Што думаюць пра візыт Мілінкевіча ў Маскву беларускія палітыкі?

Іна Студзінская, Менск. Учора адзіны кандыдат ад апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч разам з кіраўніком свайго перадвыбарчага штабу Сяргеем Калякіным наведаў Маскву. Яны правялі шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі адміністрацыі Ўладзімера Пуціна, дэпутатамі Дзяржаўнай думы Расеі, бізнэсоўцамі, прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Што думаюць пра гэты візыт расейскія і беларускія палітыкі?
Паколькі Беларусі наканавана лёсам быць суседкай Расеі, то няма іншага шляху, як шукаць паразуменьня зь ёй -- гэтак, амаль аднадушна, выказваюцца самыя розныя палітыкі, грамадзкія дзеячы.

Галоўны рэдактар тыднёвіка “Наша Ніва” Андрэй Дынька.

(Дынька: ) “Юшчанка падчас сваёй кампаніі наведваў Маскву. Саакашвілі падчас сваёй кампаніі наведваў Маскву. “Правая рука” Ангелы Мэркель была ў Маскве. Чаму Мілінкевіч не павінен ехаць у Маскву? Гэта нармальны крок. І калі Аляксандар Мілінкевіч выканае пастаўленыя перад сабой задачы і стане прэзыдэнтам Беларусі, то яму прыйдзецца наладжваць сяброўскія, узаемавыгадныя стасункі з Расеяй. Гэты візыт таксама дасьць яму гэты вопыт”.

Станіслаў Шушкевіч, як спрактыкаваны ў вялікай палітыцы чалавек, выказаў адну засьцярогу: каб толькі Расея не паводзіла сябе па-імпэрску:

(Шушкевіч: ) “Я перакананы, што такія сустрэчы патрэбны. Зусім іншая справа – якую пазыцыю займаць на такіх сустрэчах. Ні Калякін, ні тым больш Мілінкевіч ніколі не былі ворагамі Расеі, як і ўся наша аб’яднаная апазыцыя. І таму сустрэчы гэтыя неабходныя. Іншая справа, што вельмі цяжка дасягнуць паразуменьня, каб Расея не паводзіла сябе па-імпэрску. Калі ім удасца зрабіць нешта ў гэтым кірунку, і Расея будзе прыхільніцай дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі, павялічваецца шанец абраньня адзінага кандыдата. І я перакананы, што трэба кантактаваць з Расеяй, бо іншага шляху няма. Я ня ведаю, на якім узроўні яны кантактуюць, спадзяюся, што на прыстойным”.

Тое, што Мілінкевіч паехаў у Маскву і спрабуе наладзіць нармальныя стасункі з расейскімі палітыкамі – ня толькі Крамлём, але і дэпутатамі Дзярждумы, прадстаўнікамі расейскай палітычнай апазыцыі – вельмі добра. Журналіст Павал Шарамет, які цяпер працуе ў Маскве і зьяўляецца кіраўніком спэцпраектаў каналу ОРТ, выказаўся такім чынам:

(Шарамет: ) “Гэта толькі вялікі плюс для дэмакратычных сілаў Беларусі. З таго пункту гледжаньня, што нават няўмяшальніцтва Расеі ва ўнутраныя палітычныя беларускія справы, нават непадтрымка Лукашэнкі, маўклівае назіраньне за тым, што адбываецца ў Беларусі – гэта ўжо дапаможа апазыцыі абараніць свае правы і сваю перамогу на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах”.

Павал Шарамет згадаў яшчэ пра тое, што ў Расеі цяпер і легальна, і нелегальна жывуць і працуюць тысячы беларусаў, якія таксама зьяўляюцца часткай электарату. Што да расейскіх палітыкаў, зь якімі сустракаліся спадары Мілінкевіч і Калякін, Павал Шарамет выказаў такое меркаваньне:

(Шарамет: ) “А калі яшчэ расейскія палітыкі павераць дэмакратычным сілам Беларусі і працягнуць ім руку дапамогі, гэта ў шмат разоў узмацніуь дэмакратычны рух у Беларусі. І тое, што Мілінкевіч прыяжджае ў Маскву, гэта сыгнал для беларусаў, што жывуць у Расеі, што ён нармальны, адэкватны палітык, і за яго можна галасаваць”.