Зьміцер Падбярэскі, Менск (эфір 19 лістапада) Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.
(Зьміцер Падбярэскі: ) “Хто б што ні казаў, але сёньняшняя музычная палітра Беларусі вельмі багатая, а падзеяў у музычным жыцьці адбываецца столькі, што, як я заўважыў па сабе, нават не пасьпяваеш за ўсім прасачыць. Але гэтую — выхад дэбютнага альбому “Рэдл” квінтэту “Мінск клезьмер бэнд” — прапусьціць было немагчыма. І ня толькі таму, што музыка гэтая вельмі разнастайная, цікавая. Яна яшчэ і рэдкая для Беларусі, хоць зьвязаная зь ёй арганічна. Сёньня я гутару з кіраўнікамі дзьвюх менскіх калектываў — Алай Данцыг (“Мінск клезьмер бэнд”) і Дзьмітрыем Сьляповічам (“Мінскер капэліе”). Дзень добры ці, як той казаў, — шалом! Што ж такое “клезьмер” і ў якой меры гэтую музыку можна называць габрэйскім музычным фальклёрам?”
(Дзьмітры Сьляповіч: ) “Клезьмер” у перакладзе зь ідыш значыць “музыка”. У ХХ стагодзьдзі гэтым словам пачалі называць стыль музыкі, якая нарадзілася ў Цэнтральнай, Усходняй Эўропе на працягу XV—XX стагодзьдзяў. Клезьмерскія капэлы ігралі на абшары ўсёй Усходняй Эўропы і таксама ў Беларусі, у Літве, у Польшчы. Яны зьяўляліся неад’емнай часткай супольнай культурнай прасторы, ігралі разам зь беларускімі музыкамі, літоўскімі, бесарабскімі. Клезьмерская музыка — інструмэнтальны пласт габрэйскай музычнай культуры — зьяўляецца таксама найбольш кантактным у дачыненьні да іншых культураў і найбольш уплывовым. Безумоўна, гэта частка фальклёру”.
(Падбярэскі: ) “Вядома, што клезьмерская музыка вельмі дэмакратычная што да зьместу. Сёньня ў ёй можна сустрэць элемэнты джазу, фанку, а вядомы амэрыканскі авангардыст Джон Зорн наагул выдае такія экспэрымэнты, якія ён, аднак, таксама ў нечым зьвязвае з клезьмерам. А ці можа існаваць такая музыка, Ала (гэта пытаньне да вас), напрыклад, на аснове беларускага фальклёру?”
(Данцыг: ) “Безумоўна! Думаю, што можа існаваць музыка любога стылю. Галоўнае, каб выканаўца мог выразіць сябе ў гэтай музыцы. А гэта можа адбывацца любым шляхам, прысутнічаць у кожным стылі. Галоўнае, каб тое было з густам і прафэсійна”.
(Падбярэскі: ) “Вось тады лаўлю на слове. І пытаньне маё па-за тактам — ці, можа, проста ад няведаньня. А такіх спалучэньняў, як клезьмер-рэп ці клезьмер-мэтал, вы не сустракалі?”
(Сьляповіч: ) “У наш век глябалізацыі, постмадэрну ўсе плыні адкрытыя да ўзаемадачыненьняў. Таму і клезьмер-рэп, клезьмер-гіп-гоп — гэта ўжо нейкія факты сёньняшняе музычнае культуры”.
(Данцыг: ) “Мы ведаем такія ансамблі, як, напрыклад, “Крузенштэрн і параход”. Гэта ізраільскі ансамбаль, які выконвае гаражны рок…”
(Сьляповіч: ) “На падставе габрэйскіх мэлёдыяў! То бок, сёньня ўсё магчыма, і на фэстывалі, які адбудзецца ў Менску 23—24 лістапада, слухачы таксама пачуюць такія цікавыя спалучэньні, як клезьмер-фанк, клезьмер-рок, клезьмер-джаз. Сёньня гэта можна нават лягчэй і часьцей пачуць (парадаксальна!), чым клясычны, нармальны клезьмер”.
(Падбярэскі: ) “А якія ж традыцыйныя інструмэнты клезьмерскай музыкі? Скрыпка, клярнэт, што яшчэ?”
(Сьляповіч: ) “Традыцыйна скрыпка ды клярнэт насамрэч маюць прыярытэт у клезьмерскай традыцыі, таму што яны найбольш блізкія да чалавечага голасу, і яны здольныя перадаваць ідыскую гукавую ідыёму. Але ўвогуле не існуе нейкіх абмежаваньняў выкарыстаньня таго ці іншага інструмэнта. Галоўнае тут — як на іх іграць, якая мусіць быць артыкуляцыя”.
(Падбярэскі: ) “Пытаньне пра інструмэнты прагучала цалкам невыпадкова. Ала! Якая была нагода ўвядзеньня ў склад “Мінск клезьмер бэнд” фаготу? Імкненьне зарыгінальнічаць ці разнастаіць сродкі выказваньня?”
(Данцыг: ) “Проста вельмі добры чалавек і музыкант, які іграе на фагоце — Марк Штэрнеўскі”.
(Падбярэскі: ) “Але ў далейшым вы ўжо ўлічвалі факт наяўнасьці гэтага нетыповага і даволі складанага інструмэнту?”
(Данцыг: ) “Фагот — гэта такі басовы клярнэт. Наш стыль — гэта аўтэнтыка, клясыка і джаз, і мы міксуем гэтыя стылі”.
(Падбярэскі: ) “Дзьмітры! Вы згадалі, што клезьмерская музыка ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе мае даўнія традыцыі. А ці можна казаць, што сёньня існуюць розныя кірункі гэтай музыкі, у прыватнасьці, ці можна нечым выдзеліць беларускую клезьмерскую музыку?”
(Сьляповіч: ) “Рэгіянальнае падзяленьне стыляў ёсьць. Займаючыся апошнія пяць-сем гадоў гэтай тэматыкай і палявымі дасьледаваньнямі разам з маім навуковым кіраўніком і цяпер калегам, доктарам навук Нінай Сьцяпанскай, мы адзначылі адметнасьці так званага паўночнага стылю ў дачыненьні да межы аселасьці, увогуле да Ўсходняй Эўропы. То бок Беларусь, Літва, Беласточчына, усходняя частка Польшчы, — гэта свой індывідуальны стыль. Ён не такі, мабыць, экспрэсіўны, гарачы, як музыка габрэяў з Балканаў, Бэсарабіі і Трансыльваніі, і таксама ён меней дасьледаваны. І цяпер мы езьдзім у экспэдыцыі, але, на жаль, гэтая традыцыя амаль ужо зьнікла…”
(Падбярэскі: ) “Вы што, сапраўды падчас экспэдыцыяў знаходзіце музыкаў, якія выконваюць гэтую музыку?!”
(Сьляповіч: ) “На жаль, вельмі мала. Збольшага гэта людзі, якія сьпяваюць нам песьні і, што вельмі істотна, яны даюць нам нейкую факталёгію пра старых музыкаў. Сам музычны матэрыял мы знаходзім у розных крыніцах. Так, напрыклад, у Пушкінскім доме ў Санкт-Пецярбургу знаходзіцца вялікі фанаграмны архіў, запісаны Соф’яй Давідаўнай Магід. Некаторыя запісы ў Беларусі рабіў на пачатку ХХ стагодзьдзя Зіновій Аронавіч Кісяльгоф, некалькі запісаў у Бабруйску зрабіў клясык габрэйскай этнамузыкалёгіі Майсей Якаўлевіч Берагоўскі”.
(Падбярэскі: ) “Што зьяўляецца асновай рэпэртуару клезьмерскіх бэндаў? Традыцыйная габрэйская музыка, аўтарскія творы мінулага і сучаснасьці, апрацоўкі папулярных мэлёдыяў? Я так разумею, вы зьмешваеце сёньня літаральна ўсё!”
(Сьляповіч: ) “Мы разумеем, што мы робім. Не хаатычна зьмешваем…”
(Данцыг: ) “Традыцыйна існуюць дзьве формы клезьмерскай музыкі. Гэта музыка для танцаў і музыка для праслухоўваньня”.
(Сьляповіч: ) “Зьнікла традыцыйнае грамадзтва. Сёньня функцыянальныя акцэнты зьмясьціліся на сцэну, хоць мы ігралі і на вясельлях. У Ізраілі — іншая сытуацыя, бо там можна казаць пра клезьмер як пра ўласна фальклёр. У першасным значэньні гэтага слова. Але тое ўжо хасыдзкі клезьмер, гэта трошкі іншы стыль, гэта іншая функцыя ў грамадзтве”.
(Падбярэскі: ) “Вядома, што неўзабаве з удзелам “Мінскер капэліе” ў беларускай сталіцы адбудзецца міжнародны фэстываль “Клезьмер-ШОК”. Як паўстала ідэя фэстывалю?”
(Сьляповіч: ) “Дзякуючы асэнсаваньню таго, што Беларусь засталася ледзьве не адзінай белай плямай на мапе Эўропы. Толькі, мабыць, у Беларусі клезьмерская музыка не гучыць шырока. У Расеі праводзяцца фэстывалі, сэмінары, таксама і ва Ўкраіне розныя клез-фэсты. Я ўжо не кажу пра Польшчу, дзе ўвогуле сотні фэстываляў этнічнай музыкі, у тым ліку дзясяткі фэстываляў клезьмерскай музыкі. І гэтае асэнсаваньне нейкай культурна-гістарычнай неабходнасьці — прадставіць тую музыку, якая ўзьнікла на нашых землях, нашаму слухачу. Тую музыку, якая павінна быць зразумелая беларускаму слухачу, бо яна мае нейкую агульную тэрыторыю са слыхам беларусаў. Па-другое, больш такая ўжо вузкая і практычная прычына: тое, што ў траўні прыяжджаў да нас славуты амэрыканскі трубач Пол Бродзі, які ўжо больш дзесяці гадоў жыве ў Бэрліне…”
(Падбярэскі: ) “Я хацеў бы нагадаць нашым слухачам, што той жа Пол Бродзі ў свой час запісваўся ў тым жа самым Бэрліне з нашай Веранікай Кругловай…”
(Сьляповіч: ) “Як і большасьць сёньняшніх славутых музыкаў, ён вельмі адкрыты да розных экспэрымэнтальных праектаў, а таксама крос-культурных праектаў. Дарэчы, ён запрапанаваў мне (я так прыадчыняю невялікую таямніцу) зрабіць прадстаўленьне нейкай беларускай народнай мэлёдыі ў стылі такога клезьмер-фанку, але менавіта на беларускім матэрыяле”.
(Падбярэскі: ) “У чарговым выданьні праграмы “Па-за тактам” удзельнічалі кіраўнікі двух менскіх калектываў — Ала Данцыг (“Мінск клезьмер бэнд”) і Дзьмітры Сьляповіч (“Мінскер капэліэ”). Дзякуй вам за гутарку і да сустрэчы на “Клезьмер-шоку”. Думаю, што гэта ўсё ж прыцягне шмат цікаўных паслухаць незвычайную і, на жаль, рэдкую для Беларусі музыку.
У перадачы прагучалі фрагмэнты п’есаў “Bа Mir Bist Du Sheyn” Шолама Сэкунды ў выкананьні “Мінск клезьмер бэнд” і традыцыйная мэлёдыя з поўдня Беларусі “Retale z Palonnaha” у выкананьні “Minsker kapelie”.