Зьляпіў Бог душу – ні ў пень, ні ў грушу

Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Уявіць нават боязна, як пачувае сябе чалавек, пачуўшы гэткае на свой адрас. А мы ж, мала задумляючыся, бывае, кідаем такія вось дакорлівыя характарыстыкі на дзіцячыя галовы. І чакаем: калі ж нарэшце душа тая выправіцца ды стане прыдатнай – ці ў пень, ці ў грушу. Насамрэч прысуд гэтае высновы дастаткова жорсткі: падумаць толькі – душа ня здатная да свае праявы ані ў пні, што застаўся памяцьцю жыцьця, ані ў пладаносным дрэве. І што ёй, нядольнай, рабіць?

Старая сялянка, раззлавана выгаворваючы гарэзы-ўнучцы: “Ото ж зьляпіў Бог душу – ні ў пень, ні ў грушу”, – навучала-такі яе тым самым часам складанай справе вышываньня. А гэта азначае – давала душы не адно спадзеву зьляпіцца лепшай, чым Богу ўдалося, але і ўмельства, які-ніякі досьвед зьдзейсьніць паваротку ў дасканаленьне сябе.

Слухала – памятаю – і дзівілася: вучаніца мая, затурканая аднаклясьнікамі й схаваная ў таўсьценным панцыры комплексаў, ажно зіхцела з радасьці: бабуля, хоць і крэкчучы нездавольна, не ўзвышалася, аднак, над ёю майстэрствам, але прымала за роўню. І зусім ня крыўдзіла, відаць, гэтае няўклюднае пакуль дзяўчо, што зьляпіў Бог душу – ні ў пень, ні ў грушу. Затое ж якая насалода ляпіць сябе зьяднана з Богам: здаецца, валадар сусьветны сам цеплынёй на рукі хукае!

Адкуль мне такое вядома? Пэдагогіцы народнай, што мае за прынцып выхоўваць з адваротнага (гэткая казачная сьвіта навыварат шыта!) шмат вякоў. А таму пазнавала й я ў дзяцінстве, усьлед за тысячамі пакаленьняў, шмат чаго патрэбнага пад хітрыя бабуліны вызначэньні: “Зьляпіў Бог душу – ні ў пень, ні ў грушу”. Сьлязьліва хліпала носам, але старалася з усяе моцы. Бо хто ж сьцерпіць навіну, што абмінула яго вышняя ўвага – узяў ды зьляпіў Бог душу ні ў пень, ні ў грушу?

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)