Мікалая Чаргінца не пусьцілі ў ЗША

Алег Грузьдзіловіч, Менск Дзярждэпартамэнт ЗША адмовіў ва ўездной візе ў ЗША дэпутату верхняй палаты Нацыянальнага сходу Мікалаю Чаргінцу, які зьбіраўся удзельнічаць у чарговай сэсіі генэральнай асамблеі ААН.
Як сьцьвярджае Мікалай Чаргінец, ў візе яму адмоўлена на той падставе, што год таму, прыехаўшы на сэсію ААН, ён таксама працаваў назіральнікам на выбарах прэзыдэнта ЗША. Нібыта гэта ўспрынятае як супярэчаньне мэце ягонага прыезду і патлумачана гэтак, што ён ўвёў у зман мясцовыя ўлады.

Сам беларускі палітык лічыць, што ніякага парушэньня не было. Вось што Мікалай Чаргінец распавёў пра свой ўдзел ў назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў ЗША ў лістападзе 2004 году:

(Чаргінец: ) “Я ўдзельнічаў як афіцыйны сябра дэлегацыі АБСЭ па назіраньнях за выбарамі. Гэтыя назіраньні былі афіцыйна ўзгодненыя з Дзярждэпартамэнтам ЗША. Мне Дзярждэпам была вызначаны акруга, за якой я мусіў назіраць. І там я знаходзіўся як афіцыйны прадстаўнік АБСЭ паводле запрашэньня Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША. Я не выходзіў за межы назіраньня”.

Паводле Мікалая Чаргінца, амэрыканскія ўлады паквіталіся зь ім за тую крытыку на іх адрас, якую ён выказаў на сэсіі генэральнай асамблеі ААН і пазьней адносна выбарчай сыстэмы ЗША. У ААН Мікалай Чаргінец выказаўся супроць эканамічнай блякады Кубы і абверг крытычныя заявы ў галіне правоў чалавека на адрас беларускага кіраўніцтва.

Пасьля вяртаньня з ЗША спадар Чаргінец крытыкаваў выбарчую сыстэму гэтай краіны і выказаўся ў падтрымку жыхароў Вашынгтону, якія зьвярнуліся да яго падчас змаганьня за свае выбарчыя правы.

(Чаргінец: ) “Такім чынам, жыхары сталіцы ЗША пазбаўленыя права выбіраць свайго прэзыдэнта. І мне як прадстаўніку АБСЭ перадалі зварот ад грамадзкай арганізацыі на гэты конт ў самой мэрыі Вашынгтону. У прысутнасьці кіраўнікоў мэрыі і гэтай грамадзкай арганізацыі. Скажыце, ў чым можа быць мая віна?”

Мікалай Чаргінец не ўдакладніў, якая грамадзкая арганізацыя з Вашынгтону папрасіла ягонай дапамогі. Адмову ў амэрыканскай візе беларускі палітык ня лічыць для сябе “жалобнай падзеяй”.

(Чаргінец: ) “Гэта яшчэ раз дэманструе падыход ўладаў ЗША да дэмакратыі”.

У амбасадзе ЗША ў Беларусі не ўдалося атрымаць камэнтару да адмовы ў візе Мікалаю Чаргінцу. Там паведамілі, што візавыя пытаньні не камэнтуюць.

***

Беларускія палітыкі не ўпершыню сустракаюцца з забаронай на ўезд у іншыя краіны. Дагэтуль дзейнічае забарона на ўезд у краіны Эўразьвязу высокапастаўленых чыноўнікаў, якія маюць дачыненьні да рэпрэсіяў супраць апазыцыі і фальшаваньня вынікаў мінулых выбараў. У сьпісе неўяздных Віктар Шэйман, Уладзімер Навумаў, Юры Сівакоў, Дзьмітры Паўлічэнка, Юрый Падабед, Лідзія Ярмошына. Урад ЗША заяўляў, што далучаецца да гэтай забароны.