Алег Грузьдзіловіч, Менск За 2005 год на 4% павялічылася колькасьць тых, хто стаіць на наркалягічным уліку. Цяпер такіх людзей у Беларусі 253 тысячы. Зь іх алкаголікаў 175 тысяч (сярод іх 6 тысяч — жанчыны). Яшчэ каля 60 тысяч трапілі пад назіраньне лекараў з прычыны злоўжываньня алькаголем.
Пра гэта 6 сьнежня паведаміў галоўны нарколяг краіны Ўладзімер Максімчук. Ён заявіў пра неабходнасьць прыняцьця дзяржаўнай праграмы барацьбы з алькагалізмам. Між тым, з 2000 году ў Беларусі дзейнічала падобная праграма, разьлічаная на пяць гадоў. Аднак за гэтыя гады выраб сьпіртовых напояў у краіне павялічыўся, ня зьменшылася і самагонаварэньне. Штогоду каля 3 тысяч беларусаў паміраюць толькі ад атручваньня алькагольнымі сурагатамі. Паводле зьвестак міліцыі, 37% усіх злачынстваў зьдзяйсьняюцца ў нецьвярозым стане.