На Канарах арыштавалі ваеннага злачынцу з Харватыі

Радыё Свабода На Канарскіх выспах у Гішпаніі арыштаваны былы харвацкі генэрал Антэ Гатовіна, якога абвінавачваюць у ваенных злачынствах.
Галоўны пракурор Гааскага трыбуналу Карла дэль Понтэ паведаміла, што ён знаходзіцца пад вартай і будзе перададзены ў Гаагу.

Генэральны сакратар НАТО Яп дэ Гоп Схефэр, выступаючы ў Брусэлі, назваў арышт Гатовіны радаснай навіной:

(Схэфер: ) “Арышт Гатовіны – добрая навіна для сьвету. Гэта добрая навіна, што ў рукі правасудзьдзя перададзены чалавек, якога абвінавачваюць у сур’ёзных злачынствах. Гэта добрая навіна ў тым ліку і для Харватыі”.

Так лічыць кіраўнік НАТО.

Былога генэрала доўгі час вышуквалі паводле абвінавачаньня ў злачынствах супраць этнічных сэрбаў у часе вайны ў Харватыі ў першай палове 1990-х гадоў. Патрабаваньне аб ягоным арышце было адной з умоў далучэньня Харватыі да Эўрапейскага Зьвязу.