Рон Макнамара: Расея стварае штучныя праблемы ў АБСЭ

Алеся Сёмуха, Вашынгтон Як заявіў перад журналістамі дырэктар у справах міжнароднай палітыкі амэрыканскай Хэльсынскай камісіі Рон Макнамара, Расея стварае штучныя праблемы ў АБСЭ, каб адарваць місію гэтай арганізацыі ад усталяваньня дэмакратыі і абароны правоў чалавека.
Камісія ЗША ў пытаньнях бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, вядомая таксама як Хэльсынская камісія, правяла круглы стол з журналістамі. Падчас сустрэчы дырэктар ў пытаньнях міжнароднай палітыкі камісіі Рон Макнамара тлумачыў, якім чынам рост напружанасьці ў дачыненьнях ЗША і Расеі паўплывае на працу АБСЭ, у прыватнасьці на працу канфэрэнцыі АБСЭ на ўзроўні міністраў замежных спраў, заплянаванай на 4 – 5 сьнежня.

Усе 55 краінаў-удзельніц АБСЭ падпісалі і ўзялі на сябе абавязаньні безумоўна выконваць палажэньні Хэльсынскага пагадненьня. Таксама ўсе краіны-ўдзельніцы, у тым ліку і Беларусь, пагадзіліся, што стан правоў чалавека ў асобнай краіне ня ёсьць унутранай справай толькі гэтай краіны. Аднак апошнім часам, паводле сп. Макнамары, Беларусь, Расея ды некаторыя іншыя краіны-ўдзельніцы ўсё часьцей называюць маніторынг правоў чалавека ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы краіны. Яны таксама адмаўляюцца прымаць мову і палажэньні ў галіне дэмакратызацыі і правоў чалавека, пад якімі падпісаліся 15 гадоў таму пры ўступленьні ў арганізацыю. Гэтыя краіны спрабуюць заблякаваць крытыку АБСЭ ў галіне дэмакратызацыі прапановамі па рэформе арганізацыі. У прыватнасьці, у адной з прапановаў Расеі гаворыцца, што АБСЭ можа выказацца пра сутнасьць выбараў толькі са згоды ўсіх без выключэньня сяброў. Фактычна гэта прапанова права вэта на крытыку. Іншыя прапановы Расеі, сказаў сп. Макнамара, таксама скіраваныя на перафакусаваньне АБСЭ на праблемы, якія ня маюць дачыненьня да пашырэньня дэмакратыі.

ЗША, паводле Рона Макнамары, на чарговай сустрэчы ў Славеніі ня пойдзе на зьніжэньне стандартаў і зьмены падыходаў у працы АБСЭ да праблем, акрэсьленых у Хэльсынскім пагадненьні.

Паводле сп. Макнамары, ЗША і Эўропа ня маюць адзінай узгодненай палітыкі ў дачыненьні да Ўсходнеэўрапейскіх краінаў. Аднак у выпадку зь Беларусьсю ён лічыць, што ЗША і Эўразьвяз прыходзяць да ўсё большага аднадумства і супрацоўніцтва ў канкрэтных праектах, як напрыклад у праекце інфармацыйнага вяшчаньня на Беларусь.

Што да АБСЭ, дык яго магчымасьці ўплыву на сытуацыю ў Беларусі больш абмежаваныя, бо гэтая арганізацыя дзейнічае на падставе кансэнсусу сяброў.