“Аляксандр Лукашэнка ўкусіў маскоўскі бот”

Віталь Цыганкоў, Прага Расейскія СМІ шмат пішуць пра ўчорашнюю прэсавую канфэрэнцыю Аляксандра Лукашэнкі. Адны зьвяртаюць увагу найперш на заяву беларускага лідэра пра тое, што ў гэтак званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі ня будзе пасады прэзыдэнта, іншыя з захапленьнем малююць вобраз Беларусі як квітнеючай і беспраблемнай краіны.
“Аляксандр Лукашэнка ўкусіў маскоўскі бот”, – піша “Коммерсантъ”, цытуючы словы беларускага прэзыдэнта пра тое, што Беларусь ня мае намеру ствараць саюзную дзяржаву з Расеяй “на шкоду свайму сувэрэнітэту. Мы на такую дзяржаву ніколі не пойдзем, калі асновапаложныя рэчы будуць кінутыя пад бот”, – сказаў Лукашэнка і дадаў “Расейскі бот ня здолее расьціснуць нашую сацыяльную палітыку”.

“Прэзыдэнта ў саюзнай дзяржавы ня будзе” – выносіць у загаловак “Независимая газета”.

“Параза цяперашняй улады ў Беларусі будзе такім ударам па Расеі, ад якога яна ня хутка ачуняе” – гэтыя словы Лукашэнкі падкрэсьліваюць “Известия”.

Выданьне “Газета” адзначае, што для расейскіх журналістаў, якіх “Газета” называе “прэс-турыстамі”, была падрыхтаваная спэцыяльная праграма – на працягу трох дзён у суправаджэньні высокіх чыноўнікаў іх вазілі на экскурсіі па лепшых калгасах і прадпрыемствах, яны нават наведалі рэзыдэнцыю беларускага Дзеда Мароза.

Ня дзіва, што вынікам такой культурнай праграмы становяцца матэрыялы накшталт таго, што зьявіўся ў газэце “Труд”. “Зь першага і да апошняга дня ў Беларусі мы не пераставалі зьдзіўляцца адной дастаткова дзіўнай акалічнасьці, – піша журналіст выданьня. – Паўсюль – на афіцыйных шыльдах і рэклямных плякатах, у СМІ і ў побытавых зносінах – пераважала расейская мова. Можна без перабольшваньня канстатаваць, што скажам, Магілёў альбо Бабруйск чыста зьнешне успрымаюцца больш расейскім гарадамі, чым нават сама Масква, якую запаланіла англамоўная рэкляма”. Хтосьці з журналістаў нават эмацыянальна заўважыў: “Але ж беларусы, бадай, большыя расейцы, чым многія з нас” – – захапляецца журналіст газэты “Труд” у артыкуле “Маё адкрыцьцё Беларусі”.

Журналіст апісвае перадавыя прадпрыемствы з замежнымі тэхналёгіямі, калгасы з кампутарнай дойкай кароў. "З 232 калгасаў Магілёўшчыны за час рэформаў не збанкрутаваў ніводзін", – гаворыць расейскім гасьцям дырэктар перадавой гаспадаркі. Тут застаецца хіба нагадаць, што паводле афіцыйнай беларускай статыстыкі, колькасьць стратных калгасаў у Беларусі перавысіла палову ўсіх гаспадарак. Але пра гэта расейскім журналістам, якія прыехалі ў Беларусь, ведаць, напэўна, ня хочацца.