Валер Леванеўскі спыніў галадоўку

Алег Грузьдзіловіч, Менск Зьняволены лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі спыніў галадоўку ў Івацэвіцкай калёніі, якая працягвалася больш за тры тыдні. Прычынай гэтага кроку стаў прыезд у калёнію праверкі, якая мусіць разабрацца ў скаргах вязьня. Леванеўскі аднак не зьняў сваіх патрабаваньняў, у тым ліку і адносна пакараньня кіраўніцтва калёніі.
Валер Леванеўскі спыніў галадоўку, якая цягнулася з 13 лістападу. Пра гэта паведаміў сын вязьня Ўладзімер Леванеўскі, спаслаўшыся на апошні ліст ад бацькі.

(Уладзімер Леванеўскі: ) “Мы атрымалі ліст ад бацькі, ў якім ён піша, што спыніў галадоўку, паколькі ў калёнію прыехалі правяраючыя па ягоных скаргах з дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Берасьцейскай вобласьці”.

Пра тое, як ён пачуваецца, Валер Леванеўскі ў лісьце не напісаў.

Адносна дзейнасьці кантралёраў даходзяць супярэчлівыя зьвесткі. Некаторыя вязьні калёніі сьцьвярджаюць, што правяраючыя зь Берасьця настройвалі іх супраць Валера Леванеўскага. Аднак ў берасьцейскай міліцыі кажуць, што прадстаўнікі Камітэту выкананьня пакараньняў проста спрабуюць аб’ектыўна разабрацца ў канфлікце Валера Леванеўскага з кіраўніцтвам адміністрацыі калёніі.

Нагадаю, Валер Леванеўскі пачаў галадаваць, патрабуючы пакараньня выканаўцы абавязкаў начальніка калёніі Міхаіла Кармановіча. За незапраўлены ложак міліцыянт пакараў Леванеўскага пазбаўленьнем спатканьня са сваякамі, а потым забараніў яму атрымаць перадачу і атаварыцца ў турэмнай краме.

Валер Леванеўскі лічыць, што яму проста помсьцяць за ягоную барацьбу за свае правы і правы вязьняў. Лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў патрабуе пакараць Міхаіла Кармановіча ў службовым парадку, а таксама завесьці супраць яго крымінальную справу.

Мне ўдалося патэлефанаваць Міхалу Кармановічу ў Івацэвіцкую калёнію. Прэтэнзіі да яго з боку Валера Леванеўскага міліцыянт камэнтаваць адмовіўся.

(Кармановіч: ) “Ёсьць кантралюючыя органы, якія нас кантралююць, і калі яны знойдуць парушэньні, то прымуць адпаведныя захады”.

У Івацэвіцкай пракуратуры не ўдалося ўдакладніць, як там адрэагавалі на заяву Валера Леванеўскага адносна завядзеньня крымінальнай справы супраць выканаўцы абавязкаў начальніка калёніі Кармановіча.

Нагадаем, лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі асуджаны на два гады пазбаўленьня волі за паклёп на прэзыдэнта. Суд убачыў паклёп ва ўлётцы, якую распаўсюдзіў Валер Леванеўскі напярэдадні мітынгу прадпрымальнікаў. “Прыйдзі і скажы, што ты супраць таго, каб нехта за твой кошт езьдзіў у Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненьне”, – было напісана ва ўлётцы.