Буш правёў перамовы з прэзыдэнтам Бразыліі

БРАЗЫЛІЯ. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заклікаў лацінаамэрыканцаў адпрэчыць спробы спыніць дэмакратычны прагрэс кантынэнту. Ён заявіў, што сацыяльная справядлівасьць патрабуе выбару паміж двума ўзаемавыключнымі поглядамі на будучыню кантынэнту. Буш не ўдакладніў, чые погляды мае на ўвазе, аднак паводле назіральнікаў, відавочна, ён адрасаваўся да рэжымаў Уга Чавэса й Фідэля Кастра. Буш чарговы раз выказаўся на карысьць зоны вольнага гандлю для абодвух кантынэнтаў – ад Аляскі да Аргентыны. Учорашняя сустрэча на найвышэйшым узроўні, у якой бралі ўдзел лідэры 34 краінаў Абедзьвюх Амэрыкаў, была безвыніковай – пагадненьне не было падпісанае. Пяць краінаў – Бразылія, Аргентына, Уругвай, Парагвай і Вэнэсуэла – заявілі, што пакуль ня бачаць умоваў для стварэньня такой зоны на асновах справядлівасьці й згоды.