Папярэджаны свабодны прафсаюз ААТ “Полацак-Шкловалакно”

Вінцэсь Мудроў, Полацак Арганізацыя Свабоднага прафсаюзу адкрытага акцыянэрнага таварыства “Полацак-Шкловалакно” атрымала афіцыйнае папярэджаньне мясцовага гарвыканкаму ў зьвязку з тым, што яна працуе безь юрыдычнага адрасу. Юрыдычны адрас прафсаюзная арганізацыя згубіла пасьля таго, як была выселеная са свайго офісу.
Згаданая прафсаюзная суполка была ўтвораная ў красавіку 1999 году і да апошняга часу займала офіс у адміністрацыйным будынку прадпрыемства. Паўтара месяца таму дырэкцыя адмовілася працягнуць дамову арэнды памяшканьня, і арганізацыя засталася бяз офісу і безь юрыдычнага адрасу. Мінулай пятніцы старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу Віктар Стукаў атрымаў з гэтай нагоды афіцыйнае папярэджаньне Полацкага гарвыканкаму. Гаворыць Віктар Стукаў:

(Стукаў: ) “1 лістапада адміністрацыя “Шкловалакна” прапанавала нам пакінуць памяшканьне, дзе месьціўся наш офіс. І вось прыйшоў ліст з гарвыканкаму, у якім паведамляецца, што мы ня маем юрыдычнага адрасу, і калі бліжэйшым часам ня знойдзем новага офісу і, адпаведна, новага юрыдычнага адрасу, дзейнасьць нашай прафсаюзнай арганізацыі будзе прыпыненая. Офіс мы шукаем, але пакуль што беспасьпяхова”.

Яшчэ летась прафсуполка “Шкловалакна” налічвала 250 сябраў і была адной з самых актыўных у рэгіёне, у прыватнасьці, яна зладзіла некалькі вулічных акцыяў пратэсту супраць усеагульнай кантрактызацыі работнікаў. Пасьля таго, паводле Віктара Стукава, сябры прафсаюзу зазналі маральны прэсінг, і некалькі дзясяткаў чалавек вымушаныя былі сысьці. Ну а калі з полацкіх і наваполацкіх прадпрыемстваў звольнілі некалькі актывістаў Свабоднага прафсаюзу, колькасьць сябраў скарацілася ў пяць разоў і на сёньняшні дзень у складзе суполкі 51 чалавек. Апроч яе ў рэгіёне захаваліся арганізацыі Свабоднага прафсаюзу толькі на Наваполацкай цеплаэлектрацэнтралі ды адкрытым акцыянэрным таварыстве “Нафтан”. Сёй-той са звольненых прафсаюзных актывістаў і дагэтуль ня мае сталай працы. Гаворыць былы кіраўнік першаснай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Наваполацкай цеплаэлектрацэнтралі Вадзім Духаменка:

(Духаменка: ) “Нас, трох актывістаў Свабоднага прафсаюзу, яшчэ летась звольнілі з Наваполацкай ЦЭЦ. Да гэтага часу не магу знайсьці працы па спэцыяльнасьці, перабіваюся выпадковымі заробкамі. Былы кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Ўладзімер Антановіч наагул вымушаны быў падацца на заробкі ў братнюю Расею, бо тут для такіх людзей працы няма”.