Грамадзянка Беларусі ў ЗША скрала нумары паўсотні крэдытак

Алена Струвэ, Прага “Свабода прэсы па-беларуску”, “ Краіны ізгоі рыхтую свой рашучы адказ заходнім медыям”, “Крымінальныя таленты беларусаў у замежжы” –гэта асноўныя тэмы сёньняшняга агляду замежных СМІ.
“Свабода слова па-беларуску” ёсьць галоўнай тэмай сёньняшніх публікацыяў пра Беларусь. Многія заходнія выданьні паведамляюць пра акцыю польскіх выданьняў супраць цэнзуры ў беларускім друку ды таксама пра саму гэту цэнзуру. “Аляксандар Лукашэнка ня любіць крытыкі”, піша канадыйскае электроннае выданьне People to People і ўзгадвае факты дзяржаўнага кантролю над Інтэрнэтам.

Паводле канадыйскага выданьня, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў беларускі рэжым выкарыстае ўсю сваю манаполію на камунікацыйныя сыстэмы з тым, каб заблякаваць доступ насельніцтва да апазыцыйных вэб-сайтаў. Пра чарговы наступ беларускіх дзяржаўных структураў на незалежныя друкаваныя медыі перадае нямецкае Deutschlandradio. Паводле нямецкіх аглядальнікаў, наступным крокам пасьля закрыцьця падпіскі на незалежныя выданьні стане забарона іхнага продажу ў газэтных кіёсках. “Беларускія ўлады хочуць пакончыць са свабодай меркаваньняў яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў”, перадае Deutschlandradio.

Тым часам гэтак званыя “краіны-ізгоі” ( да іх разам з Паўночнай Карэяй, Іранам, Кубай ды інш. належыць і Беларусь) рыхтуюць свой раўшучы адказ тым заходнім медыям, якія падаюць пра іх выключна “негатыўную інфармацыю”, піша італьянская Сorriere Della Sera. Паводле выданьня, у часе нядаўняй сустрэчы краінаў-удзельніцаў Руху недалучэньня ў Малазіі было прынятае рашэньне пра стварэньне агульнага англамоўнага Інтэрнэт-сайту з “палітычна карэктнай інфармацыяй”. Электронная старонка адкрыецца ў чэрвені 2006 і стане сапраўднай альтэрнатывай “заходняй медыйнай манаполіі”. “ Відавочна, як нацыянальныя інтэрнэт-сайты недэмакратычных рэжымаў танчаць пад дудку сваіх кіраўнікоў. Ці ня лепш скаардынаваць намаганьні? Тады і прапаганда стане больш якаснай”, рэзюмуе Сorriere Della Sera. І апошняе паведамленьне ад Associated Pres пры крымінальны талент беларусаў у замежжы. У амэрыканскі Ўілмінгдон 23гадовая беларуска Кацярына Кабярэц прыехала па гасьцявой візе. Хуткім часам яна ўладкавалася на працу ў адну з мясцовых рэстарацыяў. Многія наведвальнікі былі ў захапленьні ад гэтай прывабнай і кантактнай беларускі. Аднак з часам некаторыя кліенты вымушаныя былі зьвярнуцца ў паліцыю. Зь іхных рахункаў незразумела якім чынам зьніклі немалыя сумы. Як высьвятлілі сьледчыя, да гэтага крадзяжу мела непасрэднае дачыненьне Кацярына. З дапамогай адпаведных прыладаў яна счытвала рахункі і капіявала нумары крэдытных картак сваіх кліентаў. Паводле прызнаньня самой Кацярыны, усяго яна скрала 50 нумароў крэдытных картак. Судовы працэс над беларускай распачаўся ўчора, перадае агенцыя Associated Pres.