Марыя Мартысевіч, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Гэта гатычна – значыць, гэта вельмі добра, выдатна.
“Я не паеду ў Нясьвіж! Не паеду! Ты чуеш? Не-па-е-ду!!!” – пачула я за сваёй сьпінаю, седзячы пад парасонамі летняй кавярні ў цэнтры Менску. Павярнуўшыся на гэты гістэрычны крык, я ўбачыла групку дзяўчат, адна зь якіх выразна адрозьнівалася ад сваіх таварышак. Вугальнага колеру валасы, чорная памада, падабраныя ў тон памады спадніца і боты, какетлівая срабрыстая кашулька і адмысловай формы крыжык – увесь выгляд паненкі сьведчыў, што яна належыць да моднай сярод падлеткаў субкультуры готаў. Нібы пацьвярджаючы мае высновы, паненка абвясьціла прычыну свайго нежаданьня ехаць у Нясьвіж: “Там няма готыкі!”
Трэба аддаць належнае Радзівілам: драбок готыкі ў Нясьвіжы ўсё-ткі ёсьць, хоць, вядома ж, зусім не яна – дамінантны стыль гэтага гораду зь яго сьветлымі, мяккімі абрысамі. Нясьвіж негатычны. Нясьвіж, калі карыстацца іншымі мастацкімі катэгорыямі найноўшай мовы, гэта суцэльны глямур і пазытыў.
Слэнг, па маіх адчуваньнях, што тая андэрсэнаўская бура, якая перавешвае шыльды: ад ператварэньня ў эмацыйныя словы-ацэнкі не застрахаваныя нават архітэктурныя тэрміны. Спачатку прыслоўе гатычна замяніла адэптам гоцкага стылю звычайнае крута, бо ўсё цёмнае, змрочнае, бязрадаснае і суіцыдальнае готы лічаць за добрае, вартае ўвагі. Для ўсіх астатніх маладзёнаў, якія ня маюць звычкі бавіць вольны час на могілках і разважаць, уздоўж ці ўпоперак зручней рэзаць вены, гэтае слоўка ператварылася спачатку ў сродак для кпінаў з гоцкай культуры, а потым – у сынонім да словаў прыгожа, файна. І ў такім сэнсе Нясьвіж – гэта ўсё-ткі гатычна.
Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)