Зьміцер Вішнёў, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя нататкі мінулага тыдня прадстаўляе Зьміцер Вішнёў — літаратар, пэрформэр, жывапісец, куратар беларускіх праектаў недзяржаўнага выдавецтва “Логвінаў”.
2 сьнежня, пятніца
Дзень як дзень. Пузаціцца думкамі. Учора паклаўся позна, таму ўстаю позна. Недзе а дзясятай раніцы. Запаўзаю ў балею, выпіваю кубачак салодкай кавы, гляджу па тэлебачаньні навіны. Дарэчы, наконт навінаў: я люблю глядзець розныя. Падабаецца параўноўваць БТ і Euronews. Падзеі пададзеныя зусім у супрацьлеглых ракурсах і неверагодна розьняцца камэнтарамі. Гэта дае магчымасьць творчага асэнсаваньня. Свае высновы — як трэці ўнутраны телеканал. Шкада, цяжка рабіць тэлепартацыю для астатніх індывідаў.
Газэты чытаю розныя. За інфармацыйнасьць і падачу матэрыялаў больш за ўсё паважаю “БелГазету”. Відавочна, хацелася б мець такога кшталту выданьне на беларускай мове. Мяне асабіста ні “Наша Ніва”, ні “Народная Воля” не задавальняюць. Хаця, час ад часу, чытаю і гэтыя выданьні. З сумам згадваю лепшыя часы папулярнай газэты “Свабода”.
Вось пачуў ад сяброў пра прыняцьцё новых законаў… Патэлефанаваў Сяржук Мінскевіч і, як заўсёды эмацыйна, пачаў апавядаць неверагоднае… Ужо і не зьдзіўляе… Млосна. Пачытаў прэсу… З жахам думаю, пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Як можна судзіць чалавека за крытыку недальнабачнай улады? Як можна саджаць за краты ўдзельнікаў незарэгістраваных грамадзкіх арганізацыяў? Гэта што? Норма? Даруйце, для мяне — адназначна не. Дык што, цяпер удзельнікаў літаратурных і мастацкіх незарэгістраваных суполак у кутузку?!
Мне згадваецца нямецкі часопіс “Сымпліцысімус”, які быў ліквідаваны падчас другой усясьветнай вайны, калі ў ім была зьмешчаная карыкатура на Адольфа Гітлера.
Праца ў выдавецтве накладае свае адбіткі на ейных супрацоўнікаў. Больш за ўсё пакутуюць дырэктары, рэдактары ды куратары. Галоўнай пакутай зьяўляецца п’янства. Даволі часта аўтар кнігі жадае аддзячыць супрацоўнікам выдавецтва і наладжвае банкецік. Адны пакуты пераходзяць у другія. Думаю пра кнігу Ірыны Шаўляковай. Увечары яна прыйдзе з каньяком, а кнігі няма… Зрэшты, кніга пад самы вечар зьявілася, як галаўны боль на раніцу.
3 сьнежня, субота
Раніца. Праспаў! Я хутка апранаюся, хапаю партфэль і лячу на аўтобус, што ад’яжджае на дзясятую моладзевую канфэрэнцыю “Погляд у будучыню. Дваццаць гадоў пасьля Чарнобылю”. Увесь час трымаю кантакт па мабільным тэлефоне з кіроўцам і сябрамі. Пасьпяваю.
На канфэрэнцыі я прызначаны да мадэратарства, і тэма нашай майстэрні “СМІ: праблемы ў асьвятленьні рэчаіснасьці”. Група падабралася добрая. Шмат абмяркоўваем, спрачаемся. Але прыходзім да агульнай высновы, што праблемаў вельмі шмат.
Я чытаю вершы. Паэт Зьміцер Плян выходзіць на сцэну і проста моўчкі сядае пры мікрафоне. Ані слова.
4 сьнежня, нядзеля
Тэлефануе з Бэрліна Алесь Родзін. Там мяне чакаюць, але паездка ў мастацкі дом “Тахелес” адсоўваецца на 2006 год. Праз тыдзень будзе дасылаць запрашэньне. Нарэшце. Хачу скончыць раман, падзеі якога якраз разгортваюцца ў Нямеччыне.
5 сьнежня, панядзелак
Некалькі гадоў я не выдаваў кнігі паэзіі, а тут раптоўная прапанова ад незнаёмых людзей: даюць грошы пад зборнік. Думаю, як абазваць гэты праект. Пакуль вагаюся паміж дзьвюма назвамі “Прызнаньні паляўнічага” і “Барабанны пошчак для каханай”. Але падазраю, што ў выніку прыйду да нечага зусім іншага.
Кнігу трэба рабіць, хоць рукапіс з паэзіяй і ляжыць у дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Ды калі там зварухнецца? Да таго ж і цэнзуры баюся. Згадваецца выпадак з вокладкай кнігі “Даты” Ўсевалада Гарачкі, калі аўтару не дазволілі зьмясьціць на ёй выяву карціны з пляшкамі. Маўляў, амаральна. Цуд. Калі такое адбываецца з вокладкамі, дык што можа атрымацца зь вершамі? Многія свае лепшыя творы, дзе ўжываюцца словы кшталту “какаін” ці “марыхуана”, нават і не спрабаваў туды ўключыць. Тут згадваецца, як у 2004 годзе ў часопісе “Маладосць” зь нізкі маіх вершаў “У далечыні траўня” зьляцеў наступны твор:
калі ў панядзелак прыйдзе бадун гэта тады б’юць у бубны і дзьмуць у дуду не ный апранай фрак і шпацыруй у ЦУМ бяры потную пляшку шампанскага і бяры дзяўчыну шаманскую у дворыку або парку на лаўцы будуць сэксуальныя танцы
Напэўна, для кагосьці гэты верш таксама прыклад амаральнасьці. Нельга мастацтва падводзіць пад штампы і ўспрымаць наўпрост, часам падтэкстаў больш, чым падаецца зь першага погляду. Ды пра што казаць!..
А на мінулым тыдні настольны каляндар з выявамі маіх карцінаў перапалохаў гандлярак Цэнтральнай кнігарні. Бо з пункту гледжаньня некаторых занадта адукаваных назва адной з карцінаў “Паход мандавошак на Парыж” — ледзь не парнаграфія! Карацей, не ўзялі каляндар у продаж. Яшчэ і лекцыю пра добрыя паводзіны прачыталі! Я не разумею, што кепскага ў той маленькай жывёлінцы, калі яна выступае ў ролі натуршчыцы? Прычым, назва цалкам сьмешная і філязофская, і прыдумаў яе ў свой час філёзаф Валянцін Акудовіч. Тут можна правесьці паралелі з назвай ягонай кнігі “Разбурыць Парыж”. Хаця, я не выключаю, што расейскага скандаліста Сарокіна ў кніжных крамах зь дзіўнымі маральнымі прынцыпамі адшукаць можна. Таму новую кнігу паэзіі, калі прапаноўваюць выдаваць незалежным шляхам, трэба рабіць! Хоць будзе здаровая і непакалечаная!
Напісаўся вершык:
капілярныя сьцяжынкі бягуць хутчэй цягніка у іх колы нібы сьняжынкі а вокны зробленыя з хустак і чыпсаў калі зіма яны ідуць калі нараджаецца сьмех памірае пачуцьцяў цэлы мех хмель адыходзіць быццам далёкай каханай подых
6 сьнежня, аўторак
Зрабіўшы штодзённы рытуал з балеяй, кавай і тэлебачаньнем, бягу ў выдавецтва. Трэба зрабіць некалькі тэрміновых справаў па кнігах, што рыхтуюцца да друку. Думаю пра кнігі Адама Глобуса і Ганны Кісьліцынай.
Увечары еду ў часопіс “Аптыміст”, дзе працуе адзін з маіх творчых паплечнікаў і найлепшых сяброў — Юрась Барысевіч. Там будзе адзначацца дзень нараджэньня Галіны Булыкі. Цудоўны чалавек, прыгожая жанчына і таленавітая паэтка. Нечаканае запрашэньне. Галіна пабачыла ў Юрася Барысевіча настольны каляндар з выявамі маіх карцінаў і захацела пабачыць аўтара. Мы даўно знаёмыя, але разам, напэўна, ніколі не тусаваліся. Там я сустрэў Валянціна Акудовіча, Алеся Астрацова і цэлую кампанію новых знаёмцаў.
Калі ў рэдакцыйным пакоі атрымалася крытычная маса людзей і… заканчваецца сьпіртное, Юрась і я ў адных швэдрах пакідаем цёплую кампанію і накіроўваемся ў бліжэйшую краму. Набываем брэндзі і торт. Вяртаемся. Цішыня. Грукаемся. Цішыня. Як высьвятляецца, усе сышлі і пра нас забыліся. А мы ўдваіх са сьпіртным і тортам без ключоў — пад дзьвярыма.
7 сьнежня, серада
Вельмі дрэнна спаў. Некалькі разоў прачынаўся. Такое са мной здараецца, калі трэба нешта неадкладна зрабіць і не пасьпяваецца. Так, усе тэрміны здачы сцэнару для здымкаў мастацкага фільму — выйшлі. А тэксту няма. Не ідзе, сволач. А рэжысэр Юры Цімафееў назвоньвае, нэрвуецца, падштурхоўвае. Гэта хутчэй не дапамагае, а перашкаджае. У выніку вырашаю сераду зрабіць творчай — прысьвяціць сцэнару. Пакуты страшэнныя. Але за дзень — некалькі старонак ёсьць. Прычым, здаецца, неблагіх. Тым ня менш, гэта не выратоўвае сытуацыі. Бо ўвечары павінен зьявіцца Цімафееў. Згадваю мульцік пра сцэнарыста, які ўвесь час вешаўся.
Тэлефануе Цімафееў. Зачытваю зробленае па тэлефоне. Ён не задаволены. Сустрэча адмяняецца.
Увечары Дзень нараджэньня паэткі Вікі Трэнас.
8 сьнежня, чацьвер
Думаю пра шум вакол Беллітфонду, у якім цяпер дырэктарам Вячаслаў Корбут. Ведаю яго зь дзяцінства, больш за тое, у Слуцку жылі ў суседніх дамах. А потым у 1995 годзе Вячаслаў, гэтаксама як і я, уваходзіў у літаратурны рух “Бум-Бам-Літ”. Хоць ягоны ўдзел і абмежаваўся адно некалькімі выступамі. Своеасаблівы чалавек. Дык ці выратуе ён сытуацыю вакол фонду ці не?
Сустракаемся з Альгердам Бахарэвічам, абмяркоўваем праект.
Увечары зь сябрамі заходзім у рэстарацыю “Печки-лавочки”, дзе нечакана натрапляю на Зьмітра Вайцюшкевіча.
Тэлефануюць са Славэніі, запрашаюць на фэстываль паэзіі. Жыцьцё працягваецца.