Міліцыя правяла ператрус у кватэры Сьветлагорскага актывіста

Казімер Яноўскі, Гомель У Сьветлагорску а 20-й гадзіне намесьнік начальніка міліцыі Пётра Зыкун ды яшчэ пяцёра міліцыянтаў пад выглядам пошуку наркотыкаў правялі ператрус у кватэры грамадзкага актывіста, старшыні раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Тэльмана Масьлюкова.
Сканфіскаваны ўлёткі “16” пра акцыю салідарнасьці “Запалі сьвечку”, каля 200 асобнікаў мясцовай газэты “Рэгіянальныя навіны”, а таксама два капіявальныя апараты.

Міліцыянты мелі санкцыю толькі на агляд кватэры, але ўчынілі ператрус.

Тры тыдні таму падобны ператрус міліцыя зрабіла ў кватэры сябра ТБМ Вадзіма Богдана. Рада ТБМ даслала ў міліцыю заяву пратэсту. Выглядае, што на заяву міліцыя адказала новым ператрусам, гэтым разам жытла кіраўніка арганізацыі ТБМ.

Сёньня ж у Гомелі на чыгуначным вакзале супрацоўнікі міліцыі затрымалі сябра незарэгістраванага маладзёвага руху “Зубр” Паўла Машарава. Ён ужо каля дьзвюх гадзінаў знаходзіцца ў пастарунку міліцыі, разьмешчаным непасрэдна на вакзале. Матывы затрыманьня невядомыя.