Жан-Поль Сартр у 1965 годзе наведваў СССР з-за жанчыны?

Ганна Соусь, Менск Учора ўвечары ў рэктараце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту адкрылася выстава знакамітага літоўскага фотамастака Антанаса Суткуса “Жан-Поль Сартр і Сымона дэ Бувуар. Пяць дзён у Літве”. Імпрэзу наладзіла літоўская амбасада ў Менску.
У 1965 годзе 26-гадоваму маладому літоўскаму фатографу Антанасу Суткусу пашчасьціла цягам пяці дзён суправаджаць Жан-Поля Сартра і ягоную сяброўку Сымону дэ Бувуар падчас візыту ў Літву. Яны наведалі Вільню, Каўнас, Палангу, Ніду, гутарылі пра літаратуру і філязофію, і калі па завяршэньні паездкі Сартр запытаўся ў Суткуса наконт таго, піша той прозу ці паэзію, то Антанас прызнаўся, што ён фатограф.

Адкрываючы выставу пра пяць дзён Жан-Поля Сартра і Сымоны дэ Бувуар у Літве, літоўскі амбасадар Пятрас Вайцекюнас шмат гаварыў пра свабоду.

(Вайцекюнас: ) “Жан-Поль Сартр нам дарагі сваімі ідэямі свабоды, свабоды часта бязь межаў, ідэі бунта, як свабоды, якая заўсёды мае рацыю. І я прапаноўваю вам зазірнуць у гэтыя фотаздымкі, зазірнуць у твар Сартра, каб пабачыць адну з інтэрпрэтацый свабоды”.

Францускі амбасадар Стэфан Шмялеўскі параіў уважліва разгледзіць фотаздымкі Антанаса Суткуса і падумаць, чаму ўсё ж Жан-Поль Сартр у 1965 годзе наведваў Савецкі Саюз на запрашэньне ўраду Леаніда Брэжнева? Ці ўсьведамляў ён, што знаходзіцца на літоўскай тэрыторыі, акупаванай савецкімі войскамі? Якім чынам гэты візыт спалучаўся з ідэямі Сартра аб свабодзе? Амбасадар Стэфан Шмялеўскі сказаў, што адказ на гэтыя пытаньні ён хоча атрымаць з фотаздымкаў Сартра ў Літве.

Сваю вэрсію візыту Сартра ў СССР выказаў у інтэрвію Радыё Свабода рэктар Беларускага Дяржаўнага унівэрсітэту Васіль Стражаў.

(Стражаў: ) “Жан-Поль Сартр – гэта выдатны дзеяч 20-га стагодзьдзя. Вядома, што шмат людзей лічылі Сартра фактычна камуністам. Таму гэта частковы адказ на тое пытаньне, чаму ён на запрашэньне Брэжнева паехаў у Савецкі Саюз і наведаў Літву”.

З такім меркаваньнем ня згодны аўтар фотавыставы Антанас Суткус, які лічыць, што Сартр прыехаў у СССР з рамантычных прычынаў.

(Суткус: ) “Перакладчыца Леніна Зоніна была адным з яго самых вялікіх каханьняў 6 ці 7 гадоў. “Шэршэ ля фам”. Ён ня ехаў нешта Брэжневу сказаць, ён ехаў да любімай жанчыны. Я гэта бачыў. Паглядзіце, як Леніна нават вопратку капіявала ў Сымоны дэ Бувуар. Я думаў, як сябе адчувае Сымона? Але Сымона прымала Сартра такім, як ён ёсьць. Ён ня быў камуністам. Ён толькі часам выступаў супярэчліва. Ён проста быў супярэчлівай асобай”.