Калі зімой не памерзьнеш, то й летам не сагрэесься

Сяргей Панізьнік, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Сяджу на прыдзьвінскім беразе, слухаю вясковых філёзафаў. От ужо прайдохі! Добрае навучаньне мелі ў калгаснай рэзэрвацыі. Кожнага зь іх да волі на дых не падпускалі.

Ведае мой чарговы суразмоўца: пашавяліся – дадуць у ту́хмалку, і сьвятых не абачыш. Таму такі ўжо асьцярожны: на лес не ляціць, на нож ня лезе. Іх вучылі, а яны сваіх дзетак вучаць: “Ня думай, як думаецца, а думай, як давядзецца; проці ночы сам сабе ня вер; цераз галаву й конь ня скача...” А калі гавораць пра палітыку, то так, каб і сьцены ня чулі.

Заводжу гутарку пра будучыя выбары, пра адзінага кандыдата. Суразмоўца хоча абуць мяне ў лапці: “Думаеш, лёгка зь печы ў боты скокнуць? А фінтос пад нос! У нас зэдлік лаве падчыняецца”. Пытаюся: “Гэта вы пра каго?” Кажа: “А пра таго, хто такі ўмелы, што і ад яйка адалье. Наверсе служакі з калена выламаюць, а працэнты пакажуць”. “А што рабіць?” – наўпрост задаю пытаньне. Хітрун роднага электарату цяпер ужо ў мяне пытаецца: “Каб чорт мазуту ня гнаў? Прыходзьце да нас у добры час, пакумекаем. Жыць – не мяшок шыць. Але ўсе вы там знайце: будзеце нядотыкі сьвяткаваць – згультаецеся і прайграеце. Калі зімой не памерзьнеш, то й летам не сагрэесься”.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)