"Цэнтральны Выканаўчы Камітэт С.С.Р.Р. заняўся справай “загібу” ў нацыянальнай палітыцы..."

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 24 лістапада
“Беларуская крыніца”, 1935 год:

“Савецкая прэса падае, што Цэнтральны Выканаўчы Камітэт С.С.Р.Р. заняўся справай “загібу” ў нацыянальнай палітыцы, які палягае на тым, што ўсе нацыянальныя законы існуюць толькі на паперы, а мясцовыя ўлады праводзяць у нацыянальных “рэспубліках” яшчэ чорную русыфікацыю чымсь гэта рабіла нябожчыца царская ўлада… Ня зусім добра гэтая справа стаіць і ў Беларусі, Украіне, Туркестане, асабліва дзе чыноўнікі чужынцы, якія сумысна калечаць мяйсцовую мову, каб зрабіць яе непрыдатнай выказваць думкі, і ніхто іх за гэта не карае”.

“Звязда”, 1945 год:

“Кафедра літаратуры Мінскага педагагічнага інстытута год назад распачала цікавую работу па збіранню ўзораў беларускага фальклора… Зараз работа ў выглядзе трох зборнікаў часткова падрыхтавана да друку. Першы зборнік “Песні барацьбы” ў студзені выйдзе ў свет. У ім змешчана каля 100 песень партызан Айчыннай вайны. Песні, прыказкі, частушкі партызан для гэтага зборніка запісваліся па ўсёй Беларусі. Другі зборнік, аб’ёмам у тры друкаваныя аркушы, пад назвай “Песні паланянак” рыхтуецца да друку. У ім будуць змешчаны песні і частушкі савецкіх людзей, якія пад прымусам былі ўгнаны на нямецкую катаргу. Вялікую цікавасць прадстаўляе трэці зборнік, які цалкам прысвячаецца беларускай казцы”.

“Вечерний Минск”, 1975 год. Чытачка Сабалеўская пытаецца: “Ці ёсьць закон, які прадугледжвае пакараньне за дармаедзтва?”

“Артыкул 204 Крымінальга кодэксу БССР устанаўляе: “Сыстэматычнае бадзяжніцтва ці жабраваньне, а таксама захоўваньне на працягу доўгага часу іншага паразытычнага ладу жыцьця — караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін да аднаго году ці папраўчымі працамі на гэты ж тэрмін”. Калі ж асоба пасьля адбыцьця пакараньня за дармаедзтва зноў становіцца на такі ж шлях, дык, у адпаведнасьці з тым жа артыкулам Крымінальнага кодэксу, караецца больш сурова — пазбаўленьнем волі на тэрмін да двух гадоў”.