Prime News Agency: У Тбілісі затрыманыя браты Лукашэнкі

Алена Струвэ, Менск Сёньня, ў дзень першай гадавіны “аранжавай рэвалюцыі”, эўрапейскія выданьні пішуць больш пра Украіну, аднак беларуская тэма ў гэтых публікацыях таксама прысутнічае.
Як піша аўстрыйская “Die Presse”, кіеўскі амбасадар у Вене Володымір Ельчанка правёў адмысловую прэсавую канфэрэнцыю ў Вене з нагоды новага нацыянальнага ўкраінскага сьвята. Паводле словаў амбасадара Ельчанкі, галоўным прыярытэтам украінскай вонкавай палітыкі ёсьць уступ у ЭЗ і НАТО. У зьвязку з узьнятым беларускім пытаньнем, спадар Ельчанка запэўніў журналістаў, што “Украіна ня мае ніякага намеру экспартаваць аранжавую рэвалюцыю ў Беларусь”.

Іншае венскае выданьне “Der Standard” піша пра чаканьні і расчараваньні тых, хто год таму быў на Майдане. Паводле аўтара, удзельнікі мінулагодняй рэвалюцыі глядзяць сёньня на многія рэчы значна больш цьвяроза чым летась. Аднак пры ўсім сваім расчараваньні, яны застаюцца праціўнікамі дыктатуры і шчыра жадаюць вызваленьня народам Беларусі і Азэрбайджану.

Нямецкае Інтэрнэт-выданьне www.belarusnews.de (ягоныя галоўныя наведвальнікі -- прадстаўнікі палітычнай клясы Нямеччыны, а таксама сябры нямецка-беларускіх грамадзкіх ініцыятываў, бізнэсоўцы, журналісты) паведамляе, што пасьлязаўтра, 24 лістапада ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры на праспэкце Праўды, 11 пачне працаваць 8-мы Менскі Форум. Галоўная тэма гэтай папулярнай сярод нямецкіх і беларускіх палітыкаў i экспэртаў імпрэзы гучыць так: ”Нямеччына і Беларусь ў эўрапейскім суседзтве”. Паводле Інтэрнэт-выданьня, зь нямецкага боку, цяперашні Форум будзе прадстаўлены палітыкамі ад усіх парлямэнцкіх фракцыяў. Сярод іх – сацыял-дэмакрат Маркус Мэкель, сябра Бундэстагу і ПА НАТО, аўтар праекту рэзалюцыі па Беларусі, прынятай на нядаўняй сэсіі гэтай арганізацыі ў Капэнгагене.

І апошняя навіна ад грузінскай англамоўнай Prime News Agency. Учора ў ў Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі паступіла вялікая колькасьць тэлефанаваньняў. Падставай стала паведамленьне пра затрыманьне двух братоў Лукашэнак. Журналісты і цікаўныя пыталіся, хто іхны бацька. Як паведамляе Prime News, браты Лукашэнкі былі затрыманыя як ўдзельнікі міжнароднай крымінальнай групоўкі, якая дзейнічала ў Тбілісі і займалася рабаваньнем. Як высьветлілася, братам адпаведна 24 і 21 гады і яны ня маюць ніякага дачыненьня да вядомых уладальнікаў гэтага прозьвішча ў Беларусі.