Міліцыя цікавілася мульцікамі, якія Мілінкевіч прывез для сірот у Берасьце

Алесь Дашчынскі, Менск Міліцыя і спэцслужбы праяўляюць цікавасьць да візыту Аляксандра Мілінкевіча ў Берасьце. Яны суправаджаюць дэлегацыю і вядуць відэаздымкі.
Амаль на дзьве гадзіны міліцыянты затрымалі кіроўцу і мікрааўтобус, на якім дэлегацыя разам з Аляксандрам Мілінкевічам перамяшчаецца па Берасьці. Яны ўважліва агледзелі машыну і рэчы, якія там знаходзіліся. Падазрэньне выклікалі відэакасэты з мультфільмамі “Прыгажуня ў сумным лесе”, “Папялушка” і іншымі, якія Аляксандар Мілінкевіч зьбіраецца перадаць у дзіцячы прытулак. У райаддзеле міліцыі ўсе гэтыя касэты прагледзелі, але нічога крамольнага там не знайшлі. Пасьля гэтага кіроўцу адпусьцілі, а касэты вярнулі.

Аляксандар Мілінкевіч працягвае праграму свайго візыту. Улады спрабуюць сарваць сустрэчы з адзіным кандыдатам ад дэмсілаў. Да прыкладу, ва ўнівэрсытэце імя Пушкіна сёньня ўвялі прапускную сыстэму, і нават некаторыя выкладчыкі з цяжкасьцю патрапілі на працу. Паводле выкладчыкаў, адміністрацыя напалоханая, што спадар Мілінкевіч захоча зайсьці ва ўнівэрсытэт. Нагадаем, Аляксандар Мілінкевіч плянуе сустрэцца са студэнтамі ўнівэрсытэту.