У Курапатах прыбіралі сьляды вандалізму

Ганна Соусь, Менск Cёньня ва ўрочышчы Курапаты актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ прыбіралі сьляды вандалаў – змывалі чырвоную свастыку і сатанінскія малюнкі з памятных знакаў і рамантавалі крыжы.
Сябры КХП БНФ вырашылі не чакаць, пакуль улады пачнуць прыбіраць з памятных курапацкіх знакаў фашыстоўскую свастыку і надпісы, і самі наладзілі ва ўрочышчы талаку. Спадар Анатоль пачаў скрэбці нажом свастыку з курапацкага каменя.

(Анатоль: ) “Хто гэта робіць? Расейскія фашысты вось што робяць у Беларусі”.

Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі прынёс у Курапаты адмысловыя хімічныя рэчывы, каб прыбраць свастыку з курапацкіх знакаў.

(Беленькі: ) “Гэта спэцыяльная так званая змыўка старой фарбы, якая выкарыстоўваецца ў аўтамабільнай прамысловасьці. Паспрабуем гэта выкарыстаць, каб усю гэтую брыдоту змыць”.

Спадар Беленькі лічыць, што ўлады ня робяць неабходных захадаў, каб прадухіліць факты вандалізму ў Курапатах.

(Беленькі: ) “Калі б сапраўды была зацікаўленасьць дзяржаўных структураў, каб тут быў парадак, шаноўнае, паважлівае стаўленьне дзяржавы да гэтага сьвятога месца, то яно гэтак бы і было. А вынікае з усіх дзеяньняў і рэакцыі сілавых структураў, што яны якраз не зацікаўленыя ў тым, каб тут не адбываліся акты вандалізму”.

Як стала вядома Радыё Свабода, менавіта сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ адрамантавалі крыжы і памятныя знакі і паставілі на месца “лаву Клінтана” пасьля першага апаганьваньня ўрочышча на пачатку мінулага тыдня. Аднак пазьней былі ўчыненыя новыя акты вандалізму – нанесена свастыка на курапацкі камень, мэмарыяльны знак памяці расстраляных габрэяў і мусульманаў, капліцу-абраз “Маці Божай курапацкай усіх нявінна расстраляных”; амэрыканскі знак “Народу Беларусі ад народу ЗША дзеля памяці” быў заліты чырвонай фарбай. А 6 сьнежня ў Менскім райаддзеле міліцыі была заведзеная крымінальнай справа з факту апаганьваньня памятных знакаў ва ўрочышчы.

Сёньня ва ўрочышча прыехала і навуковая кіраўніца курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная, чый бацька беларускі паэт Тодар Кляшторны быў расстраляны, праўдападобна, у Курапатах.

(Кляшторная: ) “Трэба, каб варта была. Гэта помнік першай катэгорыі, і трэба, каб ён ахоўваўся адпаведна сваёй значнасьці. А калі варты ня будзе, то тут ніякія фарбы і скрабкі – нічога не дапаможа, паколькі недасканалае выхаваньне нашай моладзі пасьля савецкага часу і дае такі “патрыятызм” ня ў той бок, які накіраваны на лінію Сталіна і ўшанаваньне ягонай памяці”.

Далей гутару з удзельнікамі талакі Кастусём Кашэлем і Ўладзімерам Юхо:

(Кашэль: ) “Гэта антычалавечна, а па-другое, міліцыя павінна выконваць свае абавязкі”.

(Юхо: ) “Будзем аднаўляць крыжы, аднаўляць усё, бо той вандалізм, які здарыўся апошнім часам, пакінуў сьлед на гэтым сьвятым месцы. Наша сёньня асноўная задача – аднавіць усё, каб усё стала, як было раней”.

У выніку талакі, наладжанай актывістамі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, збольшага сьляды вандалізму былі змытыя, канчаткова ўсё будзе прыбранае падчас наступнай талакі.