21 сьнежня 1913 году выйшаў у сьвет зборнік паэзіі Максіма Багдановіча “Вянок”

RFE/RL Каляндар Свабоды
21 сьнежня 1237 году пасьля пяцідзённага штурму татары захапілі першую расейскую крэпасьць -- Разань. З гэтага эпізоду пачынаецца адна з найважнейшых старонак у расейскай гісторыі. Сьледам за штурмам Разані татары захапілі Маскву, Уладзімер ды іншыя расейскія гарады. Так пачалася эпоха, якую расейскія гісторыкі называюць залатаардынскім ігам.

21 сьнежня 1913 году выйшаў у сьвет першы і адзіны зборнік паэзіі Максіма Багдановіча “Вянок”. Зборнік быў надрукаваны ў Вільні накладам дзьве тысячы асобнікаў і стаў самай папулярнай і любімай беларускай паэтычнай кнігай на ўсе часы. Паміраючы, Максім Багдановіч пісаў:

Ў краіне сьветлай, дзе я ўміраю, У белым доме ля сіняй бухты Я не самотны, я кнігу маю З друкарні пана Марціна Кухты.

Сярод славутых людзей, што прыйшлі на сьвет 21 сьнежня ў розныя гады, згадаем сёньня францускага драматурга Жан-Батыста Расіна, шатляндзкага батаніка Робэрта Броўна, імем якога названы броўнаўскі рух, і савецкага тырана Іосіфа Сталіна.

21 сьнежня 1796 году нарадзіўся Тамаш Зан, культурны герой беларускай мінуўшчыны. Ён прыйшоў на сьвет у вёсцы МясатА пад Маладэчнам, скончыў Менскую гімназію і Віленскі ўнівэрсытэт. Гэта ён быў адным з заснавальнікаў таварыстваў філаматаў і філарэтаў, сябраваў з Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам, пісаў рамантычныя вершы, а пасьля за антырасейскую дзейнасьць быў сасланы ў Арэнбург амаль на дваццаць гадоў. Праўда, пашчасьціла яму адтуль вярнуцца і ўжо да канца дзён жыць на радзіме, у Мясаце пад Маладэчнам.

Беларускі кампазытар Мікалай Аладаў таксама нардзіўся 21 сьнежня -- у 1890 годзе. У дваццатыя гады мінулага стагодзьдзя Аладаў быў адным з пачынальнікаў беларускай вышэйшай музычнай школы і стварыў першыя ўзоры розных жанраў беларускае прафэсійнае музыкі.