“У Кіеве вызначаецца вэктар эўрапейскай палітыкі адносна Беларусі”

Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня завяршаецца візыт адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча ва Ўкраіну. Там заплянаваная ягоная прэсавая канфэрэнцыя.
Учора спадар Мілінкевіч выступіў на міжнародным грамадзкім форуме “Супольнасць дэмакратычнага выбару”, арганізатарам якога разам з іншымі ўплывовымі інстытутамі з’яўляецца міністэрства замежных спраў Украіны. Аляксандр Мілінкевіч прэзэнтаваў бачаньне беларускімі дэмсіламі разьвіцьця палітычнай сытуацыі ў Беларусі і пэрспэктываў замежнапалітычнага супрацоўніцтва.

Нагадаю, што ўчора мэдыі цытавалі выступ Аляксандра Мілінкевіча на міжнародным форуме ў Кіеве. Лідэр беларускіх дэмсілаў заявіў, што ў Беларусі пасьля выбараў 2006 года адбудзецца рэвалюцыя духа. “Мы ня верым у тое, што беларускі рэжым пагодзіцца правесьці сумленныя й празрыстыя выбары, паколькі ў нас даўно ніхто ня лічыць галасы, і мы абяцаем, што выведзем людзей на вуліцы”, – сказаў у прамове спадар Мілінкевіч. Ён таксама нагадаў, што стратэгія кампаніі будзе простай – “ад дзьвярэй да дзьвярэй”.

Раней спадар Мілінкевіч гаварыў пра тое, што неабходна як мага паменшыць колькасьць замежных візытаў і больш езьдзіць па краіне. Ці памянялася ягонае меркаваньне?

(Мілінкевіч: ) "Такія візыты таксама вельмі важныя, таму што трэба з суседзямі сустрэцца на розных узроўнях. Дзе атрымліваецца, ніжэй узровень, дзе вышэй. Але ўсе яны вельмі карысныя. У Вільні быў вельмі высокі ўзровень прыёму, таму што была афіцыйная сустрэча з прэзыдэнтам Літвы Валдасам Адамкусам. І я лічу, што гэта вялікі посьпех беларускіх дэмакратычных сілаў, калі адзіны кандыдат мае магчымасьць сустрэцца з прэзыдэнтам. Ва Ўкраіне не заплянавана афіцыйнага візыту да прэзыдэнта, але мы аб ім і не дамаўляліся. Але я вам скажу, што на такіх канфэрэнцыях, як тут, вельмі многае фармулюецца дачынна палітыкі іншых краінаў наконт Беларусі. Таму я лічу вельмі важным уплываць на гэтыя рэчы. На такіх сустрэчах, якія адбываюцца ў Кіеве вызначаецца ўвогуле вэктар эўрапейскай палітыкі адносна нашай краіны. Я лічу, што гэта абсалютна не змарнаваны час”.

Знаходжаньне Аляксандра Мілінкевіча ў Кіеве супала з самітам Украіна-Эўрапейскі Зьвяз і сёньняшнім самітам дэмакратычных краінаў Усходняй Эўропы. Там сабраліся першыя асобы шэрагу краінаў. Спадар Мілінкевіч не выключае, што сёньня могуць адбыцца неафіцыйныя сустрэчы з вядомымі палітыкамі і, магчыма, першымі асобамі некаторых краінаў. На форуме ў Кіеве вызначаецца, як будуць сябе супольна паводзіць заходнія краіны адносна Беларусі ў год прэзыдэнцкіх выбараў. Як Эўропа можа дапамагчы дэмакратычнаму працэсу, незалежным мэдыям, як яна можа забясьпечыць і гарантаваць празрыстасьць і дэмакратычнасьць выбараў у Беларусі. Але асноўны разьлік аб’яднаная апазыцыя робіць на свае сілы.

(Мілінкевіч: ) "Мы разьлічваем на свае сілы. Мы ведаем, што справа дэмакратызацыі Беларусі - гэта справа беларускага народу. Але падтрымка міжнароднай супольнасьці, салідарнасьць для нас надзвычай важная. Таму што Беларусь сама сябе ўпакавала ў самаізаляцыю, а мы хочам вывесьці яе з гэтага. І мы хочам гарантаваць эўрапейскім краінам, што новая Беларусь будзе праводзіць зусім іншую, новую палітыку”.

Пасьля візыту ва Ўкраіну Аляксандар Мілінкевіч працягне сэрыю паездак у Беларусі. 5 сьнежня ён накіруецца ў Гомель, потым наведае Рэчыцу, Сьветлагорск, Жлобін, Асіповічы, Мар’іну Горку, Сьвіслач і Маладэчна.