Купалаўскі тэатар адзначыў сваё 85-годзьдзе

Вячаслаў Ракіцкі, Прага Тэатар імя Янкі Купалы доўгі час называўся Беларускім першым дзяржаўным тэатрам – БДТ-1. І хоць ён ужо даўно мае іншую назву, але і сёньня ён у Беларусі застаецца першым. Перадусім, ён першы ў акторскім мастацтве. Гэтая сцэна памятае ўзьлёты духу і майстэрства дзесяткаў зорак, якімі нацыя мае права ганарыцца.
Ірына Ждановіч, Вольга Галіна, Вера Пола, Глеб Глебаў, Барыс Платонаў, Лідзія Ржэцкая, Леанід Рахленка, Зьдзіслаў Стома, Сьцяпан Бірыла, Стэфанія Станюта. За гэтымі і яшчэ дзесяткамі не названымі тут прозьвішчамі -- ролі, якія ўрэзаліся ў памяць, зь якімі жывеш. Бо яны былі праўдзівымі, псыхалягічна дакладнымі, сцэнічна выразнымі. Нават калі тэатар шукаў новыя формы, сьмела экспэрымэнтаваў, актор тут заставаўся галоўнай фігурай. Вось тут і адказ, чаму Купалава “Паўлінка” ў пастаноўцы Льва Літвінава стала сцэнічнай клясыкай і болей як 60 гадоў не пакідае сцэну. А клясычнымі спэктаклямі можна назваць ня толькі “Паўлінку”.

Пару тыдняў таму я глядзеў тэлевізійную вэрсію трагікамэдыі “Трыбунал” Андрэя Макаёнка ў пастаноўцы Валерыя Раеўскага. Зноў, як і 30 гадоў таму, спэктакль уразіў мяне актуальнасьцю мастацкай мовы і бліскучым акторскім ансамблем, выключнай тонкасьцю народных характараў. І ня верыцца, што з удзельнікаў пастаноўкі ў жывых застаецца толькі Генадзь Аўсяньнікаў. Памерлі Галіна Макарава, Павал Дубашынскі, Ліля Давідовіч, Галіна Бальчэўская, Аляксандар Уладамірскі, Уладзімір Кудрэвіч, а спэктакль зь іхным удзелам, хай і на відэастужцы, але жыве. Ня проста захоўваецца, а жыве.

Сапраўды, сёньня тэатар імя Янкі Купалы перажывае складаны пэрыяд зьмены акторскіх пакаленьняў. У некалькіх спэктаклях, якія пабачыў у гэтым сэзоне, на сцэне шмат моладзі, і яны не губляюцца побач з такімі майстрамі, як Генадзь Гарбук, Віктар Манаеў, Марыя Захарэвіч ці Зоя Белахвосьцік. Веру, што ў іх таксама можа ярка скласьціся акторскае жыцьцё. Асабліва, калі пасьпяхова пройдзе і зьмена рэжысуры, працэс які таксама сёньня адбываецца.

Вось ужо тыдзень я знаходжуся пад уражаньнем спэктакля, якім тэатар адсьвяткаваў свой юбілей. Гэта -“Сымон-узыка” паводле драматычнай паэмы Якуба Коласа. Рэжысэр Мікалай Пінігін прачытаў твор як трагічную гісторыю мастака, ці шырэй – неардынарнай, таленавітай асобы, якая ня можа адбыцца ў краіне, дзе пануе гвалт і жабрацкая псыхалёгія. Зноў жа спэктакль ўразіў вытанчанай формай, яркай нацыянальнай вобразнасьцю, высокім эмацыйным градусам. І, як звычайна, цэлай абоймай дасканалых акторскіх прац. Цяпер тэатар мае ў рэпэртуары бліскучую трылёгію паводле беларускай клясыкі ў пастаноўцы рэжысэра Мікалая Пінігіна – “Ідылія” Дуніна-Марцінкевіча, “Тутэйшыя” Купалы і “Сымон-музыка” Коласа. Трылёгія, у якой спалучаюцца і нацыянальныя сцэнічныя традыцыі, і сучасная форма. А галоўнае -- яны аб’яднаныя сучасным роздумам сучасных творцаў пра лёс нацыі і краіны. Гэта тое, чым і мае займацца Нацыянальны тэатар. Менавіта гэта і надалей працягваць я і жадаю свайму любімаму тэатру ў дні яго юбілею.