Умеў гуляць – умей і дзіця забаўляць

Валянцін Бойка, Мазыр Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
За любую асалоду часам даводзіцца плаціць. Калі не грашыма, дык, прынамсі, страчаным спакоем. Яшчэ горш, калі здароўем. Любишь кататься – люби и саночки возить – кажуць у такіх выпадках расейцы. (Аднак лепей каня так не заганяць.) Love me, love my dog – ‘кахаеш мяне, любі і майго сабаку’ – гэткае выслоўе можна пачуць у ангельскамоўным сьвеце. (Цікава, а што рабіць няшчаснаму закаханаму, калі ў яго алергія на сабачую поўсьць?)

У аснову ж беларускае прыказкі умеў гуляць – умей і дзіця забаўляць пакладзеная надзвычай жыцьцёвая сытуацыя, якую сучасная моладзь называе трапным словам залёт. З гэтай прычыны назва п’есы Дуніна-Марцінкевіча “Залёты” абуджае ў старшаклясьнікаў надзвычайную цікавасьць. (Я ўжо не кажу пра аднакаранёвае слова залётнік). Любіў цалаваць – любі й люляць – сынанімічны запавет-засьцярога, адрасаваная ня толькі маладому бацьку, але і ўвогуле кожнаму аматару пабаляваць за чужы кошт, для якога салодкае слова халява дагэтуль ёсьць асноўным жыцьцёвым арыенцірам.

Тым жа, для каго выраз умеў гуляць – умей і дзіця забаўляць як соль на сьвежыя раны, можна прапанаваць варыянты. Балазе беларуская мова на дзіва багатая. Любіш паганяць, любі і каня гадаваць – замест люляньня – радасьць ад шалёнае скачкі, калі вецер сьвішча ў вушах плюс выдаткі на авёс і сена. Або яшчэ: любіш гасьцяваць, любі і гасьціну вітаць. Тут ужо кожны выбірае сам, што яму прыямней, згодна з сваімі моўнымі ўпадабаньнямі і жыцьцёвымі схільнасьцямі. Хаця радасьці жыцьця становяцца ўдвая саладзейшымі, калі іх спалучыць. Але трэба заўсёды памятаць мудрую прыказку: умеў гуляць – умей і дзіця забаўляць. Каб пасьля шкада не было.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)