Івацэвіцкая “Газэта для вас” мае намер выжыць

Міхал Стэльмак, Менск У Івацэвічах заканчваецца тэрмін арэнды рэдакцыйнага памяшканьня, якое здымала недзяржаўная “Газэта для вас”. Гэтае рашэньне было прынятае яшчэ ў кастрычніку. Прадстаўнікі мясцовай “вэртыкалі” патлумачылі рэдактару недзяржаўнага выданьня Лідзіі Цалуйка, што наступным годам у Івацэвічах пройдуць абласныя “Дажынкі” і таму, маўляў, у горадзе плянуюцца зьмены.
У памяшканьні, дзе месьціцца “Газэта для вас”, паводле чыноўнікаў, будзе знаходзіцца кантора раённага камбінату бытавога абслугоўваньня. Дзеля гэтага райвыканкам загадаў вызваліць тыя пакоі, хоць калектыў рэдакцыі займаў іх ужо шмат гадоў, выдаткоўваў сродкі на рамонт. Паколькі без памяшканьня газэта існаваць не можа, то калектыў вырашыў шукаць новае. Расказвае спадарыня Цалуйка:

(Цалуйка: ) “Мы зараз пераходзім у другі будынак. І там такі вялікі рамонт трэба рабіць, таму што іншага памяшканьня нам не даюць. Хаця іх у горадзе навалам. Паўсюдна. Нас туды не пускаюць. Таму будзем арэндаваць гэтае памяшканьне. Яно такое старое, што мы там нават дах рамантуем. Туды мы хутка і пяройдзем. Там яшчэ праблемы з тэлефонам. І яшчэ шмат праблем. У мяне такая каманда, яны ўсе маладыя людзі. Яны ведаюць, што ў Івацэвічах, прынамсі, у бліжэйшы год-два яны нікуды не ўладкуюцца. Іх ніхто ня возьме. Гэта, па-першае. Па-другое, яны хочуць працаваць у газэце. Яны добрыя ў мяне спэцыялісты. І проста добрая такая каманда. Яны б хацелі выдаваць гэтую газэту. Таму пакуль у мяне ўсё спакойна. Ніхто нікуды ня ідзе і ўсё стараецца рабіць так, каб мы выжылі”.

Ужо вядома, што івацэвіцкае выданьне таксама пазбаўленае права падпіскі на наступны год – яго выключылі з падпісных каталёгаў. Сёлета газэта мела каля 4 тысяч падпісчыкаў, яшчэ 2 тысячы асобнікаў распаўсюджваліся пры дапамозе прыватных асобаў. Таму забарона на распаўсюд праз падпіску выклікала абурэньне многіх жыхароў. І ня толькі ў Івацэвічах ды вёсках гэтага раёну, але і ў суседніх – Бярозаўскім, Пружанскім, дзе таксама чытаюць “Газэту для вас”. Лідзія Цалуйка спадзяецца: большасьць іх застанецца і ў новым годзе:

(Цалуйка: ) “У нас ёсьць прыватныя распаўсюджвальнікі. Яны прадаюць газэту. Гэта першае. Газэта будзе прадавацца і будзе купляцца. Яна добра раскупляецца. Па-другое, мы спрабуем заключаць з нашымі чытачамі дамовы на набыцьцё газэты з умовай папярэдняй аплаты. Людзі тэлефануюць з усіх бакоў і пытаюцца. Так што мы ў сёньняшнім нумары газэты будзем ім тлумачыць, якім чынам яны змогуць атрымліваць газэту”.