“Rzeczpospolita”: Турма за крытыку ўладаў

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польская прэса працягвае пісаць пра зьмены ў беларускім заканадаўстве, якія дазваляюць прысудзіць грамадзяніну краіны турэмнае зьняволеньне “за дэскрыдэтацыю” Беларусі. З публікацыямі ў польскіх газэтах вас пазнаёміць варшаўскі карэспандэнт.
“Турма за крытыку ўладаў” – такі загаловак мае артыкул у сёньняшнім нумары аўтарытэтнага польскага штодзёньніка “Rzeczpospolita”. Газэта цытуе словы беларускіх апазыцыйных палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, якія згодна заяўляюць, што ухваленыя напярэдадні палатай прадстаўнікоў папраўкі накіраваныя на тое, каб “здушыць любыя праявы апазыцыйнасьці ў выказваньнях беларусаў” і супярэчаць нават дзеючай цяпер канстытуцыі краіны.

“Цяпер улада можа пасадзіць у турму ўсіх, хто выступае супраць яе, а нават тых, хто недастаткова моцна яе падтрымлівае”, – піша “Rzeczpospolita”.

Польскі штодзёньнік адзначае таксама, што некалькі паправак да зьменаў у крымінальнае заканадаўства, якія прапаноўваліся ў часе слуханьняў, былі адкінутыя дэпутатамі, так што ўсё засталося дакладна так, як прапаноўваў ініцыятар зьменаў – цяперашні кіраўнік беларускай дзяржавы. Паводле “Rzeczpospolitej”, Рада Рэспублікі наўрад ці адважыцца заблякаваць папраўкі, бо большасьць яе сяброў прызначаныя Лукашэнкам.

Між тым “Gazeta Wyborcza” зьмяшчае сёньня артыкул з загалоўкам “Ці паўстала анты-СНД?”, у якім расказваецца пра стварэньне ў Кіеве шэрагам краінаў цэнтральнай і ўсходняй Эўропы Садружнасьці дэмакратычнага выбару.

“Новая арганізацыя, як казалі прэзыдэнты Юшчанка і Саакашвілі, не накіраваная супраць нікога. У распаўсюджанай напрыканцы саміту дэклярацыі гаворыцца аб тым, што арганізацыя будзе месцам для сталых захадаў на карысьць узмацненьня рэгіянальнага супрацоўніцтва і пашырэньня дэмакратыі і правоў чалавека.

“Хаця пад такімі мэтамі падпісалася б напэўна кожная дзяржава, у тым ліку і аўтарытарныя Расея і Беларусь, Пуіцна і Лукашэнкі у Кіеве не было”, – напісала ў сёньняшнім нумары “Gazeta Wyborcza”.