Труць мак, амаль бяз цукру. Я трымаю посуд так, каб палец дакранаўся да гэтай смакаты. Бо ламанцы будзем есьці ўвечары. Дзядунька прыносіць сьвежае сена, кладзе на стол, яго засьцілаюць сьвяточным абрусам і ставяць усё, што было ў хаце ў тыя страшныя дні бядоты і бядноты. Бабця кажа, што на стале павінна быць абавязкова дванаццаць страваў. Таму лічым усе, нават соль.
Чакаем першую зорку. Сядаем за стол. Пакой асьветлены газоўкай, агнём ад чыгунка, які аж гудзеў (для печы не было дроваў, таму дзядунька — майстар на ўсе рукі — зрабіў чыгунок, які лёгка было напаліць так, што ён аж рабіўся чырвоным). І сьвятло газоўкі і чыгунка адбівалася ў прыгожых елачных цацках, якія пагойдваліся на ялінцы. Пасьля малітвы, нарэшце, можна было вячэраць. Усё было такое смачнае — і бульба ў мундзірах, і бурачкі з кропелькамі алею, і кісель зь ягад, якія вырасьлі ў нашым садзе, і капуста, і куцьця, а галоўнае — ламанцы. А потым цягнулі сьцяблінкі сена — вызначалі, хто даўжэй пражыве.
Стол не прыбіралі, пакідалі на ноч, для дзядоў. Выходзілі ў сад, такі засьнежаны, з такімі гурбамі сьнегу. На небе зьзялі зоры, а на зямлі — сьнежныя зоркі. Тады, у далёкія саракавыя, калядная ноч для мяне, дзіцяці, была казкай, чароўнай дзіцячай казкай. А цяпер я разумею, што гэта было шчасьцем. Так, шчасьце можа быць, і ў вайну. Гэта было шчасьце, бо і тата, і мама, і бабця, і дзядунька былі жывыя, а ты была адзінай, любімай дачкой і ўнучкай. Быў цёплы, утульны дом, цудоўны сад, які нас карміў, і ярка, таямніча сьвяціла калядная зорка.
Назаўтра ішлі ў касьцёл, наш любімы Чырвоны касьцёл, на сьвяточнае набажэнства. А потым там ставілі батлейку, на беларускай мове. Мы, дзеці, сядзелі сьпераду на падлозе, і мне было вельмі сьмешна, як чорт сядзеў за тронам Гэрада і круціў хвастом.
І сёньня, у гэты вечар, у многіх хатах, кватэрах людзі сядуць за сьвяточны стол, у каго багаты, у каго ня надта, на елках будуць гарэць рознакаляровыя гірлянды. І ўсе будуць чакаць першую, Бэтлеемскую зорку — зорку надзеі, зорку шчасьця. Буду чакаць і я, як у тыя далёкія ваенныя гады.