МЗС незадаволены плянамі Эўракамісіі адкрыць офіс у Менску

Валер Каліноўскі, Менск Афіцыйны Менск выказаў незадаволенасьць агучанай падчас мінулага паседжаньня Рады Эўразьвязу прапановы аб адкрыцьці ў Беларусі прадстаўніцтва Эўракамісіі. Беларускія ўлады патрабуюць узгадненьня разьмяшчэньня гэтага прадстаўніцтва адпаведна прынятым у краіне працэдураў. У кіеўскім офісе Эўракамісіі на гэта зазначылі, што Эўразьвяз у гэтым пытаньні зусім не зьбіраецца ігнараваць беларускія ўлады. Да канца году ў Менск будзе пададзены запыт на адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўракамісіі.
З адмысловай заявай на тэму магчымага адкрыцьця прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску выступіў выканаўца абавязкаў прэсавага сакратара МЗС Беларусі Руслан Есін:

(Есін: ) “Рашэньне аб адкрыцьці прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску ня можа быць аднабаковым паводле вызначэньня. Падобнага кшталту пытаньні павінны разглядацца выключна ў цесным узаемадзеяньні з афіцыйнымі ўладамі Беларусі. Ёсьць пэўная юрыдычная працэдура, якой трэба кіравацца”.

Спадар Есін пры гэтым спаслаўся на шэраг папярэдніх дэклярацыяў з боку эўрапейскіх чыноўнікаў адносна адкрыцьця рэгіянальнай структуры Эўракамісіі ў Беларусі.

(Есін: ) “Мы мяркуем, што без узгадненьня па афіцыйных каналах такое рэгіянальнае прадстаўніцтва ня можа быць адкрытае ў нашай краіне”.

Звароту да беларускіх уладаў ад Эўракамісіі наконт адкрыцьця ў Менску свайго прадстаўніцтва сапраўды пакуль не было, але Эўразьвяз зусім не зьбіраецца ігнараваць афіцыйны Менск у гэтым пытаньні, паведамілі ў кіеўскім прадстаўніцтве Эўракамісіі, якое дагэтуль адказвае за кантакты зь Беларусьсю:

(Супрацоўніца: ) “Мы плянуем у гэтым годзе завяршыць нашу ўнутраную працэдуру, а пасьля таго, як завершым, плянуем згодна зь існым палажэньнем афіцыйна зьвярнуцца да беларускага боку і будзем чакаць адказу. І спадзяемся, што гэта будзе станоўчы адказ”.

У кіеўскім прадстаўніцтве Эўракамісіі паведамілі, што ў гэтым пытаньні Беларусь не ўяўляе нейкага асаблівага выпадку ў палітыцы Эўразьвязу. Напрыклад, 6 лістапада прадстаўніцтва Эўракамісіі было адкрытае ў Малдове. Раней за сувязі з Малдовай і Беларусьсю адказваў кіеўскі офіс. Супрацоўніца гэтага офісу абвергла таксама абвінавачаньні МЗС Беларусі ў тым, што Эўразьвяз нібыта зьбіраецца накіроўваць у Беларусь сродкі ў абыход законных працэдураў:

(Супрацоўніца: ) “Не, такога быць ня можа, мы ўсё паводле закону робім”.

Прадстаўнік Партыі БНФ пры Эўразьвязе Ян Чурыловіч мяркуе, што пры рэальнай зацікаўленасьці эўрапейскіх структураў і падтрымцы афіцыйнага Менску такое прадстаўніцтва магло б быць створана нават да канца гэтага году. Аднак, улічваючы рэальныя бюракратычныя мэханізмы ў Брусэлі, на гэта можа спатрэбіцца і болей часу:

(Чурыловіч: ) “Пакуль што гэта дэклярацыя, але ў Радзе міністраў Эўразьвязу да гэтай ідэі даволі сур’ёзна ставяцца. Што да беларускага МЗС, то яшчэ паўгоду таму яны былі абсалютна ня супраць стварэньня такога прадстаўніцтва”.

Акрамя таго, спадар Чурыловіч прагназуе і пэўны супраціў афіцыйнага Менcку, паколькі прадстаўніцтва Эўракамісіі мелася б весьці маніторынг парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, што, відаць, і выклікала раздражненьне беларускіх уладаў.

Прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі ва Ўкраіне, Малдове і Беларусі было адкрыта ў верасьні 1993 году ў Кіеве. Яно мае статус дыпляматычнай місіі і цяпер афіцыйна прадстаўляе Эўракамісію ва Ўкраіне і Беларусі. У Менску ў якасьці аддзяленьня гэтага прадстаўніцтва дзейнічае офіс праграмы TACIS, які ажыцьцяўляе праекты тэхнічнай дапамогі Беларусі з боку Эўразьвязу і ажыцьцяўляе кантакты зь беларускім урадам.