Апазыцыянэр абвінавачаны ў незаконным абароце наркотыкаў

RFL/RL Мінулую ноч малады актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада з Гомелю Павел Маджара правёў у Цэнтральным пастарунку гораду
У пятніцу ўвечары ён быў жорстка затрыманы міліцыянтамі на Новапалескай вуліцы, калі выходзіў з дому свайго сябра. Актывіста ўлажылі на асфальт тварам уніз, правяралі кішэні. У пастарунку нечакана знайшлі ў куртцы каля паўтара грамаў марыхуаны ў папяровым пакеціку.

Напачатку шостай гадзіны раніцы сьледчы Цэнтральнага РАУСу Каваленка ўручыў Паўлу Маджару пастанову пра ўзбуджэньне супраць яго крымінальнай справы паводле артыкулу 328, часткі 1 – незаконны абарот наркатычных рэчываў.

Уранку на кватэры бацькоў Паўла Маджары міліцыянты правялі ператрус. Ніякіх наркатычных рэчываў яны не знайшлі, затое сканфіскавалі некалькі палітычных брашураў, бел-чырвона-белы сьцяг ды “зуброўскую” сымболіку. Раней Паўла Маджару міліцыянты затрымлівалі за распаўсюд бюлетэняў “16” пра акцыю салідарнасьці “Запалі сьвечку”.

У ліпені Паўла Маджару адлічылі з трэцяга курсу філялягічнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны. Афіцыйна - за акадэмічную запазычанасьць. Сам Павел лічыць, што галоўная прычына адлічэньня - ягоная палітычная дзейнасьць.