“Апазыцыянэраў у правінцыі амаль не засталося — пазьяжджалі за мяжу”

Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.
Якія настроі пануюць сёньня ў асяродзьдзі беларускіх чыноўнікаў? Ці ёсьць сярод уладнай намэнклятуры асобы, якія гатовыя падтрымаць палітычныя зьмены ў дзяржаве, альбо самі ініцыяваць такія зьмены?

Журналіст Аляксандар Фядута зь Менску, які ўважліва сочыць за інтэрнэт-старонкай “Свабоды”, адгукнуўся на ліст на гэтую тэму Алега Марціновіча з Баранавічаў. У допісе, які прагучаў 20 лістапада, спадар Марціновіч выказаў меркаваньне, што беларуская намэнклятура ня пойдзе за Аляксандрам Мілікевічам, паколькі бачыць у ім пагрозу ўласным інтарэсам. А ад прэзыдэнта Лукашэнкі, як лічыць слухач, намэнклятура рана ці позна дачакаецца дзяржаўнай уласнасьці.

“Пабудова дэмакратычнага грамадзтва зусім не ўваходзіць у пляны намэнклятуры, якая прыцерлася да Лукашэнкі, — пісаў Алег Марціновіч. — Адрозна ад Юшчанкі і Саакашвілі, у Мілінкевіча ўвогуле ня будзе падтрымкі ад таемна апазыцыйнай намэнклятуры (калі такая намэнклятура ўвогуле хоць якім-небудзь чынам адважыцца сябе выявіць)”.

У Аляксандра Фядуты — уласная характарыстыка беларускай намэнклятуры. Нагадаю нашым слухачам: Аляксандар Фядута ў 1994 годзе сам быў высокапастаўленым чыноўнікам у адміністрацыі прэзыдэнта Лукашэнкі, але пакінуў пасаду пасьля зьяўленьня ў дзяржаўных газэтах белых плямаў на месцы, дзе павінен быў друкавацца антыкарупцыйны даклад дэпутата Антончыка. У сваім электронным лісьце на “Свабоду” Аляксандар Фядута піша:

“Беларуская намэнклятура — абсалютна такая ж, як і ва Ўкраіне, і ў Грузіі. Ні там, ні там намэнклятура зусім не жадала дэмакратызацыі грамадзтва. Для намэнклятуры дэмакратыя — кшталту нестабільнасьці, і Лукашэнка на гэтым умела гуляе. Аднак ва ўсе часы намэнклятура ішла за моцным, за пераможцам. Будзе Мілінкевіч перамагаць — і чыноўнікі стануць у чаргу, каб толькі даказаць яму сваю ляяльнасьць. Згадайце: такое ўжо было ў 1994 годзе, калі пасланцы ад Мясьніковіча, Антановіча, Замяталіна таемна сустракаліся з прадстаўнікамі Лукашэнкавага штабу (я пішу пра гэта ў сваёй кнізе)”.

Відавочна, Аляксандар Іосіфавіч, вы з улікам вашага ўласнага досьведу лепш за іншых ведаеце рэальныя настроі ў чыноўніцкім асяродзьдзі. Няцяжка здагадацца, што памятае тыя перадвыбарчыя сакрэтныя перамовы 1994 году з высокапастаўленымі начальнікамі з атачэньня Вячаслава Кебіча, якія вы згадваеце ў сваёй кнізе, і Аляксандар Лукашэнка. Можа, таму і дэманструе пры кожнай нагодзе сваю цьвёрдасьць і жорсткасьць — каб не сумняваліся, што ён трымае ў сваіх руках уладу зусім ня так, як ягоны папярэднік. А што ў сёньняшніх беларускіх умовах бывае зь перабежчыкамі — намэнклятуры ня раз было даходліва паказана на канкрэтных прыкладах.

На гэтую ж тэму кароткі ліст-заўвага ад нашага слухача Леаніда Дубка са Слуцку. Ён піша:

“Апазыцыю мясцовая ўлада прыціснула так, што ёй ужо дыхаць няма як. Прычым, робяць гэта чыноўнікі з задавальненьнем, паколькі якім-небудзь чынам пакараць апазыцыянэра — значыць, прадэманстраваць начальніку свае імпэт і адданасьць афіцыйнаму курсу. І тое, што па “Свабодзе” часам гучаць галасы, нібы частка чынавенства таемна падтрымлівае апазыцыю, я лічу бязглузьдзіцай. У чым і дзе вы бачылі тую падтрымку? Апазыцыянэраў хутка зусім не застанецца. Усе хітрэйшыя даўно зьехалі за мяжу. А хто застаўся — кінулі палітыку, паслухмяна працуюць на дзяржпрадпрыемствах і ва ўстановах і дрыжаць, каб гэтай працы ня страціць. Тыя, хто яшчэ трапечуцца — праставатыя дзівакі, якім няма чаго губляць і няма за каго баяцца. У іх, як правіла, ні працы, ні сям’і… Але няўжо можна ўсур’ёз думаць, што за імі пойдуць людзі?”

У вашых развагах, спадар Дубок, шмат горкай праўды, пра якую прадстаўнікі апазыцыі ня дужа ахвотна гавораць. Асабліва гэта датычыць рэгіёнаў — райцэнтраў і вёсак, дзе людзі адчуваюць сябе асабліва залежнымі ад мясцовых чыноўнікаў, дзе ўсе навідавоку і цяжка знайсьці працу. Але тое, што людзі ў такіх умовах не выказваюць сваёй нязгоды з афіцыйнай палітыкай, яшчэ зусім ня значыць, што яны з гэтай палітыкай пагаджаюцца.

Наш слухач Алесь Цадко з Маладэчна ў сваім лісьце на “Свабоду” разважае пра тое, якая будучыня чакае беларускую дзяржаву.

“На мой погляд, Лукашэнка блізкі да стварэньня клясычнай таталітарнай дзяржавы кшталту СССР. У такой дзяржаве ня будзе незалежнай прэсы, а палітычныя партыі застануцца толькі тыя, што ляяльныя да яго — гэта, напрыклад, артадаксальныя камуністы-сталіністы ды лібэрал-дэмакраты Гайдукевіча. Дамінуючай жа будзе партыя ўлады і ейная вэртыкаль — клон колішніх абкамаў ды райкамаў партыі. Ну, і так званыя “прывадныя рамяні” — паслухмяныя прафсаюзы, БРСМ, заводзкія ідэалягічныя аддзелы, вэтэранскія арганізацыі і дзяржаўныя мэдыі. Падчас мінулых выбараў у нас у Маладэчне ўвесь гэты мэханізм дзейнічаў на поўную моц.

Працуюць жа яны не на грамадзкіх асновах, а за добрую зарплату, якая большасьці рабочых і ня сьнілася. А колькі каштуе ўтрыманьне велізарнай колькасьці падразьдзяленьняў кшталту АМОНу ды палітычнага вышуку КДБ? Вядома, улада ніколі ня будзе афішаваць такіх зьвестак, бо ўсё гэта створана дзеля захаваньня неабмежаванай улады аднаго чалавека. Незразумела толькі, чаму кіраўнікі апазыцыі не абнародуюць гэтых зьвестак (хоць бы прыблізна). Ёсьць жа Інтэрнэт, ваша радыё, спадарожнікавыя тэлеканалы, тэлебачаньне Польшчы, Украіны, дзяржаваў Эўразьвязу”.

У Беларусі, спадар Цадко, падобная інфармацыя засакрэчаная. (Зрэшты, гэтак жа было і ў колішнім Савецкім Саюзе.) І колькасьць асабовага складу спэцпадразьдзяленьняў і спэцслужбаў, і іхнае фінансаваньне лічацца дзяржаўным сакрэтам, за разгалошваньне якога пагражае такая ж адказнасьць, як за замах на нацыянальную бясьпеку. Вядома, прыблізныя лічбы часам мільгаюць у адкрытым друку. Ускосна іх няцяжка атрымаць пры ўважлівым аналізе дзяржаўнага бюджэту. І мы пры нагодзе называем іх у сваім эфіры. Хоць для недасьведчанага чалавека гэтыя лічбы мала што гавораць. І дарэмна вы, спадар Цадко, лічыце, што іхнае агучваньне здольнае нейкім істотным чынам паўплываць на стаўленьне грамадзтва да гэтай праблемы.

Наш слухач Алесь Станкевіч з Горадні ў сваім лісьце разважае пра стаўленьне ўлады да праблемы беларускай мовы:

“Вось нядаўна пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч пахваліла Лукашэнку за тое, што ён вельмі даступна выступае на зразумелай усім расейскай мове. Але пры гэтым не сказала, што ён не валодае беларускай мовай і ня раз пагарджаў ёю. Калі б Лукашэнка захацеў, то за адзінаццаць гадоў мог бы свабодна авалодаць беларускай мовай. Памятаю, яшчэ перад выбарамі 1994 году Лукашэнка, адказваючы на пытаньне аб мове, казаў, што галоўнае — гэта “запусьціць” заводы, падняць эканоміку, накарміць людзей, а потым ужо можна будзе гаварыць і пра мову. І вось цяпер ён быццам бы падняў эканоміку, зьнізіў цэны, накарміў людзей — і пры гэтым душыць беларускую мову, культуру і ўсё беларускае”.

Беларускую мову, спадар Станкевіч, прэзыдэнт Лукашэнка ведае — тут я з вамі не пагаджаюся. Ён рос у вёсцы, сярод беларускамоўных людзей, вучыўся ў вясковай школе. Ды і ў першыя гады свайго прэзыдэнцтва ня раз выступаў па-беларуску. Іншая рэч — ягонае стаўленьне да беларускай мовы. Рэфэрэндум 1995 году і наступнае пасьлядоўнае выцясьненьне мовы з усіх сфэраў грамадзкага ўжытку выразна пра гэта сьведчаць.

У сярэдзіне лістапада, адказваючы на пытаньні магілёўскіх студэнтаў пра дыскрымінацыю беларускай мовы Аляксандар Лукашэнка сказаў: “Давайце пакінем нашу расейскую мову і нашу беларускую мову. І спакойна будзем удасканальваць сваю родную мову, без надрыву і рэвалюцыяў. Людзі самі вызначацца. Гэта і ёсьць сапраўдная свабода, калі чалавек можа абраць свой шлях у тым ці іншым напрамку”.

Нібыта і правільныя словы — калі нічога ня ведаць пра сапраўднае становішча, у якім існуюць сёньня ў Беларусі расейская і беларуская мовы, калі пакінуць за дужкамі дзяржаўную моўную палітыку, дыскрымінацыю беларускамоўных грамадзянаў. Увогуле, прыблізна тую ж пазыцыю прэзыдэнт Лукашэнка адстойваў і ў сярэдзіне 1990-х гадоў, тыя ж словы пра свабоду выбару казаў, абгрунтоўваючы неабходнасьць рэфэрэндуму. Так, людзі дзесяць год таму прагаласавалі за роўнасьць беларускай і расейскай моваў, іх аднолькавы дзяржаўны статус. І дзе тая роўнасьць? Што дзяржава зрабіла за гэты вялізны час, каб беларускамоўныя грамадзяне не сутыкаліся на кожным кроку з дыскрымінацыяй?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by