Вышэйшы гаспадарчы суд вырашыць лёс адной тысячы даляраў для БХК

Алег Грузьдзіловіч, Менск На 25 лістапада прызначанае паседжаньне Вышэйшага гаспадарчага суду па скарзе Беларускага Хэльсынскага камітэту (БХК) на Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Праваабаронцы дамагаюцца адмены рашэньня, у адпаведнасьці зь якім не была зарэгістраваная грашовая дапамога Беларускаму Хэльсынскаму камітэту ад Міжнароднай Хэльсынскай фэдэрацыі.
“Дапамога 1 тысяча даляраў прызначалася для аплаты арэнды нашага офісу, рахункаў за тэлефонныя размовы і правядзеньне чарговай канфэрэнцыі. Калі не аплаціць гэтых выдаткаў, арганізацыю пазбавяць офісу і потым могуць зачыніць. І фармальна гэта быццам ня будзе закрыцьцём паводле палітычных прычынаў”, — пракамэнтаваў сытуацыю выканаўчы дырэктар БХК Алег Гулак.

У Кіраўніцтве справаў прэзыдэнта не камэнтуюць, чаму адмоўлена ў рэгістрацыі грашовай дапамогі для праваабаронцаў. Між тым, Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі забавязаў Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта абгрунтаваць сваё рашэньне. Судовае паседжаньне ў справе БХК будзе весьці судзьдзя Аркадзь Сусло.

Летась у Беларусі з розных прычынаў зачынілі больш як 50 грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку некалькі праваабарончых.