Пакуль ніхто не перадаў дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп

Алесь Дашчынскі, Менск Як паведамілі ў Цэнтравыбаркаме, пакуль ніводзін з прэтэндэнтаў не перадаў сваіх дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. Апошні тэрмін для гэтай працэдуры — 23 сьнежня. Палітыкі найбольш наракаюць на нястачу часу.
Паводле былога старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча, датэрміновае прызначэньне прэзыдэнцкіх выбараў абумоўлена падзеньнем рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі.

(Шушкевіч: ) “Шалёна падае рэйтынг Лукашэнкі, і ўсіх дзіраў ня ўдасца залатаць. У нас ёсьць шанцы, каб выйграць справядлівыя выбары. Хаця б тое, што Лукашэнка незаконна ўдзельнічае ў гэтых выбарах. Не было фармулёўкі на рэфэрэндуме, што трэба зьмяніць Канстытуцыю. Не было — а зьменена Канстытуцыя. Гэта ўжо адзін фактар, які не дазаваляе яму ўдзельнічаць у выбарах. Многа тут ёсьць пазыцыяў і юрыдычных, і практычных”.

Станіслаў Шушкевіч лічыць пакуль неабгрунтаванымі заклікі некаторых палітыкаў да байкоту выбараў.

(Шушкевіч: ) “Трэба ўдзельнічаць. Трэба дэмакратычна арыентаваным сілам зразумець, у нас 90% аб’ядналася, засталася дробязь, трэба і ёй далучацца, бо дробязь можа многа нашкодзіць”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч рыхтуе дакумэнты ў Цэнтравыбаркам на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. Ён заяўляе, што ў ягонай групе будзе каля 3 тысяч грамадзян. Паводле Гайдукевіча, асноўная складанасьць кампаніі ў тым, што яна разгортваецца вельмі хутка.

(Гайдукевіч: ) “Толькі буйныя арганізаваныя структуры ў такой сытуацыі спраўляюцца. Трэба мець калясальныя структуры — зладжаныя, навучаныя, якія могуць быць у любы час падняты. Толькі тут можа атрымацца. Іншых проста варыянтаў няма”.

Былы кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2001 году Ўладзімер Ганчарык лічыць, што для дэмакратычных кандыдатаў будзе вельмі мала часу. А ўлада падрыхтавалася вельмі добра: прыняты папраўкі ў Крымінальны кодэкс. Паводле спадара Ганчарыка, пасьля рэгістрацыі дэмакратычна арыентаваныя кандыдаты змогуць між сабой дамовіцца.

(Ганчарык: ) “Цяпер трэба цьвяроза ацэньваць сытуацыю, прайсьці этап збору подпісаў і паглядзець, што далей будзе. Трэба працаваць цяпер на мэту. А далей ужо вырашаць. Усе ведалі, што ўмовы будуць цяжкія”.