Амбасадар Кітаю ў Беларусі лічыць “каляровыя рэвалюцыі” выбарам народу

Валер Каліноўскі, Менск Амбасадар КНР у Беларусі У Хунбінь на прэсавай канфэрэнцыі з нагоды дзяржаўнага візыту ў КНР А.Лукашэнкі, які пачынаецца 4 сьнежня, распавёў аб двухбаковых дачыненьнях у палітычнай, вайсковай і эканамічнай галінах. Амбасадар заявіў, што кітайскі бізнэс лічыць інвэстыцыйны клімат у Беларусі неспрыяльным.
Супрацоўніцтва Беларусі і Кітаю ў палітычнай галіне амбасадар У Хунбінь назваў пасьлядоўным: Беларусь адной зь першых выступіла ў падтрымку кітайскага закону наконт прыналежнасьці яму Тайваню; Пэкін заступаўся за афіцыйны Менск, калі яго крытыкавалі ў Камітэце правоў чалавека ААН. Гаворачы аб нядаўніх “каляровых рэвалюцыях у краінах СНД, амбасадар У Хунбінь прызнаў, што ў яго краіне няма нэгатыўнага стаўленьня да іх, “інакш кітайскія камуністы былі б контрарэвалюцыянэрамі”.

(Хунбінь: ) “Мы паважаем выбар народу кожнай канкрэтнай краіны. Замена ўлады — гэта нармальная зьява ва ўсіх краінах, толькі каб яна адбывалася мірным шляхам”.

Гаворачы пра крытыку на адрас Кітаю ў галіне правоў чалавека, амбасадар заявіў, што тут няма агульнапрызнага стандарту, але такая крытыка вывучаецца, і ўлады Кітаю знаходзяць свае недахопы і праблемы і паступова іх пераадольваюць. Амбасадар скептычна паставіўся да заяваў беларускіх уладаў наконт магчымасьці перайманьня імі кітайскай мадэлі рэформаў:

(Хунбінь: ) “Мы ажыцьцяўляем іх, зыходзячы з нашых традыцыяў, нашай філязофіі, і ня думаем, што нашую практыку, наш досьвед могуць перанесьці на іншую зямлю”.

У Хунбінь назваў рэальнымі пляны двухразовага росту ўзаемнага гандлю паміж Кітаем і Беларусьсю, але для гэтага, паводле амбасадара, патрэбен навуковы падыход і супрацоўніцтва на аснове рынкавай эканомікі, і каб улады не ўмешваліся ў бізнэс. Беларусь прапануе кітайцам інвэставаць у некаторыя буйныя аб’екты, у прыватнасьці, у Парк высокіх тэхналёгіяў.

(Хунбінь: ) “Некаторыя нашыя прадпрыемствы яшчэ вагаюцца. Пакуль яны думаюць, што ўмовы для інвэстыцыяў тут нездавальняючыя. Некаторыя нашыя беларускія сябры пытаюць: “Чаму кітайцы да нас не прыяжджаюць?” Наадварот, яны прыяжджаюць, але ад’яжджаюць з пустымі рукамі”.

У Хунбінь падкрэсьліў, што вольныя грошы ў прыватнага бізнэсу ў Кітаі ёсьць, прычым вялікія грошы, але нягледзячы на сяброўскія адносіны Беларусі і КНР, атмасфэра для інвэстыцыяў у Беларусі ня вельмі здавальняючая, і кітайскія прыдпрымальнікі ўсё яшчэ чакаюць сваіх шанцаў. Амбасадар падкрэсьліў, што ў Кітаі рынкавая эканоміка, і справа там робіцца не паводле загаду начальства, а зыходзячы з прынцыпу выгады. У сувязі з гэтым узьніклі пэўныя непаразуменьні паміж беларускіх і кітайскім экспэртамі ў перамовах наконт кітайскага крэдыту на рэканструкцыю Менскай ТЭЦ-2. Але У Хунбінь спадзяецца, што да візыту А.Лукашэнкі выйсьце з гэтага становішча будзе знойдзена.

Як паведаміў амбасадар КНР, падчас візыту А.Лукашэнкі ў Пэкін будзе падпісана каля дзесяці пагадненьняў аб супрацоўніцтве ў галіне турызму, інфармацыі, мытнай сфэры, статыстыкі і іншага. Кітайскі бок зацікаўлены ва ўдзеле беларускіх кампаніяў у адбудове заходняй часткі краіны. Станоўчую ацэнку амбасадара КНР атрымала двухбаковае вайсковае супрацоўніцтва.