Не дачаканьне тваё!

Юры Пацюпа, Горадня Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Чытаючы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, я часта любіў смакаваць загадкавыя радкі:





Не дажданьне ж, мудрагелі! – і нашая ніва Вялікімі дударамі уздаволь шчасьліва!

Гэтае не дажданьне мне вельмі падабалася. Я яго раз-пораз устаўляў у свае тэксты, а рэдактары ўсё роўна ўпарта выкрэсьлівалі. Не разумелі! Потым заўважыў такое самае спалучэньне ў Каятана Марашэўскага: “Не дажданьне тваё, каб ты ведаў!”

Аўтары старой “Нашай Нівы” тарнавалі гэтую форму зь іншым коранем. Асабліва калярытна яна гучала ў байцы Ядвігіна Ш.:

– Ха-ха-ха! – зарагатаў павук і паляцеў ужо на галаву мухі. – Зыкнеш? Ты зыкнеш? Не дачаканьне! Не дачаканьне тваё!

Што гэта? Спалучэньне яўна невыпадковае. Расейцы ў падобных кантэкстах кажуць: как бы не так!

Зразумеўшы, якую лякуну мовы запаўняе гэты фразэалягізм, я вельмі ўзрадаваўся. Але, на маю бяду, ніхто зь беларусаў не хацеў успрымаць упадабанае мною формы. Аж крыўда брала! Гэта ж трэба, думаў я, вось сядзелі па вёсках хітрыя мужычкі, мудрагелілі ўсялякія словы ды выразы... Беларусы сабе... Расейцы сабе... І, што ні кажы, абодва выразы цьмяныя! А цяпер мы іхны разумеем, а свайго – не! Чаму? Там іхнае мысьленьне, а тут нашае мысьленьне... Значыць, мы развучыліся думаць па-свойму, і вяртаць трэба ня проста словы, а сам ход нашага мысьленьня?!

Беларусы кажуць: каб тое веданьне, дзе спатыкнесься! Або: каб тое знацьцё, што ў кумы піцьцё, і сам бы пайшоў і дзетак павёў. І, нарэшце: каб табе такое кананьне, як гэта праўда. Тут усюды ўжываецца аддзеяслоўная форма назоўніка.

Зьмест фразэалягізму не дачаканьне тваё ёмка прымяркоўваецца да традыцыйнага беларускага праклёну, які я ня раз чуў на Лідчыне: каб ты не дачакаў!.. Маюць на ўвазе – не дачакаў сваёй сьмерці.

А закончыць гэты досьлед я хачу парадоксам. Перш чым стаць самым сабою, навучыцца думаць па-свойму – трэба перастаць быць сабою, перастаць быць нявольнікам свайго “Я”. Трэба адмовіцца ад сябе, каб зрабіць сябе па-новаму. Калі нашае мысьленьне не зусім беларускае – трэба яго рабіць беларускім. А ўсім, хто ня йме веры, хто замінаціме, адкажам проста: “Не дачаканьне ваша, мудрагелі!”

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)