Аўтуховіч адмаўляецца ад кропельніцы на 44-ы дзень галадоўкі

Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня 44-гі дзень галадоўкі за кратамі прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. Ён пратэстуе супраць зьняволеньня і называе несправядлівымі абвінавачваньні супраць сябе ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Упершыню ад пачатку галадоўкі адвакат арыштаванага прадпрымальніка і турэмныя мэдыкі абмяркоўвалі стан яго здароўя. Дактары кажуць, што Аўтуховіч адмаўляецца, каб яму ставілі кропельніцу. Тым часам у Ваўкавыску шэсьць галадоўнікаў трынаццаты дзень працягваюць акцыю салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам.
Адвакат Галіна Іванова наведала гарадзенскую турму, каб паразмаўляць з дактарамі мэдчасьці. Яны сказалі ёй, што назіраюць за станам Мікалая Аўтуховіча, што маюць кропельніцы і гатовыя былі паставіць яму кропельніцу, але ён рэзка адмовіўся. А прымусам зрабіць яму гэта яны ня маюць права, зазначае адваката. Мэдыкі папрасілі Галіну Іванову аб наступным:

(Іванова:) “Пакуль таксама прасілі, каб і мы са свайго боку яго паўгаворвалі, каб хаця б згадзіўся на кропельніцу, калі ён дазволіць, яны яму паставяць кропельніцу, каб хоць падтрымліваць ягоны стан. Мэдыкі цудоўна разумеюць і яны заклапочаны, таму што ня дай божа што — яны будуць крайнімі, бо ў любы момант можа невядома што адбыцца”.

Адвакат гаворыць, што напэўна яшчэ тыдзень-два галадоўкі Аўтуховіча і ў аргнізме могуць пачацца незваротныя працэсы. Яму зрабілі кардыяграму, сказалі Галіне Івановай, і кардыяграма як быццам нармальная.

Сьледзтва па справе Аўтуховіча мела быць скончана 30 лістапада, але сёньня адвакаты зазначаюць, што эканамічная экспэртыза не гатова, і сьледзтва зацягваецца. Гаворыць адвакат Надзея Станкевіч:

(Станкевіч:) “Думаю, што да канца яшчэ далёка. І ня думаю, што так проста будзе, мяркую, што адной экспэртызай не абмяжуюцца па такой складанай справе. І ў мяне вялікі сумнеў, што гэта ўвогуле закончыцца да канца гэтага году. Праўда, гэта маё бачаньне, маё перакананьне, а ўжо як там будзе насамрэч, не магу сказаць”.

Мікалая Аўтуховіча арыштавалі 14 кастрычніка ў Горадні. Яго абвінавачваюць ва ухіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Яму налічылі недаплачаных падаткаў — 679 мільёнаў рублёў. Крымінальная справа супраць прадпрымальніка датычыць другой часткі артыкула 243, якім прадугледжана пакараньне — ад трох да сямі гадоў зьняволеньня. Суд можа пры гэтым таксама канфіскаваць маёмасьць.

Сёлета на волі прадпрымальнік двойчы галадаў, у прыватнасьці, супраць вялікіх штрафных санкцыяў, якія спаганяла падатковая служба з дапамогай Вышэйшага гаспадарчага суду. Галадоўка ў сакавіку-красавіку стала масавай, Аўтуховіча падтрымалі больш за трыццаць чалавек.