Ганна Сурмач, Прага Удзельнікі: Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель, Лявон Юрэвіч (ЗША), Валеры Булгакаў (Беларусь)
Адметнай падзеяю ў культурным жыцьці Беларусі ў сёлетнім годзе стала выданьне першага на Бацькаўшчыне зборніка твораў эміграцыйнага пісьменьніка і літаратуразнаўцы Антона Адамовіча. Ён належаў да тых актыўных дзеячаў беларускай паваеннай эміграцыі ў Амэрыцы, якія сваёй самаадданай працаю стваралі інтэлектуальныя набыткі беларускага замежжа.
Антону Адамовічу прысьвечаны чарговы выпуск перадачы «Беларусы за мяжою», дзе вы пачуеце і голас самога пісьменьніка, запіс якога захаваўся ў нашых архівах.
Апісаньне жыцьцёвага шляху Антона Адамовіча, можна сказаць без перабольшваньня, магло б скласьці асобную немалую кнігу. Лёс Адамовіча зь дзяцінства быў зьвязаны са знакавымі падзеямі і асобамі беларускай гісторыі.
Калі ў 1959 годзе беларуская грамадзкасьць адзначала ягоныя 50-я угодкі, Станіслаў Станкевіч з гэтай нагоды пісаў у газэце «Бацькаўшчына» (№ 30) у юбілейным артыкуле:
«Наш юбіляр вырастаў і ўзгадоўваўся ў здаровай беларускай атмасфэры і яшчэ змалку быў знаёмы з «Нашай Нівай», якую выпісваў ягоны дзядзька. З раньніх юнацкіх гадоў меў вялікую цягу да беларускага арганізацыйнага жыцьця й глыбокае замілаваньне да беларускай літаратуры…
У 1921 годзе яшчэ непоўнагадовы Адамовіч праслухаў вольным слухачом курс старой і новай беларускай літаратуры ў акадэміка Карскага, зарганізаваны пры Менскім пэдагагічным унівэрсытэце».
Было тады Антону Адамовічу ўсяго 12 гадоў. А ў 17 гадоў будучы літаратуразнаўца і крытык ужо надрукаваў сваю першую рэцэнзію на зборнік паэта Валерыя Маракова «Пялёсткі» ў часопісе «Чырвоны сейбіт» за 1926 год.
Нарадзіўся Антон Адамовіч 26 чэрвеня 1909 году ў Менску, таму і вучыцца яму ня трэба было ехаць далёка ад дому. Антось паступіў у знакаміты Менскі пэдагагічны тэхнікум імя У.Ігнатоўскага, які быў сапраўднай кузьняю нацыянальнага ўзгадаваньня. Там выкладалі і вучыліся выдатныя беларускія нацыянальныя дзеячы і літаратары. У 1928 годзе ён стаў сябрам літаратурна-мастацкага згуртаваньня «Узвышша». У гэтым жа годзе пасьля заканчэньня тэхнікуму быў прыняты на другі курс літаратурна-лінгвістычнага аддзяленьня пэдфакультэту БДУ. Здольнага і працавітага студэнта чакала пасьпяховая навуковая кар''ера.
Але гэта былі сумнавядомыя 30-я гады. 24 ліпеня 1930 году разам з іншымі сябрамі – «узвышанцамі» Антон Адамовіч быў арыштаваны і абвінавачаны ў прыналежнасьці да міфічнага Саюзу вызваленьня Беларусі. Увесну 1931 году пасьля сьледстваў і турмаў быў высланы ў горад Глазаў ва Ўдмуртыю, а потым пераведзены ў Вятку.
На той час у Вятцы жылі іншыя сасланыя беларускія дзеячы. Вітаўт Кіпель з Ню-Ёрку менавіта ў той час і пазнаёміўся з дзядзькам Антосем, самому сп.Вітаўту было тады ўсяго 5 гадоў, і ён жыў там разам з бацькамі.
(Кіпель: ) “Мы былі ў ссылцы разам у Вятцы, у адным горадзе, жылі на адной вуліцы праз два дамы – на Першамайскай.
Я яго памятаю, калі я гуляў зь дзецьмі, ён падыходзіў і казаў: "Хадзі сюды, хадзі сюды!" Адзін раз ён пачуў у мяне расейскую мову, дык ён потым цэлае жыцьцё мне прыпамінаў: "Мама, подай мне моё зимнее пальто".
Чым ён там займаўся?
(Кіпель: ) “Ён тады выкладаў у сярэдняй школе, здаецца, нямецкую мову. Гэта было ў 1933 - пачатку 1935 году”.
У часы “яжоўшчыны” ў 1937 годзе Антона Адамовіча вярнулі са ссылкі, але пасадзілі ў турму.
У родны Менск ён вярнуўся перад вайною і пад час акупацыі прыняў самы дзейсны ўдзел у беларускім культурным жыцьці, працаваў у “Беларускай газэце” і фактычна быў яе рэдактарам. Ён сарганізаваў літаратурны рух і гуртаваў вакол сябе тагачасныя літаратурныя таленты. Сам займаўся літаратурнай творчасьцю і актыўна друкаваўся, кіраваў Беларускім навуковым таварыствам. Знаходзіў час і для выкладчыцкай працы. Сп.Кіпель быў тады ягоным вучнем.
(Кіпель: ) “У Менску я пайшоў у школу, і ён быў настаўнікам, гэта было ў гімназіі на Нямізе ў пачатку 1943 году. Ён быў такі дзіўны настаўнік. Вучні, калі прыходзілі немцы, віталіся: "Жыве Беларусь!" І кожны ведаў, што Адамовічу гэта вельмі падабалася, дык усе як наймацней крычалі : "Жыве Беларусь!", каб ён гэта бачыў. Вучні яго любілі, ставіліся да яго зь вялікай павагаю, бо ён шмат ведаў”.
У канцы 1943 году за занадта, на думку акупацыйных нямецкіх уладаў, актыўную дзейнасьць Антона Адамовіча на беларускай ніве, яго выслалі ў Нямеччыну. Пасьля вайны, як і ўсе беларускія выгнанцы, апынуўся ў лягеры перамешчаных асобаў на тэрыторыі Нямеччыны. І там у канцы саракавых ён зрабіў вельмі шмат для беларускага руху. Выдаваў газэту “Ведамкі” , першы пасьля вайны літаратурны часопіс “Сакавік”, многа часу аддаваў выданьню найбольш вядомай беларускай газэты на эміграцыі “Бацькаўшчына”.
У 1950 годзе Антон Адамовіч выехаў на жыхарства ў ЗША і да канца жыцьця жыў у Ню-Ёрку. Там ён працаваў ў Амэрыканскім камітэце, які кіраваў дзейнасьцю Радыё Вызваленьне, а потым “Свабода”.
У тыя гады разам зь ім у адным памяшканьні працаваў сп.Янка Запруднік, які быў супрацоўнікам беларускай службы Радыё Свабода.
(Запруднік: ) “Я ў 1957 годзе прыехаў у Ню-Ёрк, ён тады працаваў у Амэрыканскім камітэце, быў рэдактарам у газэце "Наше общее дело", якая выходзіла пад грыфам Амэрыканскага камітэту. Ён ніколі не адмаўляў, калі я да яго прыходзіў зь нейкім беларускім матэрыялам, ён рэдагаваў.
Ён быў маім настаўнікам у гімназіі імя Янкі Купалы ў Нямеччыне, а пасьля быў такім вельмі прыхільным старэйшым сябрам, заўсёды ахвотна дапамагаў”.
Дзякуй, сп.Янка, што Вы нагадалі пра тое, што Антон Адамовіч у Нямеччыне таксама выкладаў у гімназіі, якая была адчынена для дзяцей беларускіх уцекачоў. Там ягоным вучнем апынуўся і Вітаўт Кіпель, які таксама пазней выехаў у ЗША і працаваў час ад часу для беларускай службы Радыё Вызваленьне.
(Кіпель: ) “Ён ізноў быў маім настаўнікам у Нямеччыне, мы былі ў адным лягеры. Вось гэтае настаўніцтва цягнулася для мяне ўвесь час. Калі я ўжо на Радыё Вызваленьне пісаў скрыпты, ён іх найчасьцей рэдагаваў. Казаў: "Добра ты пішаш, усё добра, але вось тут няправільна збудаваны сказ, і коска там няправільна пастаўленая". Ён вельмі добра валодаў моваю. Адамовіч быў вельмі начытаны чалавек, ён ведаў, што адбываецца ў сьвеце, ведаў літаратуру вельмі шырока. Ён вельмі шмат чытаў, валодаў добра ангельскаю моваю, ведаў францускую. Купляў новыя кніжкі, вельмі шмат чытаў. У яго была надзвычайная бібліятэка, яна пачалася яшчэ ў Менску, ягоныя бацькі прывезьлі яе ў Нямеччыну. Калі мы вучыліся ў гімназіі, ён шмат каму пазычаў кнігі. А потым, калі нейкая кніжка прападзе, ён мяне пакліча: "Ты ідзі да таго – запытайся, ці ёсьць у яго такая кніжка, бо гэта мая кніжка". Гэтыя кніжкі часам вярталіся, а часам і прападалі. У Амэрыку зь ягонай бібліятэкі трапіла толькі частка, безумоўна. Што тычыцца гісторыі беларускай літаратуры, то ў яго было амаль усё”.
Сп.Янка Запруднік кажа, што працаю ў Амэрыканскім камітэце Антон Адамовіч зарабляў на жыцьцё, але значную частку свайго часу ён аддаваў беларускім справам.
(Запруднік: ) “Ён быў радным БНР, вельмі актыўным. На пачатку 50-х гадоў ён вельмі блізка супрацоўнічаў зь Міколам Абрамчыкам, старшынём Рады БНР. Наведваў Мюнхен, там браў удзел у канфэрэнцыях і адначасна сустракаўся з Абрамчыкам, абмяркоўвалі палітычныя праблемы.
Жыў вельмі актыўным жыцьцём беларускага інтэлігента, навукоўца, не шкадаваў грошай на розныя грамадзкія праекты. Беларусь для яго была ўсім, гэта быў сэнс ягонага жыцьця.
Ён меў вельмі добрую памяць, быў красамоўны, мог гадзінамі гаварыць, не заглядаючы ў ніякія цыдулкі, цытуючы з памяці цэлыя вершы, паэмы”.
Паслухаем урывак зь ягонага выступленьня на ўрачыстай акадэміі ў Ню-Ёрку ў 1962 годзе з нагоды юбілею клясыкаў беларускай літаратуры (запіс з архіву Радыё).
(Адамовіч: ) “Сёлетні год для беларусаў на цэлым сьвеце стаіць пад знакам двух народных паэтаў і духовых правадыроў народу – Янкі Купалы і Якуба Коласа. Сёлета абодвум ім споўнілася б па 80 гадоў. На іхнай Бацькаўшчыне і нашай Бацькаўшчыне цяпер гэтай падзеі аддаюць шмат увагі. Ужо прайшло адзначэньне 80-годзьдзя Янкі Купалы, у сувязі з чым былі зробленыя розныя паказныя ўрачыстасьці, як перанос урны зь ягонымі рэшткамі ў Менск. Цяпер пачынаецца такое ж абыходжаньне ў дачыненьні да Якуба Коласа”.
Дарэчы, сп.Адамовіч быў здольным дыктарам і некаторы час начытваў для беларускай сэкцыі Радыё фэльетоны пад імем дзядзькі Васіля. Тэксты пісаў іншы аўтар на расейскай мове, а сп.Адамовіч іх перакладаў і начытваў для эфіру. Паслухаем, як гэта ў яго атрымлівалася. (Запіс з архіву Радыё: Антон Адамовіч чытае урывак з фэльетону пра суседа).
Аднак галоўным сэнсам жыцьця Антона Адамовіча ў Амэрыцы была навуковая і літаратурная праца. Ён супрацоўнічаў зь Мюнхенскім інстытутам вывучэньня СССР, абіраўся ў ягоныя кіруючыя органы, друкаваўся ў выданьнях, браў удзел у навуковых канфэрэнцыях Інстытуту.
Так жа актыўна ён уключыўся ў інтэлектуальнае жыцьцё беларускай грамады ў ЗША. Ізноў гаворыць сп. Вітаўт Кіпель.
(Кіпель: ) “У беларускіх справах ён быў вельмі актыўны, супрацоўнічаў у Беларускім інстытуце навукі і мастацтва, Вітаўт Тумаш быў загадчыкам БІНІМу, а ён быў заступнікам і рэдагаваў артыкулы для "Запісаў" інстытуту. Быў рэдактарам часопісу "Конадні", друкаваўся ў газэце “Беларус”. Доўгі час быў віцэ-старшынём Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня.
Як літаратурны крытык, ён шмат пісаў артыкулаў пра беларускіх пісьменьнікаў, яны друкаваліся ў газэце "Бацькаўшчына", у "Запісах" БІНІМу, у выданьнях Мюнхенскага інстытуту.
Ён таксама сачыў за беларускім літаратурным працэсам на эміграцыі, папраўляў, радзіў, напрыклад, рэдагаваў Міхася Кавыля, яму прысылалі тэксты і Сядура, і Віцьбіч зь ім раіўся, Арсеньнева таксама зь ім вельмі лічылася.
Ён сачыў за чысьцінёю мовы, за разьвіцьцём мовы, новыя словы, калі трапляліся, ён іх уводзіў, сачыў, каб мова была прыгожая, каб сказы былі разьвітыя.
Ён марыў пра тое, што беларуская літаратура выйдзе на ўзвышша, ён любіў казаць: "Наша літаратура мусіць быць на ўзвышшы".
Сп.Вітаўт, напэўна, найбольш важна ў крытычных і літаратуразнаўчых працах Антона Адамовіча тое, што ён аналізаваў беларускую савецкую літаратуру звонку, ён мог свабодна выказваць свае думкі, гэта была незалежная і больш праўдзівая крытыка, чым тая, якую маглі сабе дазволіць крытыкі ў самой Беларусі?
(Кіпель: ) “Вельмі важна, што найбольшыя ягоныя працы былі скіраваныя супроць саветызацыі беларускай літаратуры. Ён таксама ведаў савецкую літаратуру ў шырокім сэнсе, ня толькі беларускую. Ён бачыў разьвіцьцё беларускай савецкай літаратуры ў кантэксьце разьвіцьця ў той час літаратураў іншых народаў СССР”.
І вельмі скептычна ставіўся да тагачаснай савецкай беларускай літаратуры?
(Кіпель: ) “Ад 30-х гадоў ён вельмі крытычна ставіўся, калі запанаваў сацыялістычны рэалізм, ён казаў: "Будзе даярка, будзе калгасьнік, майстар..."
Найбольш вядомая праца Антона Адамовіча “Супраціўленьне саветызацыі ў беларускай літаратуры”, якая пабачыла сьвет у Мюнхене ў 1956 годзе ў англамоўным варыянце. У Мюнхене была надрукаваная праца “Якуб Колас у супраціве саветызацыі: досьледы і матэрыялы” і інш.
Аднак, ягоная крытычныя працы не даходзілі да беларускага чытача на Бацькаўшчыне?
(Кіпель: ) “Калі праз Радыё Свабода маглі нешта чуць, то гэта даходзіла, а астатняе не даходзіла, безумоўна”.
Антон Адамовіч – адзін з тых выгнанцаў, хто так больш і не пабачыў Бацькаўшчыну, не пабыў на Радзіме пад час новага беларускага Адраджэньня ?
(Кіпель: ) “Не, ніколі не наведаў, энэргія ў яго ужо была не такая. Безумоўна цікавіўся, распытваў, як там у Беларусі. Але ён ніякіх крокаў не рабіў, каб паехаць туды”.
Дакладней, адпраўляцца ў далёкую дарогу сп.Адамовічу ўжо не дазваляла здароўе. Апошнія гады жыцьця ён правёў у доме для састарэлых. Калі памерлі ягоныя бацькі, жыў самотны і ягонаю сям’ёю была беларуская грамада ў Ню-Ёрку. Сябры наведвалі яго і дагледзелі да апошніх хвілінаў, калі 12 чэрвеня 1998 году ён адышоў у вечнасьць.
Можна сказаць, што прызнаньня ў Беларусі Антон Адамовіч не дачакаўся, першы ягоны зборнік выйшаў праз сем гадоў пасьля сьмерці пісьменьніка.
Толькі цяпер ягоныя творы даходзяць да чытача на Бацькаўшчыне праз выдадзеныя ў наш час два зборнікі, дзе зьмешчаныя ня толькі навуковыя працы, але і літаратурныя творы, найперш найбольш вядомыя – “Каханы горад” і “Афрадыта-Ост”. Адзін з гэтых зборнікаў быў падрыхтаваны БІНІМам у Ню-Ёрку і выйшаў у друку ў 2003 годзе на 800 старонках, а другі – сп.Валеркам Булгакавым, ён выйшаў сёлета ў Беларусі на 1464 старонках накладам у 800 асобнікаў, выдаўцом зьяўляецца Зьміцер Колас.
Абавязкі ўкладальніка і рэдактара БІНІМаўскага выданьня ўзяў на сябе супрацоўнік гэтага Інстытуту сп.Лявон Юрэвіч.
Сп.Лявон, як сёньня ў цэлым выглядае справа з выданьнем спадчыны Антона Адамовіча?”
(Юрэвіч: ) “Зацікаўленьне да вяртаньня Адамовіча пачалося, напэўна, з часопісу "Фрагмэнты" – там друкаваліся ягоныя артыкулы і, напэўна, адна з першых "Наша Ніва" выдрукавала ягоны "Каханы горад".
БІНІМ, калі яшчэ быў жывы Адамовіч, распачаў падрыхтоўку выданьня ягоных выбраных літаратуразнаўчых працаў. Мы вырашылі ўключыць туды найперш дзьве ягоныя асноўныя працы – гэта "Так пяяў Салавей" пра паэта Алеся Салаўя і ягоную англамоўную працу "Супраціў саветызацыі беларускай літаратуры". З гэтай апошняй працаю была няпростая сытуацыя, рукапіс, які пісаў Адамовіч, фактычна згубіўся, і мы мелі толькі англамоўны тэкст і асобныя ягоныя накіды. Задума кнігі Адамовіча была нашмат больш глыбокай, больш шырокай, больш усялякіх дробных дэталяў было, важных для беларускага чытача.
У БІНІМаўскім выданьні мы зьмясьцілі яшчэ ягоную працу пра Паўлюка Труса, а таксама вельмі цікавую і важную для асэнсаваньня ягонага жыцьця аўтабіяграфію.
А той том, які выдалі ў Менску, нашмат багацейшы, грунтоўна зроблены, ёсьць камэнтары, гэта зрабіў Валеры Булгакаў. Ён скарыстаў частку, якая друкавалася ў нашым томе – "Супраціў саветызацыі беларускай літаратуры" і "Так пяяў Салавей". А далей дадаў усё тое, што друкавалася Адамовічам у часопісах, у розных іншых выданьнях. Гэта як бы наступны крок пасьля БІНІМаўскага выданьня”.
Але гэта яшчэ далёка ня ўсё, што было напісана Адамовічам?
(Юрэвіч: ) “І ня блізка. У гэтыя абодва выданьні ўвайшла літаратуразнаўчая спадчына, а ёсьць жа яшчэ ягоныя працы па гісторыі, якія могуць скласьці яшчэ адзін вялізны том. Акрамя таго, Антон Адамовіч быў пісьменьнікам, і гэта ня толькі "Каханы горад", яго самы вядомы твор. У ЗБС "Бацькаўшчына" сёлета пабачыў сьвет том гістарычнай прозы "Эквівалент", і там зьмешчана навэла Адамовіча "Афрадыта-Ост". А зараз там рыхтуецца яшчэ адзін том "Зборнік эміграцыйнай ваеннай прозы", гэта, дакладней – проза пад акупацыяй. Там таксама будзе надрукаваны твор Адамовіча "Каханы горад" і некалькі ягоных белых вершаў у прозе.
З гэтымі выданьнямі самае важнае падкрэсьліць, што мы зрабілі гэта разам зь Менскам, Валер Булгакаў рыхтаваў сваё выданьне ў супрацы з намі. Гэта не былі нейкія паралельныя, адасобленыя адзін ад аднаго праекты. Ёсьць магчымасьць супрацы, ёсьць жаданьне супрацы, і яно рэалізоўваецца. Гэта вельмі лягічна і вельмі слушна, архівы ёсьць у нас, якія мы зможам падрыхтаваць да друку і выдаць, а натуральна, што ў Менску большыя магчымасьці інтэлектуальнай працы, рэдагаваньня. Мы падрыхтавалі, выдалі, у Менску палепшылі, выдалі, перавыдалі. Мне здаецца, гэта цікавая рэч”.
Вы працуеце далей над ягоным архівам?
(Юрэвіч: ) “Так, вядома. Пакуль мы не плянуем выдаваць, але збор ідзе. Вядома, што ён напісаў гісторыю літаратуры ў такой хрэстаматыйнай форме, якая была зьмешчана на старонках "Бацькаўшчыны" – "На нівах і ўзвышшах". Калі ўсе паперы Адамовіча будуць разабраныя, можа нешта яшчэ выявіцца, ёсьць спадзяваньні, што будзе знойдзены працяг "Каханага гораду".
Антон Адамовіч па вяртаньні са ссылкі да канца жыцьця пісаў па-лягернаму, ашчадна выкарыстоўваючы паперу, літаральна драбнюсенькім такім бісерам, што расчытваць гэта вельмі цяжка і складана, так што працы яшчэ вельмі шмат”.
Наконт архіву Антона Адамовіча, дзе ён захоўваецца, ці увесь захаваны?
(Юрэвіч: ) “Я не магу сказаць пра ўвесь архіў, я ня ведаю, які ён быў. Я ведаю, што частка архіву захоўвалася ў Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага. Я працую зараз з тымі тэчкамі, якія Антон Адамовіч перадаў Янку Запрудніку. Сп.Запруднік даў мне іх пры падрыхтоўцы БІНІМаўскага выданьня, і зараз я працую далей з гэтымі тэчкамі. Магчыма, ёсьць нешта яшчэ”.
Я зьвярнулася да сп.Валеры Булгакава з пытаньнем, ці зьбіраецца і ён працягваць далей займацца выданьнем спадчыны Антона Адамовіча?
(Булгакаў: ) “Амбіцыі ёсьць, гэта значыць, што па маіх досыць грубых падліках застаецца мінімальна паўтары тысячы старонак твораў Антона Адамовіча, якія можна сабраць у адзін, ці ў двух тамох можна было б гэта выдаць. Ідзе перадусім пра мастацкія творы. Па-другое, ёсьць у Антона Адамовіча досыць цікавая старонка творчай спадчыны, якая ўвогуле ня ўведзеная ў карыстаньне, я маю на ўвазе ягоныя лінгвістычныя дасьледаваньні. І трэці блёк, які заслугоўвае на выданьне, гэта ягоныя паліталягічныя публікацыі. Ён быў актыўным навукоўцам і спалучаў літаратуразнаўчыя дасьледаваньні з паліталягічнымі, гэта досыць унікальнае спалучэньне. Мы, напрыклад, маем ягоную манаграфію, выдадзеную напачатку 50-х гадоў Інстытутам вывучэньня СССР у Мюнхене – "Бальшавізм на шляхах устанаўленьня савецкай улады ў Беларусі". Ёсьць шмат вельмі цікавых аналізаў беларускага камунізму, бальшавізму. І, нарэшце, ягоная публіцыстыка. Хачу таксама зьвярнуць увагу і на тое, што Антон Адамовіч быў і перакладчыкам заходняй літаратуры на беларускую мову. Напрыклад, ён перакладаў Эдгара По”.
Будзеце далей супрацоўнічаць з БІНІМам?
(Булгакаў: ) “Супрацоўніцтва проста неабходнае, бо ня ўсё тое, што ёсьць у Адамовіча, даступнае ў Беларусі. Напрыклад, калі мы рабілі том Адамовіча пад назваю "Да гісторыі беларускай літаратуры", у яго з тэхнічных прычынаў не ўвайшоў тэкст "З Узвышша ў "Ніву". Гэты тэкст у апошняй аўтарскай рэдакцыі існаваў толькі ў рукапісе. Лявон Юрэвіч выслаў мне яго з Амэрыкі звычайнай поштаю. Чакаю месяц, другі, пакуль не выявілася, што амэрыканская мытня не выпусьціла гэты рукапіс з краіны, яны зрабілі экспэртызу, і было пастаноўлена, што рукапіс мае гістарычную каштоўнасьць. Ён быў вернуты назад.
Я хачу сказаць, што для БІНІМа таксама ёсьць матывацыя для супрацоўніцтва, бо не сакрэт, што прафэсійных рэдактараў, карэктараў, выдаўцоў, якія б працавалі з беларускай моваю, засталося ў эміграцыі зусім вобмаль. БІНІМ мусіць выдаваць свае кнігі ў Беларусі, бо тут прафэсійных знаўцаў беларускага слова значна больш”.
Наколькі, сп.Валер, падаецца Вам актуальным выданьне твораў Антона Адамовіча для сёньняшняй Беларусі?
(Булгакаў: ) “Антон Адамовіч – адзін з буйнейшых прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху 20-га стагодзьдзя, і чалавек, які неабыякава ставіцца да беларускага руху, мне здаецца, мусіць пазнаёміцца зь ягонай спадчынай. Інакш новаму беларускаму адраджэнцу давядзецца пачынаць з нуля. Ёсьць ужо ад чаго адштурхоўвацца, ёсьць унікальныя здабыткі, якія могуць быць асноваю для фармаваньня сьветапогляду, для нейкіх далейшых навуковых дасьледаваньняў.
Спадчына Антона Адамовіча ўяўляе сабою, бясспрэчна, вялікую навуковую, і ня толькі навуковую, каштоўнасьць. Выдаючы цяпер Адамовіча, мы разьлічваем найперш на незалежнае грамадзтва, на актывістаў грамадзянскай супольнасьці і сумленных незалежных навукоўцаў. Зьмена да лепшага ў Беларусі немагчымая будзе датуль, пакуль сучасныя беларусы ня будуць ведаць сваю гісторыю, сваю спадчыну, усяго таго, што было зроблена папярэднікамі. Існуюць тысячы твораў, якія маглі б сёньня працаваць на беларускае Адраджэньне, але якія пакуль застаюцца толькі ў архівах”.