Каманду Мілінкевіча здымаюць на відэакамэру невядомыя

Казімір Яноўскі, Менск Трэці дзень працягваецца паездка адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары Аляксандра Мілінкевіча па гарадох Гомельскай вобласьці. Сёньня спадар Мілінкевіч наведаў некаторыя паселішчы Рэчыцкага раёну і горад Сьветлагорск.
За апазыцыйным палітыкам увесь час ехаў чырвонага колеру мікрааўтобус “Фольксваген” №97-95 ЕВ з зацемненымі вокнамі. У Гомелі невядомыя пасажыры аўтобуса ня выяўлялі актыўнасьці. А ўчора ў Рэчыцы яны бесперапынна здымалі на тэлекамэру і Мілінкевіча, і тых, хто гутарыў зь ім.

Куды б ні накіроўваўся Аляксандр Мілінкевіч – у прыватны дом, на рынак, у бажніцу – за ім увесь час езьдзіў гэты чырвонага колеру мікрааўтобус з зацемненымі шыбамі.

Учора пасажыры гэтага аўтобусу толькі суправаджалі апазыцыйнага палітыка, а сёньня бесьперапынна здымалі яго на відэастужку. Адначасна і ўсіх тых, з кім Аляксандр Мілінкевіч гутарыў.

На “Славянскім” рынку, калі людзі сталі асьцерагацца гутарыць з палітыкам перад аб’ектывавам, Аляксандр Мілінкевіч і ягоныя паплечнікі спрабавалі высьветліць, хто такія гэтыя апэратары.

(Мілінкевіч – невядомаму апэратару, па-расейску: ) “Ведаеце, мы нармалёва да вас ставімся. Але цяпер – гэта псыхалягічнае ўзьдзеяньне. А тут закон усё-такі на нашым баку. Мы гутарым пра не забароненыя справы. Вы можаце падыйсьці без камэры і спакойна слухаць. А з камэрай – гэта ўсё-такі ўзьдзеяньне. Я лічу, што так нельга рабіць”.

Паколькі таемны апэратар ды ягоныя асыстэнты не называліся сябе, паплечнікі Аляксандра Мілінкевіча пацікавіліся: якое тэлебачаньне ці выданне яны прадстаўляюць?

(Невядомы аператар, па-расейску: ) “Агульнае, для ўсіх”.

(Паплечніца Мілінкевіча: ) “Якое – агульнае?”

(Невядомы апэратар, па-расейску: ) “У любую газэту, куды хочаце. Мы ня супраць”.

(Паплечнік Мілінкевіча: ) “Як жа вы будзеце жыць потым?”

(Невядомы аператар, па-расейску: ) “Добра, спадзяюся”.

(Паплечнік Мілінкевіча: ) “Баюся, што наўрад ці”.

Пасьля рынку каманда Мілінкевіча накіравалася ў праваслаўную бажніцу, а затым – у райаддзел міліцыі. Там была пакінута афіцыйная заява з патрабаваньнем адрэагаваць на перасьлед апазыцыйнага палітыка.

Старшы лейтэнант міліцыі падыходзіў да патаемнага чырвонага мікрааўтобуса №97-95 ЕВ, гутарыў зь ягонымі пасажырамі, але даць каментар адмовіўся.

Намесьнік начальніка міліцыі, падпалкоўнік Ражко паабяцаў сябрам каманды адзінага кандыдата ад апазыцыі спадарам Янукевічу і Вазьняку даць адказ на заяву цягам 10 дзён.

(Мілінкевіч: ) “Па-першае, гэта сур''ёзнае парушэньне правоў чалавека, таму што без майго дазволу ў маё прыватнае жыцьцё ніхто ня мае права ўмешвацца. І мы зьвярнуліся, як мае быць, да міліцыі. Праўда, міліцыя ня хоча адразу казаць, як паводле закону патрэбна. Кажа, дзесяць дзён будзем думаць. Праз 10 дзён мы ўсё ж такі атрымаем адказ. Але калі яны будуць зноў здымаць, мы будзем казаць ім, што яны ня маюць права. Я ня думаю, што будзе бойка, але будзе такая прапанова: пайсьці туды, адкуль прыйшлі”.

Мілінкевіч заявіў, што на псыхалягічны ўціск будзе рэакцыя. Фотаздымкі апэратараў, што вядуць перасьлед, у хуткім часе зьявяцца ў мэдыях, у Інтэрнэце:

(Мілінкевіч: ) “Я ня ведаю дакладна – хто гэта. Магчыма, спэцслужбы. Магчыма, з тэлебачаньня апэратар, які разам з са спэцслужбамі здымае. Хутчэй за ўсё, гэта здымаецца відэарад, каб потым паказваць на тэлебачаньні з рознымі брыдкімі словамі. Ім патрэбны карцінкі, якіх малавата. Яны патрэбныя. Ну я таксама буду размаўляць з тымі сымпатычнымі хлопцамі, якія апускаюць вочы, а самі робяць брудную справу. Мы таксама вядём здымкі. Гэта ўвесь час робіцца – і на фотакамэру, і на кінакамэру. І мы ім сказалі, што яны ў нас ёсьць таксама ёсьць у нашай кіна- і фотатэцы”.

Пра пашырэньне страху ў асяродку людзей казалі ўчора Аляксандру Мілінкевіч і некаторыя рэчыцкія актывісты, што, на іх думку, ускладняе інфармацыйную працу.

Пра страх я пацікавіўся і ў жыхаркі Рэчыцы Алены Іванаўны, добразычлівай сямейнай жанчыны, якая ў прыватным доме прыняла Аляксандра Мілінкевіча дзеля гутаркі з актывістамі:

(Алена Іванаўна: ) “Я нікога не баюся, з працы мяне ўжо выгналі – беспрацоўная”.

Настаўнік гісторыі, які назваўся Анатолем Сяргеевічам і які сам знайшоў Мілінкевіча ў Рэчыцы, мяркуе так:

(Анатоль Сяргеевіч: “Я нічога не баюся. Прастому чалавеку, бедалагу баяцца няма чаго. Як кажуць, жабраку пажар ня страшны”.

І ўсё ж, на людзей ціснуць. За распаўсюд улётак, за мітынгі, выданьне газэт, вольнае слова. І робяць гэта прадстаўнікі спэцслужбаў.

(Мілінкевіч: “Падыход вельмі просты да тых, што працуюць у спэцслужбах, міліцыі, судах. Трэба проста разгледзець, хто парушаў законы, а хто – не. Многія зь іх сёньня парушаюць. І я проста заклікаю ўсіх не рабіць гэтага. Сумленныя людзі будуць працаваць у будучай вольнай Беларусі, а несумленныя – будуць адказваць перад законам”.