Чарэя: вёска Сапегаў і разбураных курганоў (фота)

Ягор Маёрчык, Чарэя, Чашніцкі раён, Віцебшчына (эфір 19 сьнежня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.
На месцы, дзе некалі былі княскія пакоі Багдана Сапегі, цяпер стойла для каня. Яшчэ на пачатку мінулага стагодзьдзя замак магната стаяў на самым высокім пагорку Чарэі. Цяпер тут сыходзяцца палеткі некалькіх сядзібаў, побач пажарная сажалка, міні-сьметнік і ўжо згаданае стойла.



Жыхар бліжэйшай сядзібы Віктар Прапаршчык і ягоны бацька некалькі дзесяцігодзьдзяў разгадвалі загадку: чаму ў іхным гародзе на кожным мэтры можна наткнуцца на старажытную цэглу і абчэсаныя камяні. Віктар робіць экскурсію па сваёй сядзібе. Зь непрыхаваных гонарам ён падкрэсьлівае, што падмуркі склепа і хлява бацька зрабіў з рэшткаў замку.



(Прапаршчык: ) “Тут павінна было быць усё роўна. Бацька мне распавядаў, што калі будавалі дом, немагчыма было тут нічога разраўняць. Я ня ведаю, што тут было. Усё было зроблена з цэглы, паўсюль былі такія нішы. У нас увесь агарод на цэгле”.

(Карэспандэнт: ) “А тут нешта знаходзілі?”

(Прапаршчык: ) “Знаходзілі парцэляну, каляровае шкло, кафлю ад печкі”.

(Карэспандэнт: ) “А куды ўсё гэта падзелася?”

(Прапаршчык: ) “Мы тады былі яшчэ маленькія. Усё павыкідалі, і нічога не захавалася”.

Па вуліцы Замкавай я спускаюся з пагорку. За маім рухамі пільна сочыць сівая старая гадоў васьмідзесяці. Я падыходжу да плота. Пасьля кароткіх тлумачэньняў заходжу на двор. Бабульцы я задаю дзяжурнае пытаньне: “Як жыцьцё ў Чарэі?”



(Сьвятлана: ) “Худобы ў мяне няма. Куры былі, і тых пакралі. Пасьля гэтага я нічога і не заводжу. Тут такая праблема — калі склеп не зачыніў, рыдлёўку пакінеш — няма, вілы — няма. Дзе дрэнна ляжыць, яны прыбіраюць, каб добра ляжала”.

(Карэспандэнт: ) “А лавіць гэтых злодзеяў спрабавалі?”

(Сьвятлана: ) “Участковы спрабаваў і нават лавіў іх. Але якое там для іх пакараньне? Гэта калі ў саўгасе скрасьці мех збожжа, пасадзяць, а тут — кажуць, што гэта малыя грошы каштуе”.

(Карэспандэнт: ) “А самі людзі лавіць злодзеяў не спрабавалі?”

(Сьвятлана: ) “У мяне пакралі рондалі. Я ведаю, хто гэта зрабіў. Я пайшла і запатрабавала, каб аддалі маё. Яны мяне аблаялі і надавалі кухталёў. Мне сьпераду і ззаду далі па нырках. А каму я тут паскарджуся? Калі пабілі — цярпі, баба”.

(Карэспандэнт: ) “Што ў вас за праблема?”

(Сьвятлана: ) “Тут у мяне перакапалі агарод, і ніхто нічога ня робіць. Вунь вадакачка, па маім агародзе ідуць трубы. Штогод мяне празь іх і залівае ”.

(Карэспандэнт: ) “А вы ў сельсавет зьвярталіся?”

(Сьвятлана: ) “Зьвярталіся. Яны прыяжджалі і глядзелі. Сказалі, што калі бульбу выберу, будуць наноў класьці новую трасу”.

(Карэспандэнт: ) “Правялі?”

(Сьвятлана: ) “Не. Абяцалі, але гэта абяцаюць ня першы год, гадоў пятнаццаць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна даведацца, як вас завуць?”

(Сьвятлана: ) “А тады што, у турму мяне пасадзіце?”

(Карэспандэнт: ) “За што?”

(Сьвятлана: ) “За гэтыя мае прамовы. Я вам выдала ўсе сакрэты”.

(Карэспандэнт: ) “Хоць імя!”

(Сьвятлана: ) “А, можа, вы які шпіён?”

(Карэспандэнт: ) “Падобны?”

(Сьвятлана: ) “Не, не падобны”.

Пасьля доўгіх угаворваньняў старая прадставілася — Сьвятлана Цімафееўна.

Што там баба Сьвета з пакрадзенымі рондалямі, вось у Антаніны Лабігер ажно два горы. Першае — бярвёны зрубу спарахнелі, другая — падмурак адышоў ад хаты. Праз шчыліны ў пакоях гуляе вецер. А састарэлая гаспадыня хутаецца ў зашмальцаваныя апранахі і ўдзень, і ўначы.



(Лабігер: ) “Хату мне меліся адрамантаваць пяць год таму. Як толькі я заўважыла, што пагніла, я пачала варушыцца. І на маё варушэньне ніхто не адгукнуўся. А ўсяго толькі трэба ўставіць два бярвёны і заліць падмурак. Але не ў маіх сілах усё набыць”.

(Карэспандэнт: ) “Вам выпісалі гэтыя бярвёны?”

(Лабігер: ) “Так. Я нават за іх заплаціла 19 тысяч. Мне іх сюды прывезьлі, а яны зьніклі”.

(Карэспандэнт: ) “Як зьніклі?”

(Лабігер: ) “Яны ляжалі на вуліцы. А што, я іх вартаваць буду?”

(Карэспандэнт: ) “Нешта ў вёсцы скраў два бярвёны?”

(Лабігер: ) “А што вы думалі?! У вёсцы дровы крадуць з-пад вокнаў. А бярвёны — гэта як няма чаго рабіць”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі яшчэ будзе доўжыцца сытуацыя з вашай хатай?”

(Лабігер: ) “Я прасіла ў заяве, каб да ацяпляльнага сэзону мне дапамаглі. Дапамогі так і няма. Я буду пісаць Лукашэнку. Можа, ён са свайго міністэрства выпіша цесьляроў і два бярвёны на сем мэтраў”.

(Карэспандэнт: ) “Зіма прыйшла — як жывецца ў хаце?”

(Лабігер: ) “У хаце крэпка халадно. Кветкі мерзнуць, закаткі нават памерзьлі. Гэта было летась. А сёлета я думаю перанесьці ўсё да грубкі”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта ўплывае на вашае здароўе?”

(Лабігер: ) “Натуральна, што ўплывае. Я ад болю ў галаве пакутую. У мяне ціск, як у нованароджанага — 40 на 60. Пайду ў шпіталь, а мне там кажуць: “Міхайлаўна, як вы жывяце?” Так я і жыву! А ў нас тут адна жанчына ўжо памерла. Яна зьмерзла ў хаце. І мне такое будзе”.

(Карэспандэнт: ) “Як людзі да ўладаў ставяцца, да Лукашэнкі?”

(Лабігер: ) “Добра. Яны дзякуюць яму, што пэнсію прыносяць у час. А вы чулі, калі Пазьняк прасіўся на прэзыдэнта, ён казаў, што ніякай пэнсіі ня будзе? Маўляў, хай дзеці старых даглядаюць. Я такое дакладна чула!”

(Карэспандэнт: ) “Наступныя выбары — за каго людзі будуць галасаваць?”

(Лабігер: ) “За каго скажуць, за таго і будуць. Гэта ня ў нашых руках”.

А цяпер аповед пра тое, як іншыя жыхары Чарэі адстойваюць свае інтарэсы. На адной з вуліцаў стаяць казематы. Два двухпавярховыя дамы “казематамі” называюць самі жыхары.



Абшарпаныя пад’езды, разьбітыя шыбы, шмат дзе замест шкла стаяць фанэрыны ці кардонкі. Я трапляю ў кватэру пэнсіянэркі, у нядаўнім мінулым санітаркі бабы Маі. Унутраная чысьціня і прыгажосьць — кантраст з вонкавай занядбанасьцю.

(Карэспандэнт: ) “Які ў вас тут рамонт...”

(Мая: ) “Цяпер толькі пaчынаю жыць, а дагэтуль — існавала. Мы з мужам жылі, але ён піў гарэлку, і я яго кінула. Ён жыве ў суседнім пад’езьдзе. Хоць мы зь ім і разышліся, але мне яго шкада. Ён у мяне спакойны, але любіць выпіць.

Мы зь ім разам працягваем жыць: ямо, п’ём, сена нарыхтоўваем. Цяпер той пад’езд зусім разбурыўся, бо за трыццаць гадоў яго ніводнага разу не рамантавалі. Мы вырашылі зноў жыць разам. Прыяжджала сюды намесьніца дырэктара, і я ёй сказала: “Ён згніў на фэрме. Калі вы нам не дасьцё жытла, ён звольніцца і ніводнага дня ня будзе працаваць!” Яны там думалі-думалі, а пасьля яна мне тэлефануе і кажа, што вырашылі нам аддаць гэтую кватэру”.



З архітэктурных адметнасьцяў у Чарэі захавалася ўніяцкая царква пачатку 17 стагодзьдзя, закладзеная яшчэ Багданам Сапегам. Цяпер гэта праваслаўная бажніца Міхала Архангела. Будынак у рыштаваньнях. Рэстаўрацыя пачалася, але ніяк ня можа скончыцца. За два дзясяткі мэтраў ад царквы малітоўны дом Хрысьціянаў веры Эвангельскай. На браме — цытата зь Бібліі, напісаная па-беларуску. Тут нікога няма.



Я заходжу ў суседнюю хату да пэнсіянэркі Яўгеніі Шавенькі.

(Шавенька: ) “У праваслаўную царкву ходзіць шмат. Асабліва ў сьвяты там шмат бывае. А ў пяцідзясятніцкую — ніхто.

Раней яны сюды часта прыяжджалі. Бедным дзецям, у каго бацькі выпівохі, прывозілі сьняданкі. А пасьля санстанцыя забараніла, бо невядома зь якіх харчоў рабіліся тыя сьняданкі. Пасьля таго дзеці хадзіць перасталі. Толькі адзін хлопчык ходзіць нібыта як у нядзельную школу”.



Браму малітоўнага дому расьпісаў жыхар Новалукомлю, інвалід, адмысловец у рамонце мэблі Пятро Баравік. У Чарэі ён набыў лецішча і плянуе пад старасьць перабрацца з гораду ў вёску.

Разам зь Пятром мы едзем за ўскраек паселішча. Пасярод поля — курган. Некалі побач быў яшчэ адзін. Аднак на тым месцы — вялікая латка зямлі, дзе няма дзёрну. Тут можна пабачыць сьляды трактароў і грузавых машынаў.

(Баравік: ) “Аднаго разу я ўбачыў, што курган звозіцца машынамі, якія тут будавалі газаправод з Расеі ў Эўропу. Мяне тады ахапіў жах: як можна звозіць курган? Як можна іх звозіць на падсьцілку для газаправоду? Мяне гэта не пакінула абыякавым. Я задаваў гэтае пытаньне ў раённую газэту, але мне ніхто не адказаў”.

(Карэспандэнт: ) “А сельсавет, да якога адносіцца Чарэя, нейкім чынам прарэагаваў?”

(Баравік: ) “Неяк я зайшоў туды і запытаўся, чаму так адбываецца? Старшыня мне нічога не адказала. Магчыма, улады падпарадкаваліся газавікам. Магчыма, вышэйшыя колы дазволілі гэта”.

(Карэспандэнт: ) “Жыхары Чарэі і вы ці спрабавалі нейкім чынам абараніць курган?”

(Баравік: ) “Не. Я спрабаваў узьняць грамадзкасьць, але з гэтага нічога не атрымалася”.

(Карэспандэнт: ) “Ці засталося нешта ад таго кургана?”

(Баравік: ) “Курган цалкам зруйнаваны. Яго вывезьлі разам зь пяском. Ад яго засталіся толькі рэшткі — камяні, якіх не маглі загрузіць на самазвалы”.

Пятрусь Баравік — адзін з заснавальнікаў Новалукомскай суполкі Свабодных прафсаюзаў. Налета ён далучыцца да агітацыі за адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Жыхары Чарэі пра гэта яшчэ ня здагадваюцца, а калі ўведаюць, адразу запішуць спадара Баравіка ў апазыцыю.

Цётка Юля ласкава пагадзілася распавесьці пра тое, як вяскоўцы ўспрымаюць апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі:

(Юля: ) “Жонка Купрэева паехала ў Менск. А ён мне кажа: “Цётка Юля, куды я паеду? Гэта значыць, кідай жывое, шукай мёртвае — едзь у нейкую закібайлаўку”. Сяброўка той жонкі ў нейкай там Народнай грамадзе... Нешта такое. Можа, яны нейкія сэктанты, якія супраць Лукашэнкі... Яна пайшла ў іхную партыю, і яны далі ёй пакой у інтэрнаце, забясьпечылі працай.

У нас тут на Магілёўскай вуліцы жыве дзядзька, якога ўсе называюць Шрайбікус. Яны разам з жонкай у нейкай партыі. Яго жонка сюды зь Менску прыяжджае. І гэтая Шрайбікусава жонка ну так ужо брэша супраць Лукашэнкі, нібыта яе на гэта нанялі. Прыйшла я аднойчы да калодзежа браць вады. А там мужыкі сабраліся. І тут яна зноў давай супраць Лукашэнкі, што ён дрэнны і што трэба на будучых выбарах яго памяняць. А адзін ёй і гаворыць: “Калі ты хочаш выехаць з Чарэі, выедзеш, а калі не — зараз патопім у калодзежы!”

З княскага маёнтку Чарэя некалі пераўтварылася ў мястэчка, пасьля была райцэнтрам, калгаснай сядзібай і цэнтрам сельсавету. Чарэя, як і дзясяткі паселішчаў у Беларусі, мае слаўнае мінулае і нічым не адметную рэчаіснасьць.