Галіна Абакунчык, Менск Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў накіраваў Гэнэральнаму пракурору краіны зварот, у якім на падставе новых артыкулаў Крымінальнага кодэксу просіць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці чальцоў ураду за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусі.
Гаворка вядзецца пра невыкананьне рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы ў справе паляпшэньня правоў незалежных прафсаюзаў. МАП прызнала сапраўднымі факты парушэньня правоў прафсаюзаў паводле дванаццаці параграфаў і запатрабавала ад кіраўніцтва краіны выправіць гэткае становішча. Да 1 чэрвеня 2005 году, як гэта было заплянавана, ніводная з рэкамэндацыяў выкананая не была. Дзеля дадатковага кантролю становішча незалежных прафсаюзаў Міжнародная арганізацыя працы дасылае ў Беларусь кантрольную місію, візыт якой адбудзецца ў студзені 2006 году.