Валер Каліноўскі, Менск Затрыманая ўчора ў нацыянальным аэрапорце “Менск” карэспандэнтка першага каналу Польскага тэлебачаньня Агнешка Рамашэўская сёньня была дэпартаваная самалётам авіякампаніі “Лёт” у Варшаву. Спадарыня Рамашэўская суткі адбыла ў памежнай зоне. Яе так і не пусьцілі ў Беларусь, нягледзячы на тое, што яна мела дзейную візу і журналісцкую гадавую акрэдытацыю Міністэрства замежных справаў Беларусі.
Не патлумачылі ёй і прычыны гэтага рашэньня беларускіх уладаў.
Беларускія памежнікі анулявалі ў пашпарце Агнешкі Рамашэўскай беларускую візу і ўручылі ёй акт аб дэпартацыі, у якім у графе “прычына” па-ангельску напісана “іншыя прычыны”. Вусна ёй таксама нічога канкрэтнага не паведамілі. Перад адлётам да яе пэўны час адмаўляліся нават дапусьціць польскага консула, які чакаў сустрэчы некалькі гадзінаў. Памежнікі патлумачылі гэта тым, што яна фармальна не перасякла мяжу і не знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Тым ня менш, яны прапусьцілі да спадарыні Рамашэўскай здымачную групу Беларускага тэлебачаньня, якая спрабавала зрабіць зь ёю інтэрвію.
Роўна суткі Агнешку Рамашэўскую трымалі ў памежнай зоне аэрапорту “Менск”. На ноч яе адвялі ў пакойчык у адмысловым гатэлі для дэпартаваных, пад кантролем дзьвюх памежніц яна змагла схадзіць у рэстарацыю. Пра ўмовы свайго ўтрыманьня яна распавяла:
(Рамашэўская: ) “Гэтыя дзьве няшчасныя вартаўнічкі сядзелі пад маімі дзьвярыма цэлую ноч, і адзіная праблема была, што немагчыма было спаць, бо ўвесь час нешта гучала зь іх рацыяў. І сьвятло ўсю ноч было відаць праз шкло ў дзьвярах. Але гэта не было вялікай праблемай”.
Спадарыня Рамашэўская згадала, што яе затрымалі ў Менску ў дзень угодкаў увядзеньня ваеннага стану ў Польшчы, калі ўлады сацыялістычнай ПНР арыштоўвалі многіх апазыцыянэраў. Так што цяперашняе яе затрыманьне і выдварэньне зь Беларусі спадарыня Рамашэўска лічыць сымбалічным, хаця не разумее прычынаў гэтага. Прадстаўнік МЗС Беларусі Руслан Есін сказаў, што адмова спадарыні Рамашэўскай ва ўезьдзе не зьвязаная зь яе журналісцкай працай. Агнешка Рамашэўская на гэта зазначае, што яна ніколі не была ў Беларусі ў нейкай іншай якасьці:
(Рамашэўская: ) “Зь якой жа яшчэ прычыны я ім не спадабалася? Што хадзіла на шпацыры? Ці яны высьвятлялі, з кім я тут сустракалася, якіх мела сяброў, і ім гэта не спадабалася… За што ж яшчэ, бо я тут не вяла ніякай камэрцыйнай дзейнасьці, ні якой іншай”.
Спадарыня Рамашэўская асьвятляла для свайго тэлебачаньня леташні рэфэрэндум і канфлікт вакол Саюзу палякаў Беларусі. Летась яе затрымлівала міліцыя ў Баранавічах, бо яна ня мела на руках акрэдытацыі МЗС (дакумэнты чакалі яе ў Менску). Але той канфлікт быў хутка вырашаны. Спадарыня Рамашэўская працуе на грамадзкім польскім тэлебачаньні зь невялікім перапынкам ад 1992 году. Пасьля таго, як цікавасьць у Польшчы да Беларусі, справакаваная канфліктам вакол Саюзу палякаў, вырасла, спадарыня Рамашэўская была прызначаная кіраваць карэспандэнцкім пунктам у Беларусі, які меркавалася стварыць.
(Рамашэўская: ) “Справы Беларусі ня могуць для нас быць чужымі. Хаця некалькі гадоў таму ў Польшчы было такое ўражаньне, што Беларусь страшна далёка ад нас. Але раптам яно зьмянілася. Як так — адразу за нашай мяжой, а Горадня за 70 кілямэтраў ад Беластоку, такія дзіўныя рэчы адбываюцца… І з гэтага вынікам стала пэўная зацікаўленасьць нашага кіраўніцтва, якое вырашыла, што тут трэба мець сталы карпункт”.
Спадарыня Рамашэўская зазначыла, што будзе яшчэ спрабаваць атрымаць беларускую візу і наведаць Беларусь.