Як беларусы шануюць памяць памерлых

Аляксандар Уліцёнак, Менск Перад мінулымі Дзядамі дзяржаўтаінспэкцыя працавала ў асобым рэжыме: на дарогах рэзка павялічылася колькасьць машын. Зь Менску, вялікіх гарадоў яны расьцякаліся па ўсёй краіне... Такога раней не было, аднак з пачаткам новай хвалі беларускага адраджэньня 1990-х гадоў паўзабытая традыцыя шанаваньня продкаў стала набіраць моц ня толькі сярод каталікоў, але й праваслаўных. І нават сярод няверуючых.
На гісторыю невядомага мне Гантэра Томпсана з далёкага Калярада я б не зьвярнуў увагі, каб ня зьбег абставінаў. Па-першае, ён таксама журналіст, па-другое, менавіта ў дзень майго нараджэньня сёлета спадар Томпсан зрабіў самагубства, якое імгненна стала вядомае ўсім Злучаным Штатам. Калі больш дакладна, краіну ўразіла просьба ў перадсьмяротнай запісцы: пасьля крэмацыі зьмясьціць попел у снарад і выстраліць ім з гарматы над домам, дзе жыў нябожчык... Пасьля таго выпадку ўжо некалькі дзясяткаў амэрыканцаў паўтарылі такі ўчынак. Цягам бліжэйшага 20-годзьдзя, лічаць дасьледчыкі, гэтая ідэя стане прывабнай у нацыянальным маштабе. А як ставяцца да свайго апошняга шляху, апошняга зямнога прытулку беларусы?

(Бобка: ) “Я працую шафёрам у СПК “Шчэпічы”. Вось адзін раз выканаў сваё заданьне, вярнуўся ў гараж. Заўгар падыходзіць і кажа: “Трэба труп перавезьці”.

Сумную гісторыю расказвае Сяргей Бобка з Клецкага раёну. Ён лічыць, што ў імкліва выміраючых вёсках губляецца павага да рытуалу пахаваньня. Улады патрабуюць, каб калгасы, сельсаветы дастойна праводзілі старых у апошнюю дарогу. Тое нібыта выконваецца – людзей жа хаваюць... Аднак калі прыглядзецца, кажа спадар Сяргей, дык часьцяком робяць гэта фармальна, абыякава, бяздушна...

(Бобка: ) “Ну, я ды яшчэ нейкі трактарыст ішоў. Асьцярожна ўсунулі бабулю ў труну. Накрылі нейкай прасьцінай. У мяне ў “будзе” былі самарэзы, імі прыбілі верх. Старшыня сельсавету, а можа яшчэ хто, папрасіў двое чалавек, каб дол выкапалі. Дасталі труну, апусьцілі, усё, нават нейкую прамову сказаў старшыня сельсавету. Засыпалі, ён раздаў усім нам грошы, падзякаваў. У маёй пуцёўцы зрабіў адзнаку, што заданьне выканана. Бо ў пуцёўцы было пазначана: “Расход бэнзыну – 10 літраў; маршрут паездкі “Шчэпічы, бальніца “Даматканавічы” – могілкі; груз – труп”.

Сяргей Бобка – шафёр, не літаратар. Аднак і яго ўразіў гэты запіс: “Груз – труп”... Зьдзіўляецца: і загадчык аўтагаражу, і старшыня сельсавету нібы згаварыліся - замест паважлівага “нябожчык" абыякава казалі: “труп”... Яшчэ горш, лічыць зямляк спадара Бобкі Павал Мацьвяйчук, калі абыякава выконваюць свае абавязкі сьвятары:

(Мацьвяйчук: ) “Калі я прысутнічаю на пахаваньнях, то заўважаю некаторую незвычайнасьць у паводзінах царкоўных бацюшкаў. Адзін не забудзе ніколі запытацца: “А дзе сумка?” Або паставілі крыж у галаве магілы. А ён узяў і перанёс у ногі: “Так не належыць!”. Паводле яго, крыж павінен стаяць у нагах, быццам бы, дух устае і за крыж трымаецца. Але людзі, як толькі бацюшка забраў сумку і паехаў, імгненна пераставілі крыж у галаву”.

Паводле спадара Мацьвейчука, у такіх выпадках трэба пераконваць, а не загадваць рабіць толькі так ці інакш. З таго нічога добрага не атрымаецца... Людзі губляюцца і нават пачынаюць забывацца на сьвятыя традыцыі, цьвердзіць 82-гадовая Ганна Бабей.

(Бабей: ) “Ён – п’яніца. Жонка зьнявідзела, разьвяліся. Радні іншай не было, працаваў у брыгадзе. Прыйдзе п’яны – брыгадзір прагоніць. Працьвярэзіцца, ізноў працуе. Вось так і блытаўся, пакуль не даблытаўся да канца. Памёр – няма каму хаваць. Экскаватар выкапаў яму і гэтак засыпалі. Ні вячэры, нічога...”

Дзеля справядлівасьці варта адзначыць: так робіцца не паўсюдна. У маёй роднай Ракузаўцы сканаў нядаўна самотны мужчына. Зьявіўся ён невядома адкуль, жыў у закінутай хаціне, працаваў то ў калгасе, то парабкам у вяскоўцаў. Піў... Калі памёр, дык людзі скінуліся, купілі хай танны, але новы касьцюм, паставілі на магіле крыж, павесілі вянок – усё, як кажуць, па-боску... А тыя, з кім нябожчык пры жыцьці часьцяком выпіваў, прама на могілках адкаркавалі некалькі бутэлек, пакінулі напоўненую чарку і сябру. Во ўжо дзе “неўміручая” традыцыя!

(Бабей: ) “Суседзі - Тролі памерлі, няма ніводнага. То сёстры прыехалі, пахавалі. Вячэру зрабілі на могілках…”

Памінальны стол па-ранейшаму не ўявіць без гарэлкі. Між тым ні для каго не сакрэт, што менавіта яна і дапамагае большасьці мужчынам, асабліва вясковым, трапляць на могілкі раней веку. Дэмографы падлічылі: яшчэ ня сьцёрты з памяці “гарбачоўскі” наступ на п’янства зьбярог жыцьці ажно 75 тысячаў беларусаў. Але сёньня спажываньне сьпіртнога амаль удвая большае, чым напрыканцы той у цэлым няўдалай кампаніі. Невыпадкова за апошняе дзесяцігодзьдзе колькасьць хворых з упершыню ўстаноўленым дыягназам “алькагалізм і алькагольныя псыхозы” павялічылася ўдвая. Але нягледзячы на гэта на могілках льюць сьлёзы па заўчасна памерлым бацькам і адначасова падносяць чаркі іхным сынам... Сярод выключэньняў – вёска Мосар Глыбоцкага раёну. Расказвае спадарыня Соф’я:

(Соф’я: ) “Зараз ужо на пахаваньнях не ставяць гарэлкі, бо ён туды ня пойдзе. Фактычна не, толькі калі хто цішком… Фактычна жалобны стол без сьпіртнога”.

Мосарцы ня п’юць на могілках, бо баяцца Яго – тамтэйшага ксяндза спадара Булькі, якога ўсе вельмі паважаюць. Гэты чалавек – бясспрэчны аўтарытэт літаральна для кожнага жыхара з навакольных вёсак. І менавіта ксёндз распачаў некалі барацьбу са звычаем праводзіць нябожчыкаў пад добрую, як кажуць, чарку...

(Булька: ) “Не! Не, ня п’юць ні праваслаўныя, ні католікі. Не, не! 19 гадоў ужо... Гэта страшная традыцыя. Яны кажуць, гэта славянская рыса. Адкуль жа, панове, славянская? Праваслаўныя адкалоліся ад старавераў, стараверы і зараз ня п''юць! Адкуль тады славянская? Гэта апіякаў традыцыя. Выстаўляць на магілы чаркі, паліваць гарэлкай магілы – гэта дзікая традыцыя...”

Дарэчы, змагацца зь ёй можна па-рознаму. Нядаўна ЮНЭСКА ўнесла ў сьпіс сусьветнай спадчыны так званыя Вясёлыя могілкі на мяжы Румыніі з Украінай. Там усе помнікі размаляваныя яркімі ілюстрацыямі з жыцьця пахаваных. Прычым гэтыя коміксы вельмі праўдзівыя: калі чалавек быў п’яніцам – адпаведныя сюжэты, узорным сем’янінам – таксама цікавыя малюнкі. І хоць кожны раз захоўваецца абавязковая ўмова – павага да нябожчыка, кожнаму жывому больш даспадобы думка, што некалі яго будуць узгадваць без умела прыхаванай іроніі... Спадар Булька ў адрозьненьне ад румынаў не прызнае падобнай экстравагантнасьці. Ён амаль 20 гадоў паклаў на тое, каб звычайныя вясковыя могілкі ператварыліся ва ўзорныя і выхоўвалі людзей менавіта сваёй хрысьціянскай дасканаласьцю.

(Булька: ) “Дарожкі, чыста, кветкі, адгарожана кругом, каля могілак выкапаныя два вадаёмы для паліваньня кветак, ёсьць студня... Разумееце, цяпер у нас ня толькі першага-другога лістапада, але заўсёды на могілках поўна людзей. То кветкі паліваюць, то падмятаюць усё... Скамейкі ёсьць, сядзяць, размаўляюць... Могілкі – гэта выхаваньне. Выхаваньне духоўнасьці. Калі чалавек будзе так кантактаваць з памерлымі, з малых гадоў прывыкне: чалавеку будзе паміраць, перахадзіць у гэты вечны дом... І гэта вельмі ўплывае – чалавеку цяжэй піць ці красьці”.

Канечне, мосарскія могілкі – не славутыя парыскія Пер-Лашэз, заснаваныя некалі Напалеонам. Цяпер там пахаваныя 300 тысяч чалавек, шмат прадстаўнікоў багемы, што прыцягвае сюды турыстаў са ўсяго сьвету. Пер-Лашэз настолькі папулярнае месца, што нават мае свой сайт: www.pere-lachaise.com. Будзе жаданьне і магчымасьць, “зайдзіце” на яго, паглядзіце, як выглядае апошні прытулак Мальера, Бальзака, Дэлякруа, Расіні, княгіні Трубяцкой, Айсядоры Дункан, іншых славутасьцяў. Краязнавец зь Віцебшчыны Уладзімер Скрабатун, праўда, скептычна лічыць, што беларусаў гэта мала цікавіць, іх нібыта не прывабліваюць нават уласныя ўнікальныя могілкі, якім пад тысячу гадоў...

(Скрабатун: ) “Могілкі гэтыя каля станцыі Зябкі Глыбоцкага раёну. Па дарозе з Маладэчна на Полацк. І возера Доўгае там. Захаваліся цалкам. Курганы-волатыі стаяць. Потым ідзе другая частка могілак. Проста каменьне на магілах ляжыць. На некаторых сымбалі нейкія выбіты. На адным камяні выбіта свастыка. Ну а далей спускаюцца ўжо сучасныя. На адных могілках хавалі можа тысячу гадоў, цікавыя, старажытныя. Я сам быў зьдзіўлены: ня ведаю, ці ёсьць яшчэ такія на Беларусі?”

Калі пра тое ня ведае чалавек, зацікаўлены гісторыяй, што ўжо казаць пра шарагоўцаў? Між тым добра дагледжаныя могілкі могуць стаць нават прыбытковым турыстычным аб’ектам. Хоць у Мосары пахаваныя асобы зусім не нацыянальнага маштабу, аднак летам – бачыў сам – сюды бясконца пад’яжджаюць аўтобусы з падарожнікамі. Ім цікава, што можна зрабіць са звычайнымі вясковымі могілкамі? А ксёндз-пробашч Мосарскай парафіі зрабіў вельмі шмат: высадзіў з рэдкіх для тамтэйшых мясьцінаў туяў ды ялінак “алею жалобы”, паставіў шаснаццаць капліцаў, прысьвечаным пакутам Хрыста на крыжовым шляху, пабудаваў арыгінальную кампазыцыю “Хрыстос на Галгофе”, замовіў статуі “Панна Малітва” і копію славутай “П''еты” Мікэлянджэла... Вянчае ансамбаль самы высокі ў Беларусі 23-мэтровы крыж. Той, хто пабыў у Мосары, ужо ня зьмірыцца з запусьценьнем на могілках, дзе пахаваныя яго блізкія. Тым больш гэта тычыцца суседніх вёсак. Расказвае Ўладзімер Скрабатун:

(Скрабатун: ) “У глухіх вёсках, дзе жывуць праваслаўныя, сапраўды трошкі запушчаныя могілкі. Гэта як бы назіраецца. А ў каталіцкіх сельсаветах, скажам Удзелаўскім, там могілкі ўсе абсалютна чыстыя, дагледжаныя”.

Выключэньне на Глыбоччыне складаюць тыя мясьціны, дзе засталіся фактычна адны пэнсіянэры. У вёсцы Бабруйшчына, напрыклад, дзесяць гадоў таму могілкі ўтрымліваліся ва ўзорным стане. А зараз карціна іншая...

(Скрабатун: ) “Справа ў тым, што яна вымірае. Вялікія могілкі, якія зарасьлі хмызьняком, яны проста не пад сілу гэтым бабулькам ачысьціць. А там будуюцца дачы менчукоў – даволі прыстойныя. Напэўна, менскія камэрсанты”.

Старыя зьвярталіся да новых замежных суседзяў па дапамогу, аднак водгуку не знайшлі. Маўляў, гэта справа Псуеўскага сельсавету. Там у сваю чаргу апраўдваюцца адсутнасьцю грошай. Але на тле высілкаў спадара Булькі – гэта проста прымітыўнае апраўданьне. Сродкі можна знайсьці, хапіла б толькі памяці, зацікаўленасьці, энтузіязму, лічыць Міхаіл Місючэнка зь вёскі Пясочнае, што на Меншчыне.

(Місючэнка: ) “Ёдка-Наркевіч, яго маці і бацька, якія знаходзяцца цяпер у нас у Наднёмане. Раней, гадоў пяць таму, магілы былі закінутыя. А цяпер даглядаюць. Паставілі там плот, пасадзілі дрэвы на тэрыторыі панскіх могілак і абкошваюць”.

Нагадаю, слыннага беларускага навукоўца 19-га стагодзьдзя Якуба Наркевіча-Ёдку за савецкім часам ня дужа шанавалі. Магілу прафэсара, які чытаў лекцыі ва ўнівэрсытэтах Пецярбургу, Парыжу, Вены, дома фактычна зруйнавалі. Аднак жа краязнаўцы дамагліся свайго: сёньня справядлівасьць адноўленая. Дамагаюцца пераменаў да лепшага і ў іншых мясьцінах. Пра перамены на могілках у менскай вёсцы Цясноўка згадвае беларуска з Растову Алена Ігнатовіч:

(Ігнатовіч: ) “Я была тут 13 гадоў таму: ледзьве прадралася да сваіх могілак, дзе пахаваныя наш Ванечка, мама і тата... А зараз — сьветла, сьцяжынкі, цэркаўка. І магілачкі – ідзеш , і ўсё відаць...”

Паколькі спадарыня Ігнатовіч выбралася дадому спэцыяльна на Дзяды, праз шмат гадоў пасьля папярэдняга прыезду, папрасіў яе падзяліцца ўражаньнямі, так або інакш зьвязанымі з момантамі ўшанаваньня памяці нябожчыкаў. Найперш госьця з Дону адзначыла: зьнікаюць адрозьненьні паміж каталіцкімі і праваслаўнымі могілкамі – добра даглядаюцца ўжо ня толькі першыя. Па-другое, яе ўразіла мноства крыжоў, невялічкіх помнікаў і каплічак уздоўж аўтадарог, дзе здарыліся трагічныя выпадкі. Тое самае яна бачыла і ў Эўропе. А вось чым адрозьніваюцца беларусы ад сваіх заходніх суседзяў, дык гэта найперш помнікамі яшчэ жывым людзям... Тую традыцыю камэнтуе Тацяна Кірэйчык зь Нясьвіжу:

(Кірэйчык: ) “Я лічу, што загадзя рыхтавацца – ставіць помнік на дваіх – гэта ж ня па-людзку. Калі ідзеш па могілках і ўжо стаіць помнік, а не хапае аднаго мэдальёну, то гэта выглядае як вар''яцтва, ці што? Я мяркую, людзі так робяць, бо грошай няма. Дарэчы, такое становішча ў шматлікіх пэнсіянэраў. Таму яны загадзя робяць помнік, ставяць, каб затым, як памруць, менш хваляваньняў наконт грошай было”.